Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Ля дома Людмілы Палянскай заўсёды многа кветак

Ля дома Людмілы Палянскай заўсёды многа кветак. Яны, называючы сучасна, – хобі гаспадыні, яе аддушына і захапленне. З ранняй вясны да асенніх замаразкаў расквечаны рознымі колерамі гэты падворак у Шылавічах.

– А сёлета надвор’е штосьці не спрыяе, – разводзіць рукамі Людміла Мікітаўна. – Мала таго, што ідуць дажджы, вада ў нас тут стаіць, дык яшчэ і град пабіў усё. Шкада, цюльпаны мае пакруціў-паламаў…
На шчасце, не ўсе – з клумбаў заходзячых у двор людзей прыветна сустракаюць гэтыя прыгожыя кветкі, ківаючы сваімі жоўта-чырвонымі галоўкамі.
– А паглядзіце на мае ружы, – гаспадыня паказвае на маладзенькія кусцікі царыцы кветак. – Не, не купляла іх, а навучылася сама разводзіць. Калі трэба, падзялюся вопытам.
З канца ўжо такіх далёкіх шасцідзясятых Людміла Палянская жыве ў Шылавічах. Тут пабудавалі з мужам гаспадарчым спосабам прасторны дом, тут праходзілі іх маладыя гады. Так склалася, што Бог не даў ім дзетак, але гэта, думаецца, ніколькі не абдзяліла сямейнае жыццё Палянскіх прыемнымі ўражаннямі. Гартаючы сямейныя альбомы, бачыш, як напоўнена яны жылі: ездзілі на адпачынак, удзельнічалі ў цікавых мерапрыемствах на рабоце, хадзілі на парады і дэманстрацыі, гулялі на вяселлях сваякоў… І ўсюды разам – Людміла Мікітаўна і Мікалай Іванавіч. Тры дзясяткі гадоў пражылі яны разам, і здавалася, што наперадзе яшчэ нямала цікавага і важнага. Аднак здарылася зусім нечаканае – Мікалай Іванавіч цяжка захварэў і, толькі некалькі месяцаў не дапрацаваўшы да пенсіі, памёр.
– Гэта быў 1996-ы год, – прыгадвае Людміла Мікітаўна. – Памятаю, усё чакаў вынікаў рэферэндума, маўляў, захаваецца СССР ці не. Так і не даведаўся…
Як самую дарагую рэліквію захоўвае жанчына граматы, узнагароды за сумленную працу – і свае, і мужа. На самым відным месцы вісяць увесістыя медалі, якія дарылі ім у сувязі з юбілеямі калегі па працы.
– А вось мае дэпутацкія пасведчанні за розныя гады, – гаспадыня беражліва дастае пакецік з дарагімі сэрцу кніжачкамі. – Усё жыццё была дэпутатам. Тут вось і пасведчанне ўдарніка камуністычнай працы ляжыць. Усё берагу, як самае важнае і дарагое ў жыцці.
Перадавік і актывіст па жыцці, Людміла Мікітаўна і на заслужаным адпачынку ніколькі не змянілася. Мусіць, таму жыхары Шылавічаў даверылі ёй быць старастам населенага пункта. Было гэта крыху больш за год назад. І яна адразу ж узялася за справу. Пачынаць вырашыла з мясцовых могілак, дзе знайшлі спачынак блізкія і родныя тых, хто сёння жыве ў Шылавічах. Трэба было ўбіраць аварыйныя дрэвы, а гэта даволі дорагакаштуючая справа. Тады па ініцыятыве нераўнадушнага старасты паступова сабралі больш за чатыры мільёны рублёў, зрэзалі самыя аварыйныя дрэвы, якія пагражалі ўпасці на помнікі. Трэба сказаць, што не ўсе мясцовыя жыхары зразумелі важнасць зробленай справы, той-сёй па нейкай прычыне адмовіўся рабіць свой фінансавы ўклад. Што ж зробіш, як хто разумее. Між тым, пераважная большасць памятае свае карані, шануе памяць пра тых, каго сёння ўжо няма на гэтым свеце. Вось і сёлета вясной сабралі неабходныя сродкі і абнавілі ўбранне на крыжах пры ўездзе ў Шылавічы. Запланавалі і самі крыжы памяняць, ужо час гэта зрабіць.
Жыць толькі сваімі асабістымі інтарэсамі не ў характары Людмілы Палянскай. Радуецца, калі бачыць гэту рысу і ў сваіх аднавяскоўцаў. Збіраючыся на сельскіх сходах, на якіх абавязкова прысутнічаюць і старшыня сельвыканкама Мікалай Гіль, і кіраўніцтва мясцовай гаспадаркі, людзі гавораць пра тое, што хацелі б бачыць у аграгарадку.
– Задумак у нас нямала, – падзялілася Людміла Мікітаўна. – Запланавана будаўніцтва пляцовак для ўстаноўкі кантэйнераў для смецця ля могільніка; думаем абнесці сеткай тую яго частку, дзе яшчэ не агароджана. У сакавіку накіравалі пісьмо ў ДАІ наконт абсталявання прыпыначнай пляцоўкі для маршрутных аўтобусаў і атрымалі адказ з дазволам. Ёсць праблемы з добраўпарадкаваннем вуліц населенага пункта. Так, не заасфальтавана частка вуліцы 1 Мая, а значыць, трэба варушыцца. Застаецца адкрытым і пытанне з будаўніцтвам у Шылавічах лазні, бо, што ні кажыце, пражывае ў нас больш за шэсцьсот чалавек. Заўсёды на кантролі і пытанне навядзення парадку на сваіх прыдамовых тэрыторыях – пра гэта гаворым пастаянна і сочым, каб да гэтых слоў прыслухоўваліся. Хочацца, каб парадак быў усюды, каб радавала вока чысціня не толькі нашых падворкаў, а і месцаў агульнага карыстання, ваколіцы. Вось, дапусцім, да нядаўняга часу стаяла недагледжаная пабудова былой канторы райсельгастэхнікі, якая не выкарыстоўвалася і толькі псавала сваім выглядам карціну. Цяпер пабудова выкуплена сталічным індывідуальным прадпрымальнікам, таму ёсць падставы спадзявацца на другое яе жыццё.
Галоўны чалавек на сяле – так звычайна называюць старасту. А яно так і ёсць, бо менавіта ён з’яўляецца той вельмі важнай сувяззю паміж вяскоўцамі і ўладай. Да старасты прыходзяць з просьбамі, заўвагамі, крытыкай, пажаданнямі. А яшчэ – проста за парадай да мудрага, неабыякавага, лёгкага на пад’ём, ініцыятыўнага аднавяскоўца. Якраз з такіх і Людміла Палянская.
Ірына БУДЗЬКО. Фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 169 queries