Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

А мне паралельна, што яна там падумае…

Вы заўважылі, што з прыходам у наша жыццё мабільных тэлефонаў мы ўсё неяк адразу сталі больш адкрытымі адно аднаму? Нават калі і не хочаш, становішся сведкай такіх падрабязнасцяў чужога жыцця… На вуліцах, у транспарце, у магазінах, на самых розных мерапрыемствах – усюды размовы па тэлефонах. У такія хвіліны вельмі многія з нас становяцца падобнымі на цецерукоў, якія нічога і нікога не бачаць і не чуюць. Акрамя сябе і свайго суразмоўцы. Вось і атрымліваецца, што міжволі становішся сведкай, як адзін з тэлефонам парадкуе нейкага Пятровіча, які «абяцаў і не праставіўся»; другая ўголас распавядае пра чарговую цяжарнасць Нінкі («Як яны думаюць жыць, не ўяўляю… Галата!»); іншы, мусіць, чалавек дзелавы, дыктуе некаму цэны на запчасткі; яшчэ нехта варкуе, відаць, з каханай, раз-пораз паўтараючы: «Ну прабач, зайка…»; а кагосьці перапаўняюць пачуцці пасля ўчарашняй бурнай вечарынкі і ён з усімі падрабязнасцямі расказвае пра «адпачынак» таму, хто прапусціў і «многае страціў»…
Нядаўна давялося ў магазіне бачыць такую карціну. Бойкая маладзіца выбірала падарунак свекрыві. Разглядала, выбірала, прыцэньвалася.
– Яшчэ ж дагадзіць трэба, – дзялілася яна з прадаўцом. – І што ёй, старой, купіць…
Пераглядзеўшы цэннікі на блузках ды сарочках, узялася званіць мужу. Відаць па ўсім, мужчына не змог нічога параіць, бо жанчына пачала яго адчытваць:
– Твая маці, а не мая! На мой густ? Ці спадабаецца ёй? А мне, ведаеш, паралельна, што яна там падумае. Чуеш, па барабану мне!
Міжволі ўявіла тую незнаёмую юбілярку, якую прыйдуць віншаваць сын з нявесткай. І прынясуць падарунак. Які? А ім паралельна, ну, па барабану…
Ніхто і не ведаў бы такіх падрабязнасцяў з чужога жыцця. Каб не гэтая зручнасць – мабільнік.
Ірына БУДЗЬКО

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 168 queries