Яна нарадзілася ў вёсачцы Рыбчына. якой ужо няма на карце сённяшняй Вілейшчыны. І амаль кожнае лета на Сёмуху, разам з іншымі аднавяскоўцамі, едзе туды, дзе прайшло маленства, дзе кожнае дрэўца і кожны кусцік – як родныя…
Ларыса Фёдараўна Мірашнічэнка – гэта пра яе хочацца расказаць чытачам – чалавек вядомы і гараджанам, і вяскоўцам. Гэта да яе, галоўнага спецыяліста ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, штодня прыходзяць па вельмі важных пытаннях людзі, з якімі Ларыса Фёдараўна заўсёды знаходзіць агульную мову. І так на працягу трыццаці пяці гадоў, якія яна працуе ў гэтай установе.
А пачынала тады зусім маладая жанчынка, за плячыма якой быў Ільянскі тэхнікум, бухгалтарам-кантралёрам колішняга райсабеса. Так завязаўся яе, вобразна кажучы, раман в прафесіяй зусім не той, на якую вучылася. Сёння Ларыса Фёдараўна займаецца пытаннямі назначэння пенсій. А гэта справа няпростая і вельмі адказная. Людзі ж, як вядома, розныя, ёсць і такія, каму вельмі доўга даводзіцца тлумачыць, чаму трэба рабіць так, а не інакш, чаму ў суседа пенсія большая, чым у яго…
– Калі браць у цэлым, то людзі ў нас вельмі добрыя, – лічыць Ларыса Фёдараўна. – А што, здараецца, доўга тлумачыць іншаму чалавеку трэба, дык на тое мы і пастаўлены на гэтым месцы. Як бы ні было, а з любым чалавекам трэба ўмець пагаварыць, даходліва ўсё яму растлумачыць, пераканаць. Галоўнае, каб нашы наведвальнікі ўсведамлялі, што ёсць пэўныя законы, напісаныя не намі, якія мы абавязаны выконваць.
Далёка не ў кожнага з нас так складваецца, што працоўную кніжку упрыгожваюць адзін-два запісы аб месцах работы (як гэта, дарэчы, атрымалася і ў маёй гераіні). Некаторых жыццё кідае па свеце, працаваць выпадае ў розных фірмах, якія, здараецца, мяняюць «шыльды», распадаюцца. Афармляючы пенсію, чалавек сутыкаецца з пэўнымі праблемамі.
– Па-рознаму бывае, – пацвярджае Ларыса Фёдараўна. – Не толькі ў сваёй краіне даводзіцца шукаць арганізацыі, але нават і за мяжу запыты пасылаць. Найчасцей ва Украіну, у Расію… Вось і зараз накіроўваю запыт…
Яна паказвае на манітор, дзе высвечваецца няблізкі замежны адрас.
У гэтыя дні Ларыса Фёдараўна жыве радасным прадчуваннем сустрэчы: з дня на дзень чакаюць яны з мужам, Анатолем Пятровічам, прыезду сямейства старэйшай дачкі, Людмілы. Выйшаўшы ў свой час замуж за ваеннага, яна паехала далёка ад роднага дома, аж у Ніжні Ноўгарад, таму да бацькоў выбіраецца раз у год, улетку. А вось малодшая дачка Мірашнічэнкаў, Тамара, жыве ў Гродна, таму ёй выпадае прыязджаць часцей.
– У нас з мужам тры ўнучыкі, – дзеліцца Ларыса Фёдараўна, – любімыя нашы хлопчыкі… Так прыемна бавіць з імі час, радаваць любімымі іх стравамі…
Унукі любяць адпачываць у бабулі з дзядулем. Тут, на прыродзе (а жывуць Мірашнічэнкі ў Макаўі) так хораша А самае цікавае, што на падворку ёсць розная жыўнасць: і кабанчык, і куры, і трусы, і індакачкі… Для гарадскіх дзяцей назіраць і даглядаць іх – і карысная справа, і забава.
Калі рыхтавала гэты матэрыял, гутарыла і з начальствам Ларысы Фёдараўны, і з калегамі, і з наведвальнікамі, думка якіх, лічу, самая аб’ектыўная. Пачула і аб прафесіяналізме Мірашнічэнка, і аб бездакорнай працы і патрабавальнасці, у першую чаргу, да сябе; і аб высокіх чалавечых якасцях. І гэта, падумалася, самае галоўнае. Бо якая можа быць вышэйшая пахвала чалавеку ў кабінеце, як не гэта, пачутая ад простай наведвальніцы:
– Да вас заходжу без страху і хвалявання, як да добрай знаёмай…
Такой пахвалы трэба заслужыць.
Ірына БУДЗЬКО
На здымку: галоўны спецыяліст упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Ларыса Мірашнічэнка.
Фота аўтара
«… А людзі ў нас вельмі добрыя»
Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов


