Ідзе апошні месяц 2012 года, Года кнігі. Ён быў багаты на юбілеі нашых славутых песняроў зямлі беларускай: Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Танка.
У кагосьці з нас часам прамільгне думка, што кніга ў сваім звычайным выглядзе ўжо страціла сваё значэнне, што існуе інтэрнэт і электронная кніга. Ніхто не будзе спрачацца з прагрэсам. Але ж мае права на існаванне і другая думка: кніга яшчэ доўга будзе радаваць нас, хто не можа ўявіць сабе жыццё без яе. Людзі старэйшага ўзросту памятаюць той час, калі ў кніжны магазін была такая чарга за літаратурай, як за самым прэстыжным дэфіцытам. Кнігалюбы ёсць і цяпер. Гэта яны ідуць у бібліятэку, сочаць за кніжнымі навінкамі, абменьваюцца думкамі аб прачытаным. А дзе знойдзеш аднадумцаў? Вядома, у бібліятэцы.
Так і у нас, гарадскім філіяле №5, можна падзяліцца разважаннямі наконт прачытанага, паспрачацца аб той ці іншай кнізе.
Філіял №5 пачаў працаваць у пасёлку “Паўночны” (так званы “Шанхай”) з канца 2005 года і знаходзіўся ў школе №5. У жніўні бібліятэка пераехала ў самы цэнтр пасёлка на вуліцу Дабравольскага, 6. Чытачы задаволены, што сюды можна зайсці па дарозе ў магазін, дзіцячы сад, на пошту. Хто яшчэ не пабываў у нас па новаму адрасу – шчыра запрашаем.
Тут вас чакаюць вашы любімыя кнігі: жаночыя раманы, дэтэктывы, фантастыка, творы беларускіх, расійскіх, замежных аўтараў.
У чытальнай зале багаты выбар перыядычных выданняў як беларускіх, так і расійскіх: 50 назваў газет і часопісаў беларускіх, 13 назваў расійскіх. Можна пачытаць газету або пагартаць часопіс на месцы ў чытальнай зале, а можна ўзяць на дом.
Часопісы і газеты на любы густ: для дарослых ёсць шмат па садаводству (“Хозяин”, “Приусадебное хозяйство” і іншыя), для жанчын таксама ёсць што пачытаць у вольную хвіліну – “Гаспадыня”, “Алеся”, “Отдохни”, “Караван историй”, “Домашний очаг” і нямала іншых. Для дзетак таксама шмат чаго прывабнага: “Стрекоза”, “Волшебный”, “Принцесса”…
Ужо некалькі гадоў дзейнічае акцыя “Падары кнігу бібліятэцы”. Гэта вельмі значная крыніца папаўнення кніжных фондаў бібліятэк. Ёсць і ў філіяле №5 шчодрыя і неабыякавыя чытачы. Замест таго, каб прачытаныя кнігі ляжалі незапатрабаваныя ў каробках на гарышчы, яны дораць іх у бібліятэку бескарысна. Асабліва трэба адзначыць Місюля Сяргея Яўгенавіча, які падараваў больш за 150 кніг. Гэта расійскія дэтэктывы і фантастыка. Скарыстаўшы параду сваёй мамы, якая таксама чытае ў нашай бібліятэцы, ён прынёс кнігі ў дар. Чытачы бібліятэкі вельмі ўдзячны Сяргею Яўгенавічу за яго шчодры дар.
Заканчваецца Год кнігі, але сама кніга будзе вечна служыць тым, хто яе чытае. А будзе жыць кніга – будуць жыць і бібліятэкі.
Чакаем вас, нашы дарагія чытачы ў гарадскім філіяле №5. Запрашаем наведаць нашу ўстанову і тых, хто яшчэ не быў у нас.
Тэрэза ДЗЕВЯЦЕНЬ, бібліятэкар








