Дзіўная сёлета атрымалася масленіца. Бо яшчэ ў лютым лагодныя паўднёвыя вятры прынеслі на нашу зямельку Вясну. І закруцілася юнае дзяўчо па лугах ды палетках, агаляючы свежыя ўсходы, якім бы яшчэ млець ды песціцца пад снегавой коўдрай. Волі Боскай, а не чалавечай, падуладны таямнічы каляндар прыроды, на якім яна і пакідае толькі ёй вядомыя знакі.
Само паняцце «масленіца» мы атаясамляем з народнымі абрадавымі гуляннямі, са святамі, што прыпадаюць на час перад вялікім пастом. Камусьці бачацца ў ім хрысціянскія высновы, хтосьці суадносіць масленіцу з часамі язычніцтва. Некаторыя слоўнікі трактуюць паняцце як тыдзень, калі царква не дазваляе спажыванне мяса, а вось малочныя прадукты, яйкі маюць права ўваходзіць у штодзённае меню хрысціяніна. У старажытных славян, ёсць і такая трактоўка, масленіца – гэта свята, прысвечанае провадам зімы. У ёй ярка выражаны рысы культу нашых далёкіх продкаў. Звычайна, мы акумулюем усе гэтыя вызначэнні, ствараючы нейкі сімбіёз, складзены з рэлігійных, а больш – фальклорных пачаткаў. А святкуем – з блінамі, катаннем на санках, спевамі – атрыбутамі, уласцівымі нашаму гасціннаму славянскаму менталітэту.
Філосафы праваслаўнай царквы падкрэсліваюць, што радасць у дні масленіцы не павінна мець хрысціянскіх матываў. Бо прычына радасці хрысціяніна ў гэты час не ў тым, што заканчваецца зіма і наступае вясна, а ў роздуме аб устанаўленні ў свеце Боскай праўды, заснаванай на гуманістычных пачатках.
Супадзенне рэлігійных і фальклорных матываў – з’ява не такая ўжо рэдкая. Дахрысціянская абраднасць існавала даволі доўга на землях старажытнай Русі. І, відавочна, трывала абаснавалася ў геннай свядомасці сучаснага чалавека, ператварыўшы абрад у свайго роду дзіцячую гульню, казку, дзе ў стане саперніцтва – сілы дабра і зла. Прыблізна па такому сцэнарыю праходзяць у нас масленічныя гулянні.
І ўсё ж давайце не забываць, што на тым тыдні пачынаецца Вялікі пост, у які хрысціяне павінны ўступіць з чыстымі сэрцамі, ахопленымі самай шчырай і непаказной, наканаванай Хрыстом, любоўю да бліжняга. Даруем адзін аднаму ўсе непаразуменні, якія звычайна ўзнікаюць паміж смяротнымі,і будзем прасіць ва Усявышняга спакою і міру. Іх сёння так не хапае на нашай грэшнай зямлі.
Марыя КУЗАЎКІНА.
Масленічны матыў
Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов