Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Первый звонок в д.Долгиново

Асаблівы каларыт Дню ведаў надае восень. Ласкавая і цёплая, яна пушыстым жоўтым кацянём прытулілася на кветкавых клумбах, клапатліва дагледжаных і сфарміраваных не без удзелу школьнага біёлага. На гэтыя думкі наводзіць арыгінальны дызайн тэрыторыі, прылеглай да Даўгінаўскай школы. Немалы па памеру двор – яшчэ адзін клопат дырэктара навучальнай установы Івана Навуменкі.

– Магу кавалак у арэнду даць, – жартаўліва-сур’ёзна звяртаецца ён да кіраўніка мясцовага акцыянернага таварыства Сяргея Глінскіх – аднаго з ганаровых гасцей урачыстасці. На лінейку, прысвечаную першавераснёўскаму святу, запрошаны старшыня райвыканкама Яўген Сініла, старшыня Даўгінаўскага сельвыканкама Аляксандр Маліноўскі. І інспектар дарожна-патрульнай службы Ягор Кузьмічоў скарыстаўся выпадкам, каб яшчэ раз нагадаць няўрымслівым і свавольным насельнікам дома пад назваю «школа» правілы паводзінаў на вуліцы, у час падарожжа да светлай краіны ведаў. Каб яно было напоўнена сапраўды толькі станоўчымі эмоцыямі. Уражлівасць моманту – у яго ўрачыстаці. Яна адбіваецца на тварах прысутных з першымі гукамі Гімна Рэспублікі Беларусь. Узняты Дзяржаўны Сцяг. Высокі духоўна-маральны сэнс у гэтых сімвалічных атрыбутах нашай краіны. Пройдуць гады – і менавіта з імі ўспаміны пра школу знітуюцца ў свядомасці яе выпускнікоў. А яшчэ – з заклапочанымі тварамі любімых настаўнікаў, з якімі ніколі не губляецца духоўная сувязь. Ёсць на зямлі святыя паняцці, якія па сваёй маральнай значымасці могуць быць занесены ў адзін сінанімічны рад: бацькі, Радзіма, родны дом, школьны званок, настаўнік… Яны прывязваюць чалавека да мясцін, дзе нарадзіўся, дзе вымавіў першае слова, дзе паслаў Небу самую шчырую і даверлівую дзіцячую малітву.
Слынная даўгінаўская зямля. Яе аўра напоўнена чыстым святлом імён, занатаваных у памяці нашчадкаў. Хтосьці адыйшоў у вечнасць, хтосьці працягвае выконваць сваю чалавечую місію на гэтай зямлі, служыць ёй, як служаць Усявышняму ў двух храмах мястэчка – праваслаўным і каталіцкім. Высокая Вера таксама згуртоўвае людзей у імя іх яднання вакол высакародных ідэй і памкненняў, гняздоўем якіх з’яўляецца ў тым ліку і школьны дом.
Каля 60-ці мільёнаў рублёў выдаткавана сёлета на падрыхтоўку школы да новага навучальнага года, – канстатуе дырэктар Іван Навуменка. За парты сядуць 200 навучэнцаў. Для некаторых з іх гэта будзе апошні школьны год. У школе ўводзіцца профільная адукацыя. Яна будзе мець фізіка-матэматычны накірунак. І гэта адна з галоўных навацый сёлетняга навучальнага года.
Выпускнікі Даўгінаўскай школы выбіраюць прафесіі, запатрабаваныя грамадствам, – далей канкрэтызуе канву свайго выступлення дырэктар. З мінулага выпуску трое паступілі ў інстытут інфарматыкі і электронікі, двое – у Акадэмію МУС. Выпускнікі яе папоўнілі студэнцкія рады эканамічнага і медыцынскага ўніверсітэтаў, БДУ – вядучага ВНУ краіны.
У таленавітых педагогаў – таленавітыя вучні. Гэта аксіёма. Такім сцвярджэннем дырэктар ацэньвае прафесіянальны статус сваіх калег. А Яўген Сініла, кіраўнік раённай выканаўчай улады, не хавае задаволенасці ад напоўненасці школы: 200 вучняў – гэта выдатна. У раёне ёсць і вельмі маленькія па колькасці вучняў навучальныя ўстановы….
І тым не менш на падрыхтоўку і вялікіх, і малых школ да новага навучальнага года раённы бюджэт выдаткаваў 2 мільярды рублёў. Каб кабінеты былі ўтульныя, аснашчаныя сучаснымі інфармацыйнымі матэрыяламі і камп’ютарамі, каб само школьнае асяроддзе схіляла да творчай працы над вучэбным матэрыялам.
Першае верасня – час зычэнняў і падарункаў. Іх і ўручаюць школе ганаровыя госці.
– На парозе – святочная восень. Лісце віншаванні разносіць, – вяртае прысутных на лірычную хвалю вядучая, намеснік дырэктара школы па выхаваўчай рабоце Наталля Пташнік. І гучаць цёплыя словы ў адрас настаўнікаў. Цяперашніх і былых. Ды і хіба можа мець гэта прафесія мінулы час? Педагог – гэта лад жыцця, настрой думак і стан вечнай трывогі. За вучняў, іх сённяшні і заўтрашні дзень. Іх лёсы, што ствараюць будучае краіны.
Марыя КУЗАЎКІНА. Фота аўтара.

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 172 queries