– Салдацкія шынелі мы памянялі на фуфайкі, замест аўтаматаў узялі ў рукі рыдлёўкі – і пачалі аднаўляць зруйнаваную вайною краіну, – у гэтых словах Аляксандра Іванавіча Слабады, ветэрана Вялікай Айчыннай, – глыбокая жыццёвая мудрасць. Старэйшы ўдзельнік традыцыйнай акцыі, арганізаванай абласной арганізацыяй рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб’яднання таварыства «Веды», якая сёння праходзіць на Міншчыне, ён у гады вайны ўзначальваў партызанскі атрад. Зараз мае статус ганаровага грамадзяніна Мінскай вобласці. І ўжо не за ратны, а за мірны подзвіг атрымаў званне Героя Сацыялістычнай працы.
На акцыю ў вілейскі Палац культуры сабраліся ветэраны вайны і працы, прадстаўнікі маладога пакалення віляйчан. І атрымаўся своеасаблівы духоўны дыялог паміж тымі, хто здзейсніў Вялікую Перамогу, і хто стаў яе нашчадкам . Выступаючы на адкрыцці мерапрыемства, старшыня раённага Савета дэпутатаў Яўген Ігнатовіч нагадаў адзін з хвалюючых эпізодаў той страшнай вайны, удзельнікамі якога былі нашы землякі. З месяц таму газета «Звязда» апублікавала апавяданне Фелікса Шкірманкова, байца партызанскай брыгады імя Даватара, што дыслацыравалася на Вілейшчыне. Сюжэт яго не выдуманы, заснаваны на рэаліях жорсткага змагання ў тыле ворага.. Шануючы памяць, аўтар не змяніў нават імёны герояў. І мастацкасць твора – у эмацыянальных разважаннях-успамінах, настальгічным суме аб гадах баявога юнацтва: «І над прыціхлай рэчкай, над лесам, дзе, быццам казачная птушка Фенікс, узняліся нашы зямлянкі, лунала партызанская песня, вяртаючы нас у тыя трывожныя гераічныя дні. І мы зноў не з сівымі скронямі ветэраны, а бадзёрыя, поўныя моцы юныя народныя мсціўцы».
У арганізацыі акцыі «Салют табе, Вялікая Перамога» – прыярытэтная роля намесніка старшыні праўлення абласной арганізацыі таварыства «Веды», генерал-маёра Ігара Андрэевіча Лінкіна. Выступаючы перад віляйчанамі, ён акцэнтаваў увагу на шматлікіх спробах тэндэнцыйных гісторыкаў рэвізаваць гісторыю Вялікай Айчыннай, прынізіць ролю савецкага народа ў зыходзе другой сусветнай вайны. Мэты такой ідэалагічнай дыверсіі – відавочныя. Пазбавіць людзей удзячнай памяці – значыць, падарваць той падмурак, на якім фарміруецца іх светапогляд. Патрыятызм – паняцце рэальнае. Яно акумулюе ў сабе пачуцці любві да Радзімы, павагі да яе гістарычнай спадчыны і гатоўнасць усё гэта абараніць не толькі на полі ратным, але і ў сутыкненні ідэй, дзе схваткі бываюць часам таксама жорсткія.
– Наша задача, пісьменнікаў і журналістаў,данесці маладому пакаленню праўду аб вайне – лагічным працягам выступлення Ігара Андрэевіча прагучалі словы Рыгора Васільевіча Сакалоўскага, заслужанага дзеяча культуры Рэспублікі Беларусь, старшыні абласных аддзяленняў Беларускага Саюза журналістаў і Саюза пісьменнікаў Беларусі, лаўрэата абласной прэміі імя Максіма Багдановіча. Рыгор Васільевіч – жаданы госць на вілейскай зямлі. Нашаму светламу краю ён прысвячае свае паэтычныя творы. Вершы вядомага ў краіне паэта ўпрыгожваюць старонкі раённай газеты. Яны і гучаць са сцэны, лірычныя, шчырыя, прасякнутыя той непадробнай любоўю да роднай зямлі і яе людзей, якая ўласціва толькі натурам апантаным, таленавітым і многа ў жыцці зведаўшым. Вогненным зігзагам прайшоўся па лёсе журналіста і паэта Афганістан. Цэлыя цыклы вершаваных твораў Рыгора
Сакалоўскага прысвечаны салдацкай мужнасці і вернасці воінскай клятве, што не абмяжоўваецца прастораю і часам. Нашчадкі салдат Вялікай Перамогі з гонарам прайшлі выпрабаванне агнём – і ў гэтым сэнс пераемнасці і дзейснасці памяці.
(Працяг у №22 на стар.2)
Марыя КУЗАЎКІНА
Фота аўтара


