У мінулыя выхадныя многія гараджане і вяскоўцы знайшлі час не толькі для сваіх спраў, але і для грамадскіх. На дварэ восень, а гэта значыць, што цяпер самы час прыбраць непатрэбнае, пасадзіць дрэўцы і кусты, падладзіць кветнікі. Каб нагадаць пра гэта, Мінскі абласны выканаўчы камітэт прыняў распараджэнне №263р «Аб правядзенні месячніка па навядзенні парадку на зямлі, добраўпарадкаванні і азеляненні тэрыторый». У яго рамках было рэкамендавана правесці ў мінулую суботу абласны суботнік. Прадстаўнікі працоўных калектываў працавалі па прылягаючых тэрыторыях, у парках і садах, ля помнікаў і на могілках. Асабліва актыўна прайшлі суботнікі на раёне, і ў гэтым адчуваецца арганізатарская работа мясцовых улад, дэпутацкага корпуса, кіраўніцтва раённага Савета дэпутатаў.
– Працавалі дружна, – адзначыла старшыня раённага Савета дэпутатаў Наталія Радзевіч. – У аграгарадках Даўгінава, Ілья, вёсках Саланое, Багданава, Касцяневічы прайшлі суботнікі на вясковых могілках. Працаўнікі ААТ «Вілейскі райаграсэрвіс» убіралі яблыкі ў асіпавіцкім садзе. Супрацоўнікі Рабунскага сельвыканкама і культработнікі добраўпарадкавалі клумбы ля помніка ў Крывым Сяле (гэта зроблена таксама ў рамках выканання рашэння раённага Савета дэпутатаў, прынятага ў ходзе выязной сесіі Савета ў гэтым сельсавеце ў жніўні бягучага года). Пра тое, як дружна працавалі жыхары Багданава, у рэдакцыю напісала Клаўдзія Дубовік.
«На багданаўскіх могілках, якія стаяць на вельмі прыгожым узвышшы, былі спілаваны сухія дрэвы, знішчаны кустарнікі, вымецена смецце, пафарбавана агароджа вакол могілкаў, – напісала яна ў рэдакцыю. – Прыйшлі, безумоўна, не ўсе, але хто прыйшоў, атрымаў творчае задавальненне, бо многія з вяскоўцаў адшукалі пад галлём і сухім слоем лісту магілы сваіх прашчураў. А шчыравалі на суботніку мужчыны з піламі – Віктар Андрэеў, Уладзімір і Дзмітрый Кляўды, Андрэй Дрожжа і іншыя. З жанчын – Сафія Богдан, Ірына Сасонка, Кацярына Баслык і многія-многія іншыя, дзякуючы якім могілкі, безумоўна, аднавіліся. Спілаваныя старыя дрэвы вырашылі аддаць у Куранецкі інтэрнат. Шчыраваў на суботніку і сам старшыня сельвыканкама Віктар Уліцкі. Пасля суботніка было вырашана праводзіць падобнае мерапрыемства кожны год у апошні тыдзень кастрычніка. Ну, а тыя, хто не мог прыйсці менавіта ў гэтую гадзіну, падцягнуліся крыху пазней, бо працы тут хопіць яшчэ не на адзін дзень…»
Плённа папрацаваў на суботніку і калектыў жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Як адзначыла намеснік дырэктара арганізацыі Марына Андрыеўская, камунальнікі ў суботу былі заняты на добраўпарадкаванні гарадскога парка, вуліц Шубіна і Савецкай, прыдамавых тэрыторый па Піянерскай, 47 і Партызанскай, 64, на вуліцы Вадап’янава. Акрамя таго, у гэты дзень вяліся работы па рамонту кацельных, замене цеплатрас. Добраўпарадкоўваліся і тэрыторыі арганізацыі.
Ірына БУДЗЬКО.
Фота прадастаўлены Наталіяй РАДЗЕВІЧ











