Гэты кавалак дарогі перад Вязынню ўражвае кожнага сваім кідкім каларытам. Гонкія бярозы, здаецца, наступаюць на шашу, чуць не сыходзячыся над ёю вершалінамі. І дарога бяжыць удалеч, нібыта ўцякаючы ад іх зялёнага шуму. А ён – вечны, не ў прыклад таму, што ў гэтыя жніўныя дні агалошвае ваколіцы і гучыць як дыфірамб людской працы. Падсумоўвае яе вынік, закладвае аснову сялянскага дабрабыту. Толькі раўнадушны мог не захапіцца, як дружна на жытнім полі, што залатой мярэжкай выцягнулася ўздоўж шашы, ладзілі парад камбайны. Адразу можна было пабачыць амаль усю наяўную ўборачную тэхніку, якую сельгаспрадпрыемства «Вязынскае-агра» задзейнічала на жніве. Літаральна праз гадзіну на месцы жніўнага палетку засталіся роўныя рады саломы, з адлівам бурштынавага россыпу.
– Скасілі чатыры гектары… Пераязджаем у Кобузі, – пракаменціраваў дзею, адначасова акрэсліўшы яе перспектыву, брыгадзір Уладзімір Сомаў. Ён жа і затрымаў для мімалётнай гутаркі адзін з камбайнавых экіпажаў. «Дон» ужо ладзіўся ўз’ехаць на шашу і выйсці на зададзены курс, услед за іншымі камбайнамі. Уладзімір Соніч, старшы камбайнер, – адзін з лепшых у гаспадарцы механізатараў. Займаючыся ўвесну ворывам, ён наважваўся бачыць менавіта такі вынік, як на гэтым полі.
– Цэнтнераў 37 будзе ўраджайнасць, – на хаду дзеліць атрыманы намалот на плошчу брыгадзір. Яго тут таксама важная роль: арганізацыя работы, кантроль за якасцю, размеркаванне нагрузкі на камбайн, у залежнасці ад класа. На полі, акрамя «Дона», тры «КЗС-ы». Адзін з іх, які давераны экіпажу Уладзіміра Грыпініча, – новы, набыты да ўборачнага сезону. Яшчэ на адным працуе сямейны экіпаж Буслаўскіх – бацька Алег і сын Дзмітрый. Прозвішча распаўсюджанае і паважанае на Вязыншчыне. Таму не дзіўна, што вымаўляе яго брыгадзір некалькі разоў і ўсё ў розным кантэксце. На «Акросе» (ACROS-530) – экіпаж Сяргея Буслаўскага. Другі камбайнер, ці, як па завядзёнцы, – памочнік – Уладзімір Вабішчэвіч, студэнт сельскагаспадарчага ВНУ. Такая вось у хлопца, будучага інжынера, атрымалася практыка. Услед за камбайнамі «круціць» салому ў рулоны Руслан Буслаўскі. Важкія, тугія цюкі рэзка мяняюць пейзаж пажніўнага палетку.
Больш тысячы гектараў збажыны прадстаіць убраць сёлета хлебаробам «Вязынскага-агра». Арганізаваны пачатак дазваляе прадбачыць абнадзейваючы фінал жніва.
Марыя КУЗАЎКІНА. Фота аўтара