Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

«Расці» трэба прыгожа

– Чалавеку хочацца хоць некім пакіраваць, паказаць сваю сілу, – гэта пачула нядаўна ад незнаёмай мне жанчыны. – Іншы трымае ў чорным целе сям’ю – і адчувае сябе вельмі важным і ўсемагутным… Другому ж не пашэнціла – дома не паддаліся, дык ён шукае ахвяру ці-то на працы, ці яшчэ дзе…
А яно, падумалася мне, так, відаць, і ёсць. З уласнага вопыту ведаю нямала прыкладаў, пацвярджаючых гэта. У маёй даўняй знаёмай муж, якіх звычайна называюць ідэальнымі ў сям’і: і жонцы слова насуперак не скажа, і з дзецьмі займаецца, і ўсе дачныя клопаты на ім, і ў кватэры прыбрацца – яго абавязак. У дадатак мужчына не бярэ ў рот спіртнога і, як кажуць, не нюхаў тытуню… Скажаце, такіх не бывае? А вось жа бываюць. Толькі вось калегі па працы не лічуць яго ідэальным. Зануда, кажуць, аматар спадцішка зрабіць некаму «падлянку», а затым, не хаваючы пачуццяў, радавацца, што ў чалавека непрыемнасці. Мусіць, усведамляе ў такія моманты сябе героем – дужым, здольным распараджацца нават чыімсьці лёсам.
А то, здараецца, патэлефануе падобны «разумнік» і да нас, у рэдакцыю,са сваёй скаргай. Калі яна абгрунтаваная – дзякуй чалавеку. Калі ж звоняць з паклёпам, з жаданнем разабраццца з некім чужымі рукамі ды яшчэ называючыся чужым прозвішчам, то неяк не па сабе робіцца… А ёсць і такія, хто ўвогуле ў сваіх няўдачах і праблемах абвінавачвае… рэдакцыю. Што ж, так прасцей – з хворай галавы на здаровую, гэта ж не ў сабе капацца ды шукаць адказы на пытанне: чаму? Калі шчыра, мы, журналісты, за падобнае не крыўдуем. Што ж зробіш, калі чалавеку няма на кім «адцягнуцца», паказаць сваю перавагу. Няхай цешыцца хоць гэтым, калі не здольны на сапраўды высокія ўчынкі.
На днях пачула размову, якая выклікала смех і, разам з тым, засмуціла. Размаўлялі дзве жанчыны, якія, мяркуючы па іх дыялогу, працуюць недзе ў бальніцы. Хутчэй за ўсё, санітаркамі ці так называемымі сёстрамі-гаспадынямі.
– Ну няхай толькі трапіць яна да нас у аддзяленне – я знайду спосаб ёй прыпомніць усё,— гразілася ў адрас нейкай незнаёмкі адна з жанчын. Гразілася ўслых, не звяртаючы ўвагі на людзей, якія міжволі сталі сведкамі іх прыкрага дыялога. Сама цешачыся сваёй уладай (хоць ад гэтага смешна) гразілася.
Напэўна, кожнаму хочацца нечага дасягнуць. І ў асабістым жыцці, і ў прафесіі. Нічога дрэннага ў гэтым не бачу. Вось толькі «расці» трэба прыгожа…
Ірына БУДЗЬКО

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 126 queries