Ліст, падпісаны дзясяткамі жыхароў аграгарадка Шылавічы, у рэдакцыю асабіста прывезла стараста гэтага населенага пункта Людміла Палянская. Чалавека нераўнадушнага, неабыякавага да таго, як і чым жыве яе родная мясціна – Шылавічы, Людмілу Мікітаўну непакоіць тая ж праблема, што і ўсіх тых, хто падпісаў пісьмо ў рэдакцыю. А напісана ў ім наступнае: «Мы, жыхары аграгарадка Шылавічы, абураны ў сувязі з закрыццём магазіна №4 гандлёвага прадпрыемства «Сунічка гандаль», які так неабходны жыхарам аграгарадка. Прычына закрыцця – адсутнасць кадраў для работы. Магазін наш пабудаваны даўно, але неаднаразова дабудоўваўся, расшыраўся, добраўпарадкоўваўся. Пасля ўсіх рэканструкцый у нас можа быць міні-гандлёвы цэнтр, а на справе атрымліваецца, што магазін і ўвогуле зачынены. З такімі адносінамі пабудова гандлёвага пункта хутка прыйдзе ў непрыгоднасць, як гэта адбылося з іншымі пабудовамі, напрыклад, грамадскай лазняй, будынкам канторы райаграсэрвісу. Просім разабрацца ў сітуацыі, што склалася, і пасадзейнічаць адкрыццю ў нашым аграгарадку магазіна». І далей – больш за сем дзясяткаў подпісаў.
Зацікавіўшыся, чаму ў аграгарадку, дзе жыве болей за шэсцьсот чалавек, зачынілі магазін, я вырашыла шукаць адказ у кампетэнтных людзей. Звярнулася да дырэктара гандлёвага прадпрыемства «Сунічка гандаль» Галіны Літвіновіч. Вось што яна растлумачыла:
– Хачу супакоіць жыхароў аграгарадка Шылавічы: магазін не працуе часова. Справа ў тым, што мы падбіралі кадры для работы. Людзі знойдзены, праходзяць навучанне і недзе праз месяц магазін адкрыецца.
Як кажуць, коратка і зразумела. Так што набярыцеся крышку цярпення, паважаныя жыхары Шылавічаў, і пачакайце.
Ірына БУДЗЬКО








