Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Маленькае ціхае шчасце… У кожнага сваё

Вось і яшчэ пад адным годам неўзабаве можна будзе падвесці рысу. Чарговы адрэзак часу ў дванаццаць месяцаў заканчваецца. Пра гэта нагадваюць па-святочнаму ўпрыгожаныя фасады будынкаў, рознакаляровае ўбранне, бадай, кожнай установы, дзе даводзіцца цяпер бываць. Усё гэта стварае адпаведны настрой – загадкава-казачны, светлы. І думаецца, што новы год абавязкова прынясе ў жыццё нешта неспадзявана-чаканае, мары пра якое затаіліся недзе глыбока-глыбока і ў штодзённай мітусні нават прызабыліся. А тут – прыгожыя зімовыя святы, якія ў кожнага асацыіруюцца з цудам. І мы верым у яго, спадзяёмся, бо ўсе родам з дзяцінства, унутры кожнага з нас жыве дзіця, насуперак прагматызму наіўнае і безабароннае.
– Збылося! – мая добрая знаёмая аж свеціцца. – Так марылі з мужам пра новы тэлевізар і нарэшце набылі. Сучасны, «наварочаны» і вельмі зручна, па адчувальнай скідцы. Цяпер навагодняя ноч будзе цікавай. Не ведаю, як хто, а я люблю бавіць яе ля экрана. Свечкі, паўзмрок, пах елкі і мандарынаў – і любімыя артысты на тэлеэкране. Сядзіш вось так і думаеш: вось яно, маленькае ціхае шчасце…
У другіх знаёмых – свае клопаты і планы. Заканчваецца высакосны год, і ў наступным іх чакае прыемнае – сынава жаніцьба. Адобрылі бацькі будучую нявестку, «дабро» на вяселле хлопец атрымаў, а вось ісці ў ЗАГС у бягучым годзе не спяшаліся. Можа, яно і несур’ёзна – верыць розным прыкметам, але ж нічога не прыспешвае, можна і пачакаць. Праўда, той-сёй намякае, што і ў трынаццатым годзе, калі ўжо ставіцца да прыкмет з такой сур’ёзнасцю, ці варта ўступаць у шлюб. Вось тут і думай, як лепш. А хочацца ж галоўнага – каб дзеці былі шчаслівымі…
Па-свойму шчаслівай завяршае год Тамара Васільеўна, яшчэ адна мая добрая знаёмая. Нарэшце, дзеліцца, разлічылася з крэдытам і цяпер – як вольная птушка. Крыху вальней будзе з грашыма, не трэба эканоміць, загадзя разлічваць – і гэта радуе. Таму жанчына шчаслівая.
Дзіця закончыла вучобу і ўжо, як кажуць, на сваім хлебе… Маладыя ўсяліліся ва ўласнае жыллё… У некага сям’я папоўнілася яшчэ адным маленькім чалавечкам… Вось яны, прычыны нашых маленькіх радасцяў, хвіліны ціхага зямнога шчасця. І літаральна ў кожнага з нас у бягучым годзе яны былі. Будуць і ў годзе наступным, абавязкова будуць. Таму і ўвойдзем у яго, як і заўсёды, з верай, надзеяй і любоўю.

Ірына БУДЗЬКО

p style=»text-align: justify;»

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 126 queries