Не аднойчы радавалі патэнцыяльных спажыўцоў калекцыяй сваіх эксклюзіўных вырабаў працаўнікі вілейскага раённага камбіната бытавога абслугоўвання. Практычна, ні адзін форум у раёне не абыходзіцца без прэзентацыі ўзораў швейнай і трыкатажнай прадукцыі нашых бытавікоў. На гэты раз маштабы іх кантактаў са спажыўцамі пашырыліся далёка за межы вілейскага рэгіёна. Рэспубліканскі фестываль-кірмаш «Дажынкі-2013» прымаў вілейскіх вытворцаў, па вартасці ацэньваючы іх майстэрства і прафесіяналізм. Не толькі наш край, але і ўсю Міншчыну выпаў гонар прадставіць на рэспубліканскім свяце нашым землякам.
– Гэта было цудоўнае відовішча, радаснае, маштабнае, – дзелячыся ўражаннямі, не хавае сваіх эмоцый кіраўнік РКБА Аляксандра Салава. – Нашаму павільёну адвялі месца побач з цэнтральнай плошчай, дзе адбываліся ўсе кульмінацыйныя моманты кірмашу: гучала выступленне Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, праходзіў святочны канцэрт, адкуль, бы веснія ручайкі, расцякаліся па святочна-абноўленаму Жлобіну, патокі людской весялосці з нагоды вялікай народнай урачыстасці.
Яна не першы год ускалыхвае беларускую зямлю развітальнай песняй жніва, дзея якога паўтараецца ў бясконцым калавароце прыродных з’яў, несучы хлебаробу дабрабыт і задаволенасць вынікамі сваёй працы. Акумулюе гэты напал станоўчых эмоцый хлебны каравай, вакол якога і месціцца багатая, разнаколерная атрыбутыка дажынак.
У антураж жніўнага свята каларытна ўпісалася кампазіцыя, зваяная рукамі вілейскіх майстроў. Аздобіць павільён бытавікам дапамаглі сваімі ўражальнымі экспанатамі цэнтр эстэтычнага выхавання, раённы Дом рамёстваў, вілейскі філіял Маладзечанскага малочнага камбіната, хлебазавод. У цэнтры кампазіцыі, безумоўна размясціліся вырабы нашых бытавікоў – дэмісезонныя жаночыя паліто, пашытыя з нашых беларускіх тканін, аздобленыя айчыннай фурнітурай, якія вытворцы прапаноўвалі па таннай цане. Апошняя акалічнасць, заўважае Аляксандра Генадзьеўна – даніна павагі нялёгкай хлебаробскай працы, паклон рупліўцам хлебнай нівы, для якіх і ладзілася свята. Арыенцір на айчыннага пастаўшчыка тканіны і фурнітуры – гэта тая фішка, якой і адметныя вілейскія бытавікі. Ёю і абумоўлены іх удзел у дажынках.
– Прыміце жніўны каравай – ад вельмі светлага, вельмі чыстага кутка Беларусі – Міншчыны. Часцінку свайго сэрца ўклалі ў яго хлебаробы, плён працавітых рук, – не без хвалявання вымавіла гэтыя словы кіраўнік службы быту Вілейшчыны, уручаючы хлеб-соль міністру гандлю Рэспублікі Беларусь Валянціну Чэканаву, які па вартасці ацаніў старанне вілейскіх майстроў. Тым больш, што вырашана яно было ў кантэксце пажадання кіраўніка дзяржавы. Ім Аляксандр Лукашэнка падзяліўся падчас адказу на пытанні прадстаўнікоў сродкаў масавай інфармацыі, ужо пасля свайго прывітальнага слова ўдзельнікам свята. «Па мойму, нашы нядрэнна сёння гандлююць і вырабляюць, і можна нармальна адзецца», – сказаў Прэзідэнт.
Нашы бытавікі распрадалі на кірмашы ўвесь свой тавар і вярнуліся з афіцыйнай ўдзячнасцю, выказанай у іх адрас Міністрам гандлю Рэспублікі Беларусь. І ўсё гэта – красамоўны доказ у падтрымку меркавання, выказанага кіраўніком дзяржавы.
Марыя КУЗАЎКІНА
Нашы бытавікі распрадалі на дажынках увесь свой тавар і вярнуліся з афіцыйнай ўдзячнасцю
Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов



