Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

З часоў жытняга жніва

Дажынкі святкуюць тады, калі збожжа ў засеках. Калі спечаны з яго першы каравай – красамоўны доказ таго, што жніво адбылося, адзвінела, адгуло, пакінуўшы пасля сябе доўгае рэха, якому гучаць над полем да наступнай жніўнай пары.
Сёлета рэспубліканскі фестываль-кірмаш «Дажынкі-2013» прымае Жлобін. Лепшыя хлебаробы краіны ўшаноўваюцца на свяце, якому папярэднічаў складаны земляробчы год. У ім было ўсё. Прырода поўнымі прыгоршчамі адмерыла хлебаробу спёку і холад, слоту і засуху, выпрабоўваючы на трываласць яго грамадзянскую і працоўную годнасць. Дажынкі – своеасаблівы брэнд Беларусі. Абрадавая цырымонія завяршэння жніва мае глыбокія карані і бярэ пачатак яшчэ з часоў паганства. Узвёў яе ў ранг дзяржаўнага свята Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь, акцэнтаваўшы тым самым увагу на хлебе і яго вытворцах, зямлі, як пачатку ўсяго існага на гэтым свеце.
Людзі майго пакалення, у каго сялянскія карані, яшчэ памятаюць жнеек, якія з нагоды пачатку жніва апраналіся, бы на гадавое свята, зажыналі кожны сваю дзялку. І толькі сярпы мільгалі за густой сцяной жытоў ды светлыя хусцінкі, канцамі якіх жанкі раз-пораз змахвалі з веек кроплі густога, салёнага поту. Хтосьці з нас, малечы, намерыўшыся дапамагчы маці, знянацку паласне, бывала, па пальцах сярпом, сведчаннем кроўнай еднасці з зямелькай капнуць на ржышча чырвоныя кроплі і доўга пасля пісяг на мізінцы будзе нагадваць пра маці, бацькоўскую хату і жытнія мэндлікі на зжатым іржэўніку.
Тыя руплівыя жнейкі сыходзяць у вечнасць, знаходзячы апошні прытулак на вясковым могільніку. І ніколі ўжо не загучыць над полем жніўная песня. Не пачуеш, як жанкі, абступіўшы калодзежны журавель, успамінаюць нейкую прыкметную падзею колішняга вясковага жыцця, датасоўваючы яе да «жытняга жніва». А гучала яшчэ і такое: «Калі аўсы жалі…» Філалагічна адукаваная асоба ўгледзіць у гэтых выразах моўную нязграбнасць. А вясковец укладваў у іх лінгвістычны вопыт продкаў, іх шматгадовыя назіранні над рэчаіснасцю, замацаваныя жыццёвай практыкай. Жытняе жніва – гэта, напрыклад, пэўны перыяд у збожжаўборачнай кампаніі, час, калі жнуць менавіта жыта.
Вясковыя дыялекты тым і каларытныя, што ўвабралі ў сябе часцінку акаляючага жыцця. Яны, як галінкі магутнага дрэва,падсілкаваныя невычэрпнымі сокамі зямлі.
…У новай сёння якасці гудуць дажынкі. Як важна, што начале ўсёй іх абноўленай часам атрыбутыкі – жніўны сноп. Спавіты перавяслам, у разнаколерных стужках, сімвалам нашай памяці, вернасці зямлі і народжаным ёю традыцыям, ён прыходзіць на свята з таго самага жытняга жніва. Вечнае над зямлёю сонца. І вечны выпеставаны ім і чалавечымі рукамі хлеб.
Марыя КУЗАЎКІНА

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 127 queries