Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Гісторыя Ірыны Чарток з Вілейскага раёна, якая выгадавала дзесяцярых дзяцей і застаецца духоўным цэнтрам вялікай сям’і

Нямала гадоў таму назад я пазнаёмілася з Ірынай Васільеўнай, і менавіта гэта жанчына заўсёды асацыіруецца ў мяне з вобразам сапраўднай маці. Добразычлівай і працавітай, сумленнай і моцнай духам, адказнай і сціплай – жанчынай, якая годна нясе сваё ганаровае званне мнагадзетнай маці і заслугоўвае самых прыгожых і цёплых слоў.

Сучасным маладым мамачкам, якія іншы раз наракаюць на цяжкасці, выхоўваючы дваіх, а то і адно дзіцятка, можна толькі ўявіць, як гэта няпроста – нарадзіць і выгадаваць дзесяцярых дзяцей, прытым жывучы ў вёсцы і маючы на падворку карову і іншую жыўнасць, шчыруючы на агародах і «сотках». Колькі працы зведалі натруджаныя рукі Ірыны Васільеўны! З усім спраўлялася яна і ніколі не скардзілася на лёс. І кожны вечар, стомленая за дзень, яна знаходзіла час, каб расказаць дзецям казку, прачытаць кніжку, проста выслухаць кожнага, падтрымаць і суцешыць.

Здаецца, зусім нядаўна яны, яе сыночкі і дачушкі, былі маленькімі, а сёння кожны з іх – самадастатковы дарослы чалавек. Мінск, Фаніпаль, Смаргонь, Вілейка, Вязынь – гэта дарагія сэрцу Ірыны Васільеўны адрасы, дзе жывуць яе дзеці і куды яна стараецца пры магчымасці наведвацца.

– Сваіх дзетак выгадавала, а зараз маімі сталі і іх спадарожнікі жыцця, – з усмешкай адзначае жанчына. – Усе яны мае, родныя. А дадайце яшчэ і дзевяць унукаў, дык і вунь якое застолле атрымліваецца. Калі збіраемся разам, дык нам нікога больш і не трэба, трыццаць чалавек – сапраўдная бяседа.

Маці гаворыць пра дзяцей, і яе блакітныя вочы адразу цяплеюць. Сыны і дочкі цяпер  – галоўная матуліна дапамога ва ўсіх справах, на іх ляжыць клопат пра тое, каб ёй жылося спакойна і камфортна.

Што і казаць, дастойнымі лю­дзь­мі выраслі дзеці, маці з поўным правам можа імі ганарыцца. «Я старалася, заўсёды вучыла іх добраму», – сціпла прызнаецца Ірына Васільеўна і тут жа дадае, што яе робяць шчаслівай і ўнукі, для якіх яна не проста бабуля, а сапраўдная захавальніца сямейнага цяпла, якая заўсёды выслухае, падтрымае і параіць.

Роля маці ў гэтай сям’і велізарная. Гэта дзякуючы ёй тут пануюць павага адно да аднаго, узаемадапамога і любоў. Браты і сёстры пастаянна на сувязі, у іх нават ёсць свая група ў інтэрнэце. Кожная падзея, важная для сям’і, абмяркоўваецца, і прымаецца сумеснае рашэнне, што і як рабіць далей. Так у сям’і заўсёды было, так застаецца і цяпер. Дзеці лічаць сябе адказнымі не толькі за свае сем’і, але і за іх вялікую і дружную сям’ю, якая пачынаецца з матулі.

– Яе жыццёвы шлях – прыклад сапраўднага мацярынскага по­дз­вігу, які не вымяраецца ўзнагародамі і гучнымі словамі, – такім было агульнае слова пра маці дзесяцярых дзяцей Ірыны Васіль­еўны. – Ён вымяраецца нашымі лёсамі і бязмернай удзячнасцю ёй, самаму дарагому чалавеку.

Семдзясят гадоў – гэта цэлае жыццё, напоўненае працай, клопатамі, радасцямі і перажываннямі. Бяссонныя ночы ля дзіцячай калыскі, школьныя лінейкі і выпускныя, першыя поспехі і няўдачы, трывогі і мацярынскія малітвы за кожнага  – усё гэта было і застаецца ў жыцці жанчыны. А яно, жыццё, не было лёгкім. Лёс падрыхтаваў ёй нямала выпрабаванняў. І моцная духам жанчына дастойна іх вытрымала, з’яўляючыся прыкладам для сваіх дзяцей і ўнукаў.

У гэтыя дні на падворку юбіляршы ў Журыхах людна  – павіншаваць яе прыяз­джалі і ў дзень нараджэння, і сёння, у выхадныя. Падарункі, кветкі, шчырыя словы пажаданняў моцнага здароўя, душэўнага спакою, доўгіх гадоў жыцця, сардэчная па­дзяка за мацярынскую любоў і мудрасць – усё гэта стварае своеасаблівую святочную атмасферу, галоўная гераіня якой – матуля. Віншуем Вас, паважаная Ірына Васільеўна!

Ірына БУДЗЬКО/Фота з сямейнага архіва гераіні матэрыяла

*Публікацыя створана ў рамках праекта «Віляйчанка» пры падтрымцы Міністэрства інфармацыі за кошт сродкаў мэтавага збору на вытворчасць нацыянальнага кантэнту.

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 192 queries