Шлях Перамогі

Вилейская районная газета – свежие и интересные новости

Нашу ў душы святое

Мне нязвыкла і зусім незразумела, калі даводзіцца чуць пра ціхія (а часам і не) «войны» паміж маці і дочкамі. А такое бывае. І некаторыя ўспрымаюць гэта як належнае, маўляў, адвечная праблема бацькоў і дзяцей. Мне, мусіць, пашанцавала, бо ніколі ў жыцці не было падстаў спрачацца з мамай. І таму, што такога нават і не ўяўляю; і таму, што ніколі мама не дакучала ментарскімі павучаннямі, не апускалася да крыку, прыніжэння, абразы – у яе, простай сялянкі, прыроджаныя пачуцці такту і павагі да людзей. А як выхоўвала? Проста – сваім жыццём, дастойнымі паводзінамі і ў сям’і, і з іншымі людзьмі.
На долю маёй мамы выпала столькі цяжкасцяў! У дзевяць гадоў засталася без маці, цяжка працавала з самага дзяцінства. Як, урэшце, і большасць з сірот. Яе пакаленню выпала і бясплатная праца ў калгасе, і пошукі лепшай долі па свеце (у нас гэта называлі паездкамі на вярбоўку)… Некаторыя, аднойчы з’ехаўшы, так і асталяваліся ў чужых далёкіх гарадах, мае ж бацькі не змаглі жыць на чужыне і вярнуліся дамоў з маленькім дзіцём на руках. Вярнуліся, каб жыць сярод сваіх людзей, на зямлі бацькоў.
Гавару пра маму, і перада мной, нібыта кінастужка, пралятае яе жыццё… На вельмі рэдкіх кадрах бачу маму ў хвіліны адпачынку – яна ўсё ў працы: то на калгасных палетках, то на ферме, то на сваім агародзе і «сотках», то з кароўкаю на аселіцы… Адпачынкам жа для яе лічылася і лічыцца, калі ўлетку адпраўляецца ў ягады ці грыбы, збірае лекавыя траўкі, парадкуе садавіну ці гародніну. Гэтак і цяпер, у сваім паважаным узросце. А самым любімым заняткам было ўзяць у рукі духоўную кніжачку і чытаць, чытаць… Дзякаваць Богу, цяпер для гэтай справы часу ў мамы хапае.
Так атрымалася, што прыгожае свята – Дзень маці – для мяне двайное: якраз у гэтыя дні ў маёй мамы дзень нараджэння. Сёлета яна адзначае 80-годдзе. Напісала і тут жа захацела выправіць памылку – юбілей адзначаем усе мы, яе дзеці. І няхай не ўсе збяромся, каб павіншаваць (на жаль, нас раздзяляюць тысячы кіламетраў), аднак мама ведае: сэрцам кожны з нас з ёй. Нават самы малодшы, які зараз у далёкім плаванні.
Ёсць у мяне любімы верш Барадуліна, радкі з якога не раз паўтараю ў думках. «Бога і маму ў душы нашу…» – напісаў паэт. Я нашу таксама.
Ірына БУДЗЬКО

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 27 queries