Сімвал памяці – Алея Герояў
Пасадка Алеі Герояў на цэнтральнай плошчы – бадай, адно са знакавых мерапрыемстваў рэспубліканскага суботніка. Дрэва – гэта сімвал вечнасці жыцця. Па традыцыі, якая выплывае
менавіта з народных крыніц, дрэва садзіў бацька, адзначаючы тым самым нараджэнне свайго дзіцяці. Рос малы і з ім разам узнімаў небу вецце гонкі дубок ці разлапісты клёнік. Але не толькі з нагоды радасных падзей цягнуцца да нябёсаў дрэўцы-сімвалы. Бывала, яны азначаюць памяць. У шуме сваёй лістоты нясуць успамін, нагадваючы пра тых, хто быў, хто адышоў у вечнасць, агорнуты светлым сумам і благаславёны на зорны шлях нашай любоўю. Памяці гэтых апошніх – Алея Герояў. Акцыя яе стварэння датасавана да 65-годдзя Вялікай Перамогі. У нашым горадзе пасаджаныя дрэўцы сімвалізуюць памяць пра герояў, лёс якіх нейкім чынам быў звязаны з Вілейшчынай.
Гераізм – гэта самаахвярнасць, гэта імгненны парыў, імгненны ўсплеск душэўных сіл ці подзвіг, расцягнуты ў часе. Аднолькава яркі бляск у Зоркі Героя Савецкага Саюза і Героя Сацыялістычнай Працы. І адлюстраванае яе ззянне – на лёсе ўсіх, каму пашчасціла дакрануцца да святых імёнаў яе носьбітаў.
Восем маладых рабінак пускаюць карані ў вілейскай зямлі. Восем сімвалаў памяці. Урачыстае адкрыццё Алеі Герояў адбудзецца ў дзень святкавання 65-годдзя Перамогі.
Марыя КУЗАЎКІНА
Падрыхтавалі месца для хутара
Пакуль набірае моц плынь дыскусійных хваль вакол ідэі Вільяніна хутара, на самім аб’екце ўжо распачаліся работы. Менавіта ў дзень рэспубліканскага суботніка на бераг Лазневага возера прыйшлі супрацоўнікі ўпраўлення па працы і сацыяльнай абароне, з мэтаю навесці на гэтай невялічкай выспачцы элементарны парадак.
Дарэчы, змяніў крыху яе ландшафт так званы Сцяпанаў камень. Ён дастаўлены сюды ад адміністрацыйнага будынка раёна электрычных сетак. І, згодна думкі аўтараў ідэі, сімвалізуе памяць пра вядомага краязнаўцу Анатоля Рогача. З яго імем мяркуецца звязаць тыя змены на Лазневым возеры, якія могуць пакласці пачатак стварэнню тут культурна-турыстычнага комплекса.
– Вось гэты дуб, – паказвае Таццяна Цітуленка, адна з ініцыятараў праекта, у бок яшчэ аголенага, але ўжо набрынялага вясновымі сокамі дрэва, – будзе сімвалізаваць жыццёвую моц і стойкасць. Дакранешся да ствала – сіл набярэшся. Тут узнімецца брама, скрозь якую будуць праходзіць маладыя муж і жонка…
Да брамы, праўда, яшчэ далёка. І ўдзельнікі суботніка пакуль проста падбіраюць бытавы хлам, пакінуты так званымі адпачываючымі, зграбаюць смецце і мінулагоднюю лістоту. Справа ў любым выпадку карысная. Вось толькі зноў бы тут не брудзілі.
Марыя КУЗАЎКІНА
ДОБРАЎПАРАДКАВАННЕ
Халоднае надвор’е не стала перашкодай і працаўнікам жыллёва-камунальнай гаспадаркі, якія дружна выйшлі на суботнік. Выконвалі работы па навядзенні парадку, да якіх людзям іх прафесіі не прывыкаць. А што надвор’е крыху падвяло, дык, як вядома, у прыроды яно не бывае дрэнным.
– Нармальнае надвор’е, – аптымістычна адзначыў галоўны інжынер ГУП «Вілейская ЖКГ» Валянцін Сусла. – Парадак наводзіць трэба. Прыбіраем пляж на вадасховішчы, даводзім да ладу набярэжную Віліі…
А намесніка дырэктара па будаўніцтву жыллёва-камунальнай гаспадаркі Ніну Сялюн з падначаленымі мы сустрэлі на плошчы Свабоды, дзе яны фарбавалі помнік загінуўшым у гады вайны.
– А як жа, хутка Дзень Перамогі, трэба падрыхтавацца, – растлумачыла Ніна Анатольеўна. – Ды і ўвогуле ўжо час абнавіць фарбу на помніку, каб выглядаў ён заўсёды дастойна.
* * *
Праехаўшы гарадскімі вуліцамі (то там, то тут сустракалі віляйчан, якія чысцілі, падмяталі, фарбавалі), узялі курс на Дубаўку. Парывісты вецер ужо падганяў дажджавыя хмары, вось-вось, чакалася, пойдзе дождж, таму не думалі, што сустрэнем некага ў зоне адпачынку віляйчан. Дарэмна сумняваліся – між ствалоў дрэў мільгалі фігуры людзей. Пад’ехалі бліжэй і ўбачылі школьнікаў з настаўнікамі. Пазнаёміліся.
– Мы з першай гарадской школы, – прадставіла сваіх выхаванцаў настаўніца Святлана Ількевіч. – 4
«А» клас. Прыйшлі сюды з мэтай актыўна адпачыць. Але хлопчыкі і дзяўчынкі самі выказалі жаданне прывесці ў парадак хоць невялічкую тэрыторыю. Прыемней адпачываць, калі чыста.
Школьнікі з задавальненнем сфатаграфаваліся і заняліся сваёй справай. Думаецца, кожны з іх у гэты дзень не толькі добра адпачыў на прыродзе, але і ўсвядоміў галоўнае: чысціня – гэта прыгажосць. А яе вучні навучыліся ствараць сваімі рукамі.
Ірына БУДЗЬКО







