«Не прадавайце дом бацькоў, хоць будуць цяжкасці любыя… Вас не ўратуюць грошы тыя» – гэтыя радкі мала каго пакінуць раўнадушнымі. Дзякуючы старшыні Даўгінаўскага сельскага Савета Маліноўскаму Аляксандру Мікалаевічу і дырэктару філіяла «Бубны» УП «Мінгаз» Яцкевічу Эдуарду Мечыслававічу, так званыя «пакінутыя хаты» на вачах набываюць прывабны выгляд.
Цэнтральная вуліца ў вёсцы Бубны налічвае 79 двароў, многія ўжо страцілі сваіх гаспадароў. Але іх дзеці, якія жывуць у гарадах, кожныя выхадныя стараюцца прыехаць у свае родныя гнёзды, каб навесці парадак, пасадзіць гародніну.
Юлія Ясюковіч з сям’ёй мае кватэру ў Мінску, але цэлае лета з унукамі не вылазіць з агарода, дзе вырошчвае гародніну, кветкі, як і даўней было ў бацькоў. Праз хату жыве са сваім Пятровічам Яніна Трыпуцень. Жыве тут ад ранняй вясны да зімніх халадоў, яны даглядаюць сваю невялікую гаспадарку: куры, кот, сабачка. Цэлае лета – то агарод, то ягады, то грыбы. Няма калі думаць пра адпачынак.
Анатоль Сазановіч стварыў свой дызайн: лазня, зборная цяпліца, камяні ў двары, агарод, кветкі (заслуга гаспадыні) – вось што вабіць з гарадской кватэры ў Мінску.
Маладая сям’я Дзмітрый і Ганна Варонькі не захацелі чакаць чаргі на атрыманне жылля ў філіяле, а з энтузіязмам узяліся за аднаўленне дзедаўскай сялібы і гэта ім удалося: мноства кветак розных гатункаў, парнік са старых вокнаў, вялікі агарод цешаць вока многіх, хто праходзіць альбо праязджае міма хаты.
Валянціна Асаёнак з сям’ёй узяліся за аднаўленне старой хаты не на жарт: новы дах, новая агароджа з металапрофілю. Кожныя выхадныя кіпіць праца, прыемна што і старэйшыя, і маладзейшыя члены сям’і працуюць з ахвотай.
На дваіх дзеляць бацькоўскае гняздо Ніна Кукрэш і Зінаіда Паўлоўская з сем’ямі, стараюцца усе, хто на што здатны: муж Зінаіды – Станіслаў, і сталяр, і цясляр, і пячнік. Са старога будынку зрабіў такую лазню, што душа радуецца. Самі мыюцца і суседзяў запрашаюць. Агароджа новая, брама новая, канёк на даху зіхаціць прывабным бляскам. Сёстры стараюцца выкарыстаць кожны кавалачак зямлі, каб не пуставала.
Самыя «багатыя» лічацца маладзечанцы Таісія і Эдуард Сабачэўскія, якія ў вёсцы маюць ажно дзве хаты (абое нарадзіліся ў Бубнах). Людзі працавітыя, з маленства стараюцца навесці парадак у абодвух будынках.
Таццяна Лазар з мужам і дачкой аблюбавалі месца і асталяваліся ў дзедавай і бабінай хаце, дзе кожныя выхадныя і водпуск пасля мінскай мітусні праводзяць у вёсцы, дапамагаюць бацькам па гаспадарцы.
Зусім старэнькую хату з забітымі крыж-накрыж вокнамі аднавілі Мікалай Перхуровіч з жонкай Алай.
Не забываюцца пра свае сялібы ў вёсцы віляйчанка Таццяна Васькевіч і мінчанін Станіслаў Адамовіч з сем’ямі.
Самі даўно пенсіянеры Сцяпан Сідаравіч і Яніна Піліпаўна Зайцы, усё лета праводзяць наводшыбе вёскі ў сваёй невялічкай утульнай хатцы, пакінуўшы кватэру ў Мінску. І агарод вялікі,і бульбачка за хатай, куды прыходзяць нават дзікі паласавацца.
Як у вялікай сям’і ў вёсцы ў суботу працуюць да поту, потым,як па даўнейшаму звычаю,мыюцца ў лазні,і амаль з кожнага двара разносіцца пах шашлыкоў (ужо па новай традыцыі).
Калі прайсціся па вуліцы ў выхадныя, то радуе, што свеціцца ў хатах кожнае акенца. Цепліцца жыццё, вёска жыве. Дзякуй Богу, што дзеці не забываюць тое месца, дзе, як кажуць, зарыты пупок.
Галіна Перхуровіч, мясцовая жыхарка
Не прадавайце дом бацькоў…
Visited 49 times, 1 visit(s) today
Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ








