Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Празднование 75-летия Минской области прошло в Молодечно

Міншчына – ты сэрца Беларусі, – гэтыя радкі з гімна сталічнай вобласці маглі б стаць своеасаблівым лейтматывам таго маштабнага святкавання, якое напрыканцы мінулага тыдня прайшло ў Палацы культуры горада Маладзечна. Пакуль прадстаўнікі ўсіх рэгіёнаў вобласці фатаграфаваліся на памяць і займалі месцы ў зале, ў фае працавалі шматлікія выставы, дзе змяшчаліся вырабы народных умельцаў, прамысловых прадпрыемстваў вобласці. Менавіта тыя, што ствараюць этнічны каларыт Міншчыны. Студыя мастацкай творчасці Маладзечанскага Палаца культуры прадставіла на агляд прысутных лепшыя ўзоры лозапляцення – традыцыйнага народнага промыслу, які дорыць свету адухоўленую чалавечымі рукамі сонечную цеплыню дрэва.

– Вербачка – наш асноўны матэрыял, – расказваў кіраўнік студыі Генадзь Унукаў, – назіраючы, як захоплена «паглынаюць» наведвальнікі вачыма выстаўленае для ўсеагульнага агляду хараство: кошыкі самых мудрагелістых формаў, вазачкі, гарлачыкі – усё, да чаго дайшла творчая фантазія творцаў.
Ніна Шайко схілілася над вырабам, сплятаючы з глянцавага вербалозу чарговы майстарскі шэдэўр. Яна – член беларускага Саюза майстроў народнай творчасці. А яшчэ – ураджэнка Вілейшчыны. Лыцавічы – яе родная вёска, дзе і цяпер жывуць блізкія ёй людзі. Разьбой па дрэву займаецца брат Ніны – Міхаіл Карыба. І некаторыя з яго вырабаў сталі аздобай мясцовага аграгарадка. Прыемная сустрэча, якая, дарэчы, не рэдкасць пры стасунках такога кшталту.
…Урачыстае адкрыццё свята. Пад гукі духавога аркестра на сцэну Палаца культуры выносіцца Дзяржаўны Сцяг Рэспублікі Беларусь. Ён адчыняе шэсце сцяганоснай шарэнгі, экіпіраванай вайсковай атрыбутыкай, якая па традыцыі і суправаджае дзею падобнага маштабу. Андрэй Тур, намеснік Главы адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь агучвае прывітальнае слова кіраўніка Дзяржавы, датасаванае да 75-ай гадавіны Мінскай вобласці. А старшыня Мінскага аблвыканкама Барыс Батура называе ў сваім выступленні, прысвечаным урачыстасці, найбольш значныя моманты, лёсавызначальныя для станаўлення Міншчыны, цэнтральнага рэгіёну краіны. Экскурс у мінулае ўзнаўляе часы існавання Кіеўскай Русі, таго світанку нашай агульнай гісторыі, які сфарміраваў патрыятызм беларускай нацыі, яе самаахвярнасць, што ў поўнай меры праявіліся падчас выпрабаванняў, сведкамі і ўдзельнікамі якіх ужо былі і нашы сучаснікі. Уваходзячы ў склад тэрыторыі Белай Русі, Міншчына разам з ёю стала суб’ектам еўрапейскай палітыкі, – зазначыў Барыс Батура. Вялікае Княства Літоўскае, Рэч Паспалітая, Расія – разам з гэтымі дзяржаўнымі фарміраваннямі насельнікі мінскага рэгіёну перажылі не адзін ператрус. Тую ж Айчынную вайну 1812 года. Калі ў ледзяных водах Беразіны знайшлі свой апошні прытулак сотні напалеонаўскіх салдат, а Еўропа схіліла голаў перад бязмернай мужнасцю абаронцаў Бацькаўшчыны, назаўсёды ўнёсшы назву беларускай ракі ў моўную лексіку сваіх народаў, прадстаўнікі якіх не вярнуліся з захопніцкага паходу Напалеона. Над Міншчынай пранесліся віхуры самых страшных трагедый дваццатага стагоддзя – дзвюх Сусветных войнаў і братазабойніцкай грамадзянскай.
– Народ перанёс шматвяковы генацыд, дзякуючы веры і любові да Айчыны, – рэзюміраваў Барыс Батура. – І захаваў пры гэтым годнасць і высокія духоўныя пачаткі.
На фоне лепшых нацыянальных рыс беларусаў развіваліся рамёствы. Чаго варты славутыя слуцкія паясы, якімі захапляліся і захапляюцца сёння ва ўсім свеце?! Імёны нашых землякоў – сярод плеяды зорак мастацтва сусветнага значэння. Купала, Колас, Багдановіч – майстры слова, дзякуючы ім наша мова набыла вартае яе носьбітаў гучанне. Кампазітар Станіслаў Манюшка, стваральнік беларускай нацыянальнай оперы… Вучоны Якуб Наркевіч Іодка, удастоены ўрадам Расіі двух ордэнаў Святой Анны за яго навуковыя адкрыцці… Барыс Батура называе яшчэ шэраг імёнаў знакамітых землякоў, якім суджана ўслаўляць нашу Міншчыну ў прасторы і часе.
Па Міншчыне пралёг самы крывавы і балючы след Вялікай Айчыннай вайны. А ўжо праз пяць год пасля Перамогі аб’ём прамысловай вытворчасці рэгіёна ў пяць разоў перавысіў пасляваенны. Двума ордэнамі Леніна ўзнагароджана Мінская вобласць за ўсе тыя дасягненні, якія сталі прыкметным укладам у сацыяльна-эканамічнае развіццё краіны. Інавацыйныя тэхналогіі. Інвестыцыйныя праекты. Развіццё экспарту. – І гэта характэрныя прыкметы эканомікі Міншчыны. На яе прыпадае 15 працэнтаў усёй прамысловай вытворчасці краіны, чвэрць – сельскагаспадарчай.
Ад імя заканадаўчай улады краіны шчырыя пажаданні Мінскай вобласці адрасавалі старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь Уладзімір Андрэйчанка, віцэ-прэм’ер Міхаіл Русы. А званне «Ганаровы грамадзянін Мінскай вобласці» прысвойваецца Мітрапаліту Мінскаму і Слуцкаму Філарэту, Патрыяршаму Экзарху Усяе Беларусі, Надзвычайнаму і Паўнамоцнаму Паслу Беларусі ў Літве і Фінляндыі Уладзіміру Дражыну, народнаму артысту Беларусі, прафесару, мастацкаму кіраўніку і галоўнаму дырыжору Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра Беларусі Міхаілу Казінцу. Лёсы носьбітаў гэтых імён самым цесным чынам пераплецены з Міншчынай, з яе духоўна-асветніцкім і культурным жыццём. Цёплы ўспамін пра малую Радзіму, вёску Цынцавічы, размешчаную на Вілейшчыне, прагучаў з вуснаў Міхаіла Казінца. Да гонару маэстра, ён помніць пра бацькаўшчыну, не губляе сувязяў са сваімі землякамі,і зала нашага Палаца культуры не аднойчы вітала яго творчы калектыў, які стварае славу і Міншчыне, і ўсёй Беларусі.
Прагучала прывітанне ад Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Расіі ў Беларусі Аляксандра Сурыкава, які акцэнтаваў увагу на надзейнасці Мінскай вобласці, як знешнеэканамічнага партнёра. А Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Ізраіля ў Беларусі Іосіф Шагал перадаў віншаванні свайго прэзідэнта, лаўрэата Нобелеўскай прэміі міра Шымона Перэса. Дарэчы, таксама ўраджэнца Міншчыны, выхадца з Валожынскага раёна.
Трэба было бачыць, з якім хваляваннем успрыймала зала зварот да ўдзельнікаў свята, які прагучаў з касмічнай арбіты. Сваіх суайчыннікаў павіншаваў наш зямляк Алег Навіцкі, удзельнік міжнароднай экспедыцыі, што працуе сёння ў нетрах Сусвету.
Вялікім святочным канцэртам завяршылася ўрачыстасць. У разгорнутым на сцэне відовішчы цяжка было расставіць прыярытэты. Скарбы творчых набыткаў Міншчыны захаплялі майстэрствам, высокай культурай, з адзнакай духоўнага каларыту, якія таксама ў поўнай меры ўласцівы сталічнаму рэгіёну і яго жыхарам.
Марыя КУЗАЎКІНА.
Фота аўтара.








Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 190 queries