Мая вёсачка, у якой цяпер застаўся нейкі дзясятак жылых хат, некалі была буйным населеным пунктам. І парадак у ім падтрымлівалі мы ўсе разам – і дзеці, і дарослыя. Падуладныя прыроднаму інстынкту, уласціваму ўсякай жывой істоце, вяскоўцы ўладкоўвалі акаляючае асяроддзе ў адпаведнасці са сваім уяўленнем аб прыгажосці і мэтазгоднасці. Колькі сябе памятаю, рэалізацыя абодвух гэтых паняццяў ніколі не прыводзіла да антаганістычных праяў. Калі бялілі сады – белыя свечкі яшчэ аголеных ствалоў свяціліся на тыльных баках сядзіб, гарманіруючы з пярэстай карой акаляючых бяроз. Абараняючы пладовыя дрэвы ад шкоднікаў, селянін тым часам ствараў прыгажосць, якая колькі часу радавала вока, трымаючыся да першых майскіх ліўняў.
А надыходзіў май… Пра май – маё асобнае слова. Ля гонкага ствала старой елкі, якая памятае маіх продкаў, пэўна, нейдзе у трэцім калене, на крыжы, вырабленым маім дзедам, вяскоўцы прыладзілі маленькую каплічку з выяваю Маткі Боскай. Ля абраза заўсёды кусціліся жывыя кветкі. Пачынаючы ад першых лясных пралесак і заканчваючы познімі вяргінямі, якія барвовым колерам палымнелі ў гародчыках, адлюстроўваючыся ў шыбах вясковых хат. Каля каплічкі цэлы месяц гучалі так званыя «маёвыя» спевы. І мы, малыя, заварожана слухалі іх, заахвочаныя сваімі набожнымі бабулямі, і пачыналі нясмела падпяваць, не унікаючы яшчэ ў сэнс незразумелых слоў, якія гучалі тады на польскай мове. Так натуральна, без сумных павучанняў, што сапраўды выклікаюць у дзяцей зразумелую рэакцыю непрыняцця, нам прывівалася адчуванне прыгажосці асяроддзя, культуры, вера ў Боскі пачатак і жаданне спасцігнуць ісціну сусветнай гармоніі.
Да вербнай нядзелі, калі яна прыпадала не на разводдзе, усе вуліцы былі падмецены, шалёўкі ачышчаны ад павуціны і пафарбаваны, сады пабелены. І на вокнах ззялі першастворанай чысцінёй мярэжкавыя крахмальныя фіранкі.
Не памятаю, каб хтосьці з мясцовых улад падахвочваў людзей да гэтай справы.
…Утрыманства – зараза, якая глыбока ўкараняецца ў чалавечую свядомасць. Раблю вывад, прымаючы тэлефонныя званкі ў рэдакцыю і спрабуючы наладжваць дыскусіі з нябачнымі апанентамі. А праходзяць яны, як правіла, у трафарэтным рэчышчы.
– У маёй мамы, яна пражывае ў вёсцы адна, заваліўся плот. (Варыянтаў можа быць некалькі – замест плоту фігурыруюць комін, страха, хлеў…). Колькі разоў тэлефанаваў у сельвыканкам – безвынікова.
– А Вы, прабачце, не спрабавалі самі гэтым заняцца?
– Чаму я? Маці – ветэран працы. Жыццё калгасу аддала. Абавязаны памагаць.
Дзіўна, але прыводзіць аргументы наконт чалавечага сумлення і сыноўняга абавязку зусім не хочацца. На тым канцы провада цябе проста не зразумеюць.
…Нядаўна была ў вёсцы. Цётка Вера вярнулася з гораду ад дзяцей. Там яна правяла сёлетнюю зіму. Па неасцярожнасці летась зламала нагу. І ступае цяпер асцярожна, адчуваючы боль у месцы пералому. Дык вось цётка Вера сноўдалася па двары з венікам, падмятаючы леташняе лісце. Затым адчыніла весніцы і імпэтна, забыўшыся на ўзрост, замахала граблямі. Свежай травой закусціўся ўзмежак, агаліўся стары брук, па якому цяпер мала хто ездзіць. Але – чыста…
Марыя КУЗАЎКІНА
Красавіцкая настальгія
Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов