Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Каб гэты або іншы будынак стаў прадуктовым магазінам…

У канцы мінулага стагоддзя магазін з такой назвай быў вядомы жыхарам усёй Вілейкі. У многім таму, што там прадавалі алкагольныя напоі. Але ж гэта прадуктовы магазін, і ўсім жыхарам гэтага мікрараёна было зручна атаварвацца тут. Гэты мікрараён знаходзіцца за чыгуначным вакзалам і паміж мэблевай фабрыкай.
Хутка тры гады, як магазін зачыніўся ці то на рамонт, ці то па якой іншай прычыне. А ў гэтым мікрараёне многа прыватных дамоў, дзе жывуць у асноўным пенсіянеры, якім не вельмі зручна ісці ў «Чыгуначнік», дзе часта стаяць саставы: абыходзіць іх або лезці пад іх небяспечна. Праўда, ля пераезда ёсць невялічкі магазін «На хвілінку», ды там не заўсёды ёсць патрэбны тавар. Магазін «Ля гасцінца» таксама далекавата.
Да каго нам, жыхарам гэтага мікрараёна, звяртацца, каб гэты або іншы будынак стаў прадуктовым магазінам? Можа, рэдакцыя нашай газеты дапаможа нам гэта высветліць?
Гэты ж год аб’яўлены Годам беражлівасці. Дык якая ж гэта беражлівасць, калі тры гады стаіць будынак без гаспадара? Калі рабіць рамонт, то адразу, бо за такі працяглы час нават самая новая пабудова можа прыйсці ў заняпад і рамонт будзе намнога даражэйшым. Мы лічым гэта безгаспадарчасцю.
Па даручэнні жыхароў гэтага мікрараёна
Марыя Віктараўна ЛАЗОВІК

З пытаннем чытачоў мы звярнуліся ў сектар гандлю раённага выканаўчага камітэта. І даведаліся, што ранейшаму гаспадару – а гэта гандлёвае прадпрыемства «Садружнасць» – утрымліваць «Каласок» эканамічна нявыгадна – як-ніяк не вельмі далёка ад яго некалькі прадуктовых магазінаў. Але ж і зносіць «Каласок» пакуль не плануецца, запэўнілі ў сектары гандлю. Магчыма, ён проста памяняе гаспадара, бо зараз прапаноўваецца на продаж. Так што, паважаныя чытачы, лёс «Каласка» яшчэ не вырашаны і, магчыма, неўзабаве пачнецца яго другое жыццё.
Падрыхтавала Ірына БУДЗЬКО

Visited 8 times, 1 visit(s) today
Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 226 queries