Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

«Дзеці не бываюць чужымі»: гісторыя прыёмнай сям’і Паўлоўскіх

Непрадказальныя жыццёвыя шляхі-дарогі, і куды яны павернуць праз год, пяць, дзесяць, не ведае ніхто. Вось і ў лёсах герояў гэтага матэрыяла ў свой час адбыліся перамены, пра якія яны не маглі і падумаць.

Знаёмства і пераезд

Людміла нарадзілася і вырасла ў Брагіне, Віктар – у Рагачове. Пазнаёміліся студэнтамі, калі дзяўчына вучылася на бухгалтара, а хлопец – на ветэрынара. Пажаніліся. І жылі б, напэўна, на малой радзіме, калі б не Чарнобыль.

«Сёстры мае старэйшыя пераехалі жыць у Мядзельскі раён, – расказала Людміла Рыгораўна, – за імі паехалі і мы. Выбралі Вілейшчыну, маляўнічыя Лыцавічы і ніколькі не шкадуем».

На новым месцы абое знайшлі прымяненне сваім сілам і ведам, выгадавалі дзвюх дачок. Яны зараз ужо маюць свае сем’і і падарылі бацькам унука і ўнучку, якіх бабуля з дзядулем вельмі любяць. Вось і ў гэтыя летнія дні ўнучка з задавальненнем праводзіць канікулы ў Лыцавічах, а старэйшы ўнук нават знайшоў сабе карысны занятак – працуе ў мясцовай гаспадарцы на сушылцы.

Рашэнне стаць прыёмнымі бацькамі

Гадоў каля пятнаццаці таму назад у жыцці Паўлоўскіх адбылася важная змена – яны сталі прыёмнымі бацькамі для дваіх дзетак.

«Даведаліся, што ў дзіцячым прытулку ў Шылавічах ёсць дзеткі, якія па нейкіх прычынах засталіся без бацькоў, – прыгадала Людміла Рыгораўна. – А чаму б, падумалі, не дапамагчы гэтым дзеткам? Усё абмеркавалі і вырашылі: будзем прыёмнымі бацькамі».

Так у іх з’явіліся Валодзя і Алёна, родныя брацік з сястрычкай, якія цяпер ужо дарослыя: хлопец пасля каледжа працуе на чыгунцы ў Брэсце, дзяўчына сёлета закончыла Чурлёнскую школу, паспяхова здала экзамены ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў і стала студэнткай гэтай навучальнай установы.

Першыя крокі і сардэчныя моманты

Людміла Рыгораўна нярэдка вяртаецца ў думках у той час, калі малыя брацік з сястрычкай упершыню пераступілі парог іх дома. Алёнка, якой было на той час толькі тры з паловай гады, неяк адразу ж стала называць прыёмных бацькоў мамай і татам. А вось Вову спатрэбілася болей часу на тое, каб адагрэцца душой, прыняць новых бацькоў і зразумець, што яны цяпер ім самыя дарагія людзі.

«Як цяпер памятаю той зімовы дзень, калі хлопчык упершыню назваў мяне мамай, – прыгадала Людміла Рыгораўна. – Вова спрабаваў тады запусціць паветранага змея, нешта ў яго не атрымлівалася, я падказвала, што і як лепш зрабіць. І калі змей падняўся ў паветра, Вова радасна прыбег да мяне і выгукнуў: «Мама, атрымалася!» Так цёпла на сэрцы стала ад гэтых яго слоў…

А то, бывала, увечары ўкладваю іх спаць, калыханку спяваю, пагладжваю маленькую па спінцы. А Воўка слухае-слухае, а пасля кажа: «Нешта і мне спіна забалела». Зразумела, што і яму, як і сястрычцы, хочацца, каб яго прыгарнулі, пагладзілі. Дзіця ж».

Добрымі і спагадлівымі выраслі брат і сястра, і гэта, безумоўна, дзякуючы прыёмным бацькам, якія сталі для іх роднымі. Тут дзеці ўбачылі, якой павінна быць сапраўдная сям’я, навучыліся цаніць і паважаць людзей, зразумелі важнасць працы для кожнага чалавека. А яшчэ – берагчы бацькоў і цаніць кожны момант, калі яны ўсе разам. І ўсё гэта, зазначае Людміла Рыгораўна, вельмі важна ў жыцці.

Новыя выхаванцы

Сёння ў доме Паўлоўскіх жывуць яшчэ два брацікі – Максім і Мацвей. Перажытае ў маленстве пакінула на дзетках свой адбітак, і прыёмным бацькам (а іх хлапчукі называюць бабуляй і дзядулем) было няпроста адагрэць дзіцячыя сэрцы, навучыць малых усяму таму, што павінны ўмець дзеткі ў іх узросце. Паціху ўсё атрымалася, і сёння малодшы з хлапчукоў, Мацвейка, з гонарам заяўляе: «Дзед мой сябра!».

Пра цяжкасці і галоўнае

Спытала ў Людмілы Рыгораўны пра цяжкасці, з якімі сутыкаюцца прыёмныя бацькі.

«Мне здаецца, самае цяжкае – гэта калі дзеткі хварэюць, – не раздумваючы, адказала жанчына. – А ўсё астатняе – звычайныя жыццёвыя клопаты. А вось хваробы… Нядаўна ў Максімкі «падскочыла» тэмпература, дык мы з мужам усю ноч не маглі заснуць, хваляваліся».

Так, усе мы перажываем за сваіх дзяцей. Паўтару, за сваіх. А для Паўлоўскіх, як я зразумела, паняцце «прыёмныя» не вызначальнае, галоўнае для іх – слова «дзеці». Усвядоміць, што іх, хлопчыкаў і дзяўчынак, не бывае чужых, дадзена не ўсім. Героі гэтага матэрыяла якраз з тых, хто ўсвядоміў і жыве па такім прынцыпе, вяртаючы абяздоленым дзеткам самае галоўнае – сям’ю.

Ірына БУДЗЬКО. Фота з сямейнага архіва герояў матэрыяла

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 235 queries