Цёплымі летнімі вечарамі Антон Спірыдонавіч любіць пасядзець у двары. Думаецца ветэрану пра рознае. Узгадваецца, як працаваў у саўгасе «Любань», якім кіраваў вядомы не толькі ў нашым раёне дырэктар Яўген Мірановіч; як з жонкай, Янінай Іванаўнай, гадавалі і вучылі дачок, а затым аддавалі замуж, цешыліся ўнукамі, а цяпер вось і праўнукамі; як цяжка захварэла жонка і яе ўзяла да сябе малодшая дачка Антаніна. Яе сям’я жыве зусім недалёка ад яго роднага Бутрымава – у Снежкава, і Антон Спірыдонавіч яшчэ да нядаўняга часу часцяком наведваўся да дачкі на веласіпедзе. А цяпер не ездзіць – вельмі разбалеліся ногі, таму Тоня штодня заязджае да бацькі сама. Прыбярэцца ў доме, навядзе парадак у агародзе, прывязе свежапрыгатаванай стравы. Не раз угаворвала яна Антона Спірыдонавіча перабрацца да яе – так было б зручней ім усім, ды той наадрэз адмаўляецца: як гэта, маўляў, пакінуць сваю хату, сваю сялібу, дзе ўсё зроблена, даведзена да ладу сваімі рукамі? Таму і стараецца, не зважаючы на боль, расходжвацца, нешта рабіць на падворку: то ў агародчыку не-не ды і вырве травінку, то возьме ў рукі касу ды абкосіць траву. І нібыта скідае дзядуля з плячэй пражытыя гады, нібы зноў вяртаецца ў сваю баявую маладосць.
Васямнаццацігадовым юнаком Антон трапіў на фронт. Яму выпала быць заражаючым у мінамётнай часці. У адным з баёў снарад разарваўся зусім побач, аднак хлопец уцалеў, толькі перапонку ў вуху пашходзіла. З таго часу ў Антона Спірыдонавіча праблема са слыхам. Ды дробязь гэту ў параўнанні з тым, што перажылі ў тую страшную вайну іншыя… Ён бачыў, як гінулі ў баях такія ж маладзенькія салдаты, як, падымаючы ў атаку падначаленых, лейтэнант хрысціўся. І гэта ў той час, калі пра веру нават і не гаварылі…
– А я таксама заўсёды ў цяжкія хвіліны звяртаўся ў думках да Усявышняга, – расказвае Антон Спірыдонавіч. – І перахрысціцца не забываўся. Магчыма, гэта і дапамагло выжыць, калі ў двух кроках ад мяне ўпаў снарад. І не разарваўся. Значыць, было наканавана жыць.
Ветэран дастаў з шафы беражліва складзены пакуначак. У ім – баявыя ўзнагароды франтавіка, усе дакументы з ужо пасляваеннага жыцця. Усё гэта – вехі яго сумленнага жыцця, пра якія дзядулю не сорамна расказваць унукам і праўнукам.
– Служба мая працягвалася яшчэ і пасля вайны, – расказвае Антон Спірыдонавіч, – і дамоў я вярнуўся аж у сорак сёмым.
Вярнуўся сюды, у родную вёсачку Бутрымава, якую, так ужо склалася, ніколі і не пакідаў. Тут, кажа жылі дзяды, бацькі, таму і не здрадзіў ён роднай зямлі. Тут чакала яго каханне – маладзенькая дзяўчына, суседка. Стварылі сям’ю, жылі сумленна, працавалі ў гаспадарцы, адкуль і пайшлі на заслужаны адпачынак. Здаецца, і не вельмі даўно гэта было, а гадоў вунь колькі праляцела – у ліпені Антон Спірыдонавіч адзначыць дзевяностагоддзе. Яніне Іванаўне на сем гадоў меней.
Да нашай сустрэчы былы салдат рыхтаваўся – апрануў святочны касцюм, бялюткую кашулю. Падцягнуты, усмешлівы – і хіба дасі яму яго дзевяць дзясяткаў?
– А ўсё таму, што ён усё жыццё працаваў, не быў лайдаком і да цяперашняга часу стараецца ўсё рабіць сам, – расказаў пра ветэрана яго зяць Аляксандр. – Немалаважна, што ён ніколі не курыў, вось і мяне ўшчувае, каб адмовіўся ад гэтай звычкі. Ды і спіртным не злоўжываў.
Разам з Антонам Спірыдонавічам выйшлі на яго падворак. Дагледжаны агарод, крыху далей – пчаліныя домікі, якія цяпер ужо пустуюць. Па дварышчы гуляюць куры, трэцца ля гаспадаровых ног чорны каток.
– Вось і ўся мая гаспадарка, – развёў рукамі ветэран. – Сёлета не ўраджайны год на яблыкі, а вось грушы ёсць. Прыязджайце ўвосень, пачастую.
Як і належыць гаспадару, ён правёў нас да варот і доўга ўглядаўся ўслед ад’язджаючай машыне.
– Мы вельмі ўдзячны бацькам за ўсё, што яны для нас з сястрой рабілі, – расказвала па дарозе Антаніна Антонаўна, дачка франтавіка. – Жылі сумленна, многа працавалі, стараліся, каб мы вывучыліся. Прызнаюся шчыра, ніколі і нідзе не было сорамна за іх. І цяпер, калі яны ўжо нямоглыя, прыйшоў час і нам клапаціцца пра іх. Ці ж не так?
Канешне, так. Здавалася б, нічога звышнатуральнага ў гэтым няма. А вось сустрэнешся ў чарговы раз з чалавечнасцю і дабрынёй – і цяплей стане на сэрцы. Вось і пасля знаёмства з Антонам Спірыдонавічам Свідуковічам і яго блізкімі я адчула гэта цяпло. Здароўя і даўгалецця Вам, шаноўны ветэран! І дзякуй за Ваша гераічнае мінулае .
Ірына БУДЗЬКО
Фота аўтара




