Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Яе прыгожыя сорак пяць

– Ну, як вы маецеся? – пераступіўшы парог вясковай хаты і прывітаўшыся, цікавіцца ў адзінокай пенсіянеркі мясцовы медработнік, загадчыца Язненскага ФАПа Марыя Трусевіч.


– Ат, толькі што клыпаю, Станіславаўна, – жаліцца бабуля. – Галава то баліць, то круціцца…
– Мусіць, з агароду не вылазіце? – ужо больш сур’ёзна гаворыць Марыя Станіславаўна і бярэцца мераць старой ціск. – Так і ёсць, павышаны. Я ж заўсёды кажу вам, каб берагліся, не стамлялі сябе працай. Не тыя ж ужо гады…
Яны садзяцца побач – старэнькая гаспадыня і, як паважліва называюць яе аднавяскоўцы, Станіславаўна – і некалькі хвілін вядуць гаворку пра ўсё: аднавяскоўцаў і лекі, агароды і пенсіі. Калі медработнік развітваецца, бабуля дзякуе ёй:
– Глянь ты, аж у вачах пасвятлела. Умееце вы лячыць, Станіславаўна!
Тая ўсміхаецца, ківае галавой. Так, за доўгія гады працы на ФАПе яна пераканалася, што нярэдка добрае слова, шчырая размова для чалавека даражэй за лякарства. Таму і стараецца, абыходзячы пенсіянераў навакольных вёсак, знайсці хоць некалькі хвілін для гутаркі з кожным. Ім, адзінокім, так гэта патрэбна.

Працоўны стаж Марыі Трусевіч пачаўся тут, у Язненскім ФАПе, 1 жніўня 1970 года. Сама яна з мясцовых, нарадзілася ў вёсачцы Панкраты. Старанна вучылася ў школе і з самага дзяцінства марыла быць урачом. Гуляла з самаробнымі лялькамі, рабіла ім уколы завостранымі запалкамі. Бацькі – людзі ад зямлі – толькі паблажліва ўсміхаліся, назіраючы за гульнямі адзінай дачушкі. А тая з гадамі толькі ўмацоўвалася ў сваім выбары і, закончыўшы школу, паехала паступаць на фельчара. Паступіла ў медвучылішча, паспяхова адвучылася. Паколькі размеркаванне тады было ўсесаюзным, працаваць дзяўчыне «свяціла» не ў Беларусі. Ёй, адзінай дачцэ, так не хацелася пакідаць бацькоў ды і яны не ўяўлялі сябе так далёка ад яе… Выйсце знайшлося: у Марыі на той час ужо былі сур’ёзныя адносіны з язненскім хлопцам Эдмундам, які таксама не пажадаў адпускаць яе. Адным словам, згулялі вяселле – і стала Марыя сельскім медработнікам. А гэта азначае, што, акрамя сваёй непасрэднай работы, яна, як і ўсе вясковыя жанчыны, шчыравала на «сотках» і агародзе, завіхалася ля скаціны. А як жа інакш – у маладой сям’і праз пэўны час падрастала трое дзетак, якіх трэба было карміць, апранаць, вучыць.
– Канешне ж, мне вельмі дапамагала мама, – расказвае Марыя Станіславаўна. – Як была яшчэ здаравейшая і жыла ў Панкратах, дык забірала малых да сябе. А калі занемагла, я ўзяла маму да нас і яна пражыла тут яшчэ сямнаццаць гадоў. Усё тупала і тупала, старалася мне ва ўсім дапамагаць – так хацелася быць патрэбнай. І ганарылася мной, што вывучылася, людзей лячу. А памерла ў дзевяноста з «хвосцікам». Памятаю, прыйшла я з працы, а яна мне яшчэ расказала пра тое, што рабіла па гаспадарцы, хто заходзіў у хату. А потым прысела – і ўсё… Доўгае жыццё пражыла, а мне ўсё думаецца, што няхай бы і болей жыла, я б яе так даглядала…
Выраслі і выйшлі ў людзі дзеці Марыі Станіславаўны і Эдмунда Казіміравіча: Дзмітрый працуе інжынерам у мясцовай гаспадарцы, Юрый і Алена звілі гнёзды ў сталіцы. Улетку аж цесна становіцца ў хаце Трусевічаў ( а яно і не дзіва, бо і дзеці, і сямёра ўнукаў з задавальненнем прыязджаюць да бубулі з дзядулем). Да нядаўняга часу трымалі гаспадары не толькі карову, але і коніка, на якіх трэба было запасці сена. І ў полі, і ў агародзе працавалі ўсёй сям’ёй – і справы ладзіліся. Цяпер жа ў гаспадарцы Трусевічаў толькі свінні, куры, трусы, з якімі ўпраўляецца звычайна гаспадар, Эдмунд Казіміравіч. А Марыя Станіславаўна, хоць даўно ўжо атрымала права на заслужаны адпачынак, не пакідае працы, без якой не ўяўляе жыццё. Былі моманты, калі думалася, што ўсё, хопіць, але звярталіся за дапамогай людзі, раіў яшчэ папрацаваць урач Даўгінаўскай бальніцы Ігар Сцяшко (вельмі цёпла гаварыла мая суразмоўца пра гэтага кампетэнтнага медыцынскага работніка і чулага чалавека), побач з якім фельчары адчуваюць сябе камфортна і спакойна – і яна засталася. Не ўяўляе сябе без людзей, якія давяраюць ёй самае дарагое – сваё здароўе.
– Зараз абслугоўваю сем вёсак, дзе пражывае 375 чалавек, – расказвае Марыя Станіславаўна. – Ёсць чацвёра дзетак да года, адна жанчына чакае дзіцятка. Улетку на веласіпедзе, а зімою як давядзецца дабіраюся да вёсак. Кожнага чалавечка ведаю, а маладзейшых – з самых пялёнак. За доўгія чатыры дзясяткі з гакам было рознае…
Прыгадала Марыя Станіславаўна,некалькі выпадкаў. Як выклікалі на траўму – чалавека закруціла ў прэс… Як аднойчы ў жанчынкі пачаліся роды, а «хуткую» чакалі з Вілейкі, і яна, яшчэ малады медработнік, ужо падрыхтавалася да самага адказнага – дапамагчы дзіцятку з’явіцца на свет, а тут якраз і гарадскія медработнікі паспелі… І ніколі не забудзецца фельчару, як неяк улетку яна па выкліку імчалася да ракі, дзе ўтапілася дзяўчынка. Яе дасталі, аднак з выклікам медработніка спазніліся – дзяўчынка памерла…
Колькі самых розных эпізодаў можа расказаць Марыя Станіславаўна! Перажыта, прапушчана праз сябе многа, і ўсё гэта не праходзіць бясследна. Асабліва балюча, падзялілася жанчына, калі адбываецца непапраўнае з дзецьмі, маладымі людзьмі, якім бы жыць і жыць. А падобнае іншы раз здаралася, і медработнік не такі ўсемагутны, як думаецца людзям, нярэдка хваробы, траўмы бываюць мацнейшымі за яго…
Выходзім з Марыяй Станіславаўнай у двор. Тут, як і ў самім памяшканні, усюды парадак і чысціня: на клумбах – кветкі, трава акуратна абарвана.
– Гэта памочніца мая стараецца, санітарка Ніна Ціхановіч, – гаворыць загадчыца медустановы. – Мы з ёй і цякучы рамонт ФАПа рабілі сваімі сіламі, і тэрыторыю трымаем у парадку. А як жа інакш? Калі працуеш, дык працуй так, як належыць.
Калі развітваліся, папрасіла Марыю Станіславаўну падзяліцца сакрэтам яе душэўнай маладосці, доўгажыхарства ў прафесіі. І пачула такую параду: «Ніколі не губляць аптымізму і не быць ныцікам! Нават калі вельмі няпроста, не даваць узяць над сабой верх розным там балячкам. Рухаешся – значыць жывеш. Так жыла мая мама, так раю жыць усім, з кім зводзіць мяне лёс». Гэтага прытрымліваецца і яна сама, сельскі медработнік з амаль 45-гадовым стажам. А гэта лічба, як сцвярджае вядомая прымаўка, вельмі прыгожа дапасуецца да жанчыны.
Ірына БУДЗЬКО. Фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 169 queries