Шлях Перамогі

Вилейская районная газета – свежие и интересные новости

Што пасееш…

З якой толькі нагоды людзі ні звяртаюцца ў рэдакцыю! Стала звыклым выслухоўваць нараканні за, як людзям здаецца, недапрацоўкі тых ці іншых службаў. Хоць, калі ва ўсім разабрацца, дык і абвінавачваць іншы раз тых няма за што… Як бы там ні было, а выслухоўваем, раім, шукаем адказы.
Зварот зусім іншага кшталту паступіў ад Галіны Максімовіч, якая прадставілася коратка: пенсіянерка. Як нярэдка бывае, жанчына проста хацела паразважаць. На вельмі важную тэму выхавання.
– Учора ехала ад урача, – пачала яна свой аповед. – Нядаўна перахварэла, тры тыдні лячылася ў бальніцы, а цяпер вось яшчэ езджу на працэдуры. Самі ўяўляеце, як нялёгка немаладому чалавеку ды пасля хваробы… Дык вось зайшла ў аўтобус, ледзь дыхаю, ногі падкошваюцца. Усе сядзенні занятыя, звыкла разваліліся нашы самыя «нямоглыя» – школьнікі. І ніхто не падняўся, не ўступіў месца! Тады ўжо не стрымалася, папрасіла ў аднаго хлапчука ўступіць мне месца. Не з вялікай ахвотай устаў, а тут яшчэ адна з пасажырак пашкадавала яго, маўляў, ім, дзеткам нашым, цяпер так цяжка, такія да іх патрабаванні. А вось пенсіянерам, дадала, няма чаго без прычыны ездзіць, сядзелі б дома… Да слёз крыўдна за такое, таму і не стрымалася, вельмі рэзка адказала той шкадавальшчыцы. Калі ж выходзіла з аўтобуса, дык тыя «нямоглыя» дзеткі так піхалі ў плечы, што ледзь не ўпала. Мне здалося, што рабілі гэта наўмысна.
Пытанні выхавання хвалявалі і хвалююць заўсёды. І што наракаць на дзяцей, калі і мы, дарослыя, паводзім сябе ў жыцці па-рознаму, дэманструючы тым самым такія ўрокі хлапчукам і дзяўчынкам! Вось і жанчына, што так «шкадуе» стомленых школьнікаў і са злосцю абрушваецца на пенсіянераў, мусіць, не думае, што хутка (а час так ляціць!) і сама папоўніць рады апошніх. Якіх адносінаў да сябе будзе чакаць?
Нашы дзеці. Што б і хто пра іх ні гаварыў, якія б ім ацэнкі ні даваў, а выхоўваем іх мы самі. Сваімі мудрымі парадамі, разумнай патрабавальнасцю і, галоўнае, уласным прыкладам. І як гэта робіцца, так, прабачце, і атрымліваецца…
Чамусьці прыпомнілася зусім нядаўняе. Пасля цудоўнай праграмы «Святло Нараджэння Хрыстовага» (на якой прысутнічала мноства віляйчан самых розных узростаў, і зала Палаца культуры нават не магла змясціць усіх жадаючых) выйшла ў гардэроб. Зірнула – і прыемна здзівілася: ні табе звыклай таўкатні, ні гоману. Усё было спакойна, ветліва, з павагай адно да аднаго, са святлом дабрыні ў людскіх вачах. Чаму гэта прыгадалася? Падумайце…
Ірына БУДЗЬКО

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 46 queries