Калі абяцанні Рыгі сталі фікцыяй
Паводле ўмоў Рыжскага мірнага дагавора, палякі абавязваліся гарантаваць беларусам іх правы на свабоднае нацыянальна-культурнае развіццё. Але, як сведчаць дакументы з кнігі «Памяць», пра гэта яны хутка забыліся. Ужо ў першай палове 1920-х гадоў на Вілейшчыне пачалася палітыка нацыянальнага прыгнёту, якая закранула кожны аспект жыцця – ад пошты да школы.
Мова як бар’ер
Адным з яскравых прыкладаў падобнага ціску стаў выпадак 28 чэрвеня 1924 года. Прадстаўнікі вёсак Заельнікі і Шчокаўшчызна Хаценчыцкай гміны падалі ў паштова-тэлеграфную ўстанову ў мястэчку Ілья тэлеграму да паслоў Беларускага клуба. Яны хацелі паведаміць пра злоўжыванні мясцовай улады над беларускім насельніцтвам пры рамонце грунтавых дарог. Аднак паштовы служачы адмовіўся прыняць тэлеграму на беларускай мове. Як зафіксавана ў інтэрпеляцыі ад 20 ліпеня 1924 года, служачы тлумачыў, «што
тэлеграмы ён можа прымаць толькі на польскай мове або нават на французскай ці нямецкай, якіх, натуральна, беларускае насельніцтва не ведае».
«Новая паншчына»
Праблемы былі не толькі ў бюракратыі. Сялян вёсак Жукавічы, Заельнікі, Рабцы, Дварц, Пляшчаны, Лоўцавічы і іншых той
жа Хаценчыцкай гміны прымушалі працаваць на рамонце дарог на землях абшарніка Чаховіча. У кнізе «Памяць» гэта называецца не
інакш як «новая паншчына», дзе тварылася «многа крыўды і несправядлівасці». І такія парадкі, паводле сведчанняў, адбываліся паўсюдна на Вілейшчыне.
Катастрофа адукацыі: лічбы і факты
Самым адчувальным ударам стала ліквідацыя беларускай школы. Калі ў 1918 -1919 гадах у Заходняй Беларусі існавала каля 400 беларускіх школ, то ў 1926 годзе іх засталося толькі 4. Пра сітуацыю на Вілейшчыне сведчыць справаздача каменданта павятовай паліцыі Вілейкі ў 1925 годзе:
«Школ беларускіх у павеце няма. Ёсць 5 школ двухмоўных. Тайнае выкладанне беларускай мовы на сяле спынена».
Пад націскам народных мас урад Пілсудскага ў 1927—1928 гадах усё ж вымушаны быў пайсці на некаторыя ўступкі. Вілейскі павятовы сеймік ахвяраваў на асфету тады 74 652 злотыя. У 160 школах павета вучыліся 12 075 вучняў. Беларускія дзяржаўныя школы дзейнічалі у Халапах, Цынчавічах, Асіпавічах, Журыхах, Каралеўцах, Клоўсях, Слабадзе і Талуці. Ужо ў 1929/30 навучальным годзе колькасць беларускіх школ скарацілася да 26, а ў 1938 годзе засталася і наогул адна.
Па матэрыялах кнігі “Памяць” Вілейскі раён







