– Шкадую, што кавальскай справе ад бацькі не навучыўся… – рэдка даводзіцца бачыць Эдуарда Яцкевіча такім засяроджана сумным. Звычайна ён парывісты, энергічны, узрушаны чарговай ідэяй, якая ніколі, аднак, не вібрыруе на мяжы фантазіі. Яго задумы заўжды рэальныя, маюць, як кажуць, трывалую прывязку да мясцовасці. Спрацоўвае генны патэнцыял грунтоўнага селяніна, які, перш чым безаглядна разануць, дзесятак разоў прымерыцца.
Бацька Эдуарда быў калгасным кавалём. І дома меў невялічкую кузню. Задавальняючы звыклую хлапечую цікаўнасць, падлетак любіў назіраць, як бацька куе жалеза, як выгінаецца расплаўлены кавалак металу, робіцца паслухмяным і гнуткім у спрытных, чорных ад копаці мужчынскіх руках. Тады хлопцу не ўдалося пераняць ад бацькі сакрэты кавальскай справы. Але навуку жыцейскай, сялянскай мудрасці Эдуард добра засвоіў. Ёю ў аднолькавай меры валодалі і бацька, і маці.
Тое, што дзеці дапамагалі весці хатнюю гаспадарку – гэта некалі было ў традыцыі вясковых сем’яў. Малыя стаялі побач з бацькамі на палетках, праполваючы буракі ці цярэбячы лён. Ільнаводства было галіной, развіццём якой у той ці іншай меры займалася кожная гаспадарка. Нездарма сёння кіраўнік дзяржавы ставіць задачу аднаўлення яе ў маштабах краіны. Страчанае трэба вярнуць. Трэба прадэманстраваць свету патэнцыяльныя магчымасці беларускіх палеткаў, якія здольны не толькі карміць людзей, але і апранаць іх ва ўборы, пашытыя з дыхтоўнага, далікатнага палатна, што сагравае ў мароз, а ў спёку дае прахалоду.
– Я з пятага класа вырашыў, што буду аграномам, – дзеліцца Эдуард Мечыслававіч.
– Чаму менавіта з пятага?
– З гэтага ўзросту чалавек павінен ужо вызначыць свае схільнасці і нейкім чынам навучыцца прымаць самастойныя рашэнні.
Мушу пагадзіцца з такім сцвярдждэннем, паколькі час пацвердзіў грунтоўнасць жыццёвай пазіцыі майго героя. Першым этапам у дасягненні пастаўленай ім мэты стала вучоба ў Мар’інагорскім сельскагаспадарчым тэхнікуме. Эдуард стаў аграномам, атрымаўшы дыплом з адзнакай. Пасля была служба ў Забайкаллі. Вярнуўся ў свае Малышкі, як кажуць, першым хлопцам на вёсцы – у вайсковай форме з сяржанцкімі пагонамі, выпраўкай, якую захаваў і да цяперашняга часу. А справу сабе знайшоў у Заброддзі, самым аддаленым ад горада кутку Вілейшчыны, цэнтры былога калгаса «Чырвоны Кастрычнік».
– Не перажывай. Не ты першы, не ты – апошні, – злёгку кпілі знаёмыя, папярэдне намякаюы на хуткаспеласць рашэння маладога спецыяліста. Насуперак меркаванням добразычліўцаў, гаспадарка Эдуарду спадабалася. І нават у яе аддаленасці былі свае выяўленыя плюсы. Мясціны лясныя, пазначаныя некранутым хараством прыродных краявідаў. І галоўнае – добразычлівыя, прыязныя людзі.
Яго першым настаўнікам быў вядомы ў раёне аграном Здзіслаў Навумец. Нямногія са спецыялістаў удастойваліся ў тыя часы высокай узнагароды – ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга. Здзіслаў Казіміравіч яго меў,менавіта за набыткі ў раслінаводчай галіне. Гаспадарку ўзначальваў тады Мікалай Галецкі, граматны і вопытны кіраўнік. Прызначаючы Эдуарда на пасаду начальніка вытворчага ўчастка, ён высокіх слоў не гаварыў, зазначыў толькі, што давярае.
А давер,любую самадастатковую, са здаровымі амбіцыямі, асобу абавязвае. І Эдуард закруціўся ў калаверці будзённых праблем, выпрацоўваючы менавіта сваю стратэгію і тактыку кіравання. З разуменнем аднёсся да яе і новы кіраўнік «Чырвонага Кастрычніка» – Анатоль Маркевіч. Менавіта ў апошняга Эдуард Мечыслававіч быў намеснікам, лічыце, правай рукой.
Змены прыйшлі ў гаспадарку, згодна новай дзяржаўнай палітыкі, накіраванай на эканамічнае станаўленне сельгасвытворчасці, аптымізацыю яе гаспадарчай дзейнасці. У вёсцы з’явіліся гарадскія інвестары. І гэта дало ёй штуршок для якасна новага развіцця. Гаспадарка стала філіялам унітарнага прадпрыемства «Мінгаз». А ўзначаліў яго Эдуард Мечыслававіч Яцкевіч, цяперашні кандыдат у дэпутаты раённага Савета дэпутатаў. Самастойнасць у вырашэнні гаспадарчых праблем, інвестыцыі ва ўсе вытворчыя галіны – гэта ўсё было, як глыток свежага паветра. Відавочна вырасла ўраджайнасць усіх культур. Практычны вопыт Валерыя Карповіча, галоўнага агранома, памножаны на перавагі новых тэхналогій, даў свой станоўчы вынік. Філіял засвяціўся на прызавых месцах у раённым спаборніцтве. Літаральна заззяў кідкім парадкам машынна-трактарны двор, для якога к таму ж набылі і новую тэхніку. Людзі, на рабочых куртках якіх закрасаваліся эмблемы «Мінгаза», неяк бачна падцягнуліся, пасаліднелі, надзеленыя новым, нязвыклым для іх статусам.
У перапоўненай зале мясцовага дома культуры гаспадарка святкавала сваё 60-годдзе. Перад урачыстасцю Эдуард Яцкевіч і галоўныя спецыялісты філіяла зазірнулі ў кожны дом і асабіста ўручылі запрашэнні іх жыхарам, былым і цяперашнім работнікам гаспадаркі. Рыхтуючы традыцыйны даклад, Эдуард Мечыслававіч пагартаў архівы і палічыў патрэбным сустрэцца з ветэранамі, з іх слоў спасцігнуць жывую гісторыю, напоўненую не столькі лічбамі, колькі імёнамі і падзеямі. У выніку атрымаўся праўдзівы расказ аб мінулым, аб тых, хто стаяў ля вытокаў калектывізацыі, ствараючы на фоне эпохі новы лад жыцця. Удалося знайсці нават некаторых з былых кіраўнікоў, уклад кожнага з іх у станаўленне і развіццё гаспадаркі неацэнны і значны. Адчуванне свята засталося ў душы кожнага, хто на ім у той час прысутнічаў. Засталося надоўга, бо на ім поўнасцю адсутнічаў дух казёншчыны, а панавала атмасфера павагі да чалавека і клопату яго рук, здольных пераўтвараць і ўдасканальваць зямлю.
Гэтай павагаю пранікнуты светапогляд майго героя, той духоўны набытак, які ён панёс з сабой па жыцці ад роднага дома як самую дарагую спадчыну. Мы разам рыхтавалі спецвыпуск, прысвечаны юбілею гаспадаркі. Дарэчы, святкаваўся ён летась, напачатку ліпеня. Разам наведвалі сядзібы ветэранаў, гутарылі са старэнькімі бабулямі, што сваімі мазолістымі рукамі закладвалі падмурак сённяшняга дабрабыту гаспадаркі. Ездзілі па сенакосах, дзе змораныя, абветраныя механізатары фатаграфаваліся на фоне кормаўборачных комплексаў. Цяжка даваліся філіялу кармы. Задажджыла – і на нізкіх землях, там, дзе сенажаці, сінелі азёрцы з люстранымі адбіткамі нябёсаў. І Эдуарду Мечыслававічу ўсё карцела пазнаёміць мяне як мага з большай колькасцю людзей. Захапіўшыся, ён нават забываўся на абмежаванасць газетнай плошчы.
…У Малышках яго заўсёды чакае матуля. Чакае заўсёдна, прагна прыслухоўваючыся да шумаў вясковай вуліцы. Эдуард Мечыслававіч – клапатлівы сын, ніколі не падманьвае яе надзей на спатканне. Генуэфа Іосіфаўна нядаўна адзначыла свой семдзесят сёмы год нараджэння. У словы віншавання ён уклаў усю сыноўнюю пяшчоту і павагу да такіх жанчын-маці, якія з пакорлівасцю і гонарам пражываюць наканаваны Усявышнім лёс, штодня непрыкметна здзяйсняючы свой мацярынскі подзвіг у імя будучага.
Марыя КУЗАЎКІНА
І «засвяціўся» філіял
Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов


