Шэрая стужка дарогі ў два дзясяткі кіламетраў… Гэту адлегласць ад дома да фермы і назад штодня праязджае на сваёй машыне жанчына, пра якую і пойдзе гаворка.
З брыгадзірам малочна-таварнай фермы «Добравічы» РСУП «Першы Беларускі» Аленай Сяліцкай я пазнаёмілася некалькі месяцаў таму назад. Тады разам з прафсаюзным лідарам раённай арганізацыі работнікаў аграпрамысловага комплексу Ірынай Супрановіч мы віншавалі працаўнікоў фермы ў рамках акцыі «Жывёлавод». У час гэтага кароценькага, але цёпла-душэўнага мерапрыемства звярнула ўвагу, як даверліва і паважліва адносяцца працаўнікі да свайго кіраўніка – Алены Пятроўны. І захацелася крыху болей даведацца пра гэту жанчыну.

Алена нарадзілася ў Язнях і была самай малодшай – сёмай – у мнагадзетная сям’і калгаснай свінаркі. З дзяцінства дзяўчынка бачыла матуліны клопаты, бегала дапамагаць ёй на ферму. Аднак прафесію пасля школы вырашыла атрымаць іншую – падала дакументы ў тагачаснае Вілейскае СПТВ-200, каб вучыцца на цырульніка.
– Ды правучылася толькі з месяц, – з усмешкай прыгадвае зараз Алена Пятроўна. – Прыехалі мама з братам, забралі мяне і павезлі ў Ілью – паступаць на ветфельчара ў сельгастэхнікум. І вельмі правільна, дарэчы, зрабілі. Не ведаю, як бы мне было цырульнікам, а працу ў жывёлагадоўлі я вельмі люблю.
Пасля вучобы дзяўчына прыехала жыць у родную вёску і працаваць у тагачасным калгасе імя Леніна. На сямейнай радзе дамовіліся, што яна будзе жыць з маці і дагледзіць яе ў старасці. Так і атрымалася. Дом, дзе Алена некалі ўбачыла свет, стаў родным і для яе дваіх дзяцей, і для траіх унукаў, якія любяць тут бавіць час. Частыя яны, гарадскія госці, у родным доме, і кожны іх прыезд для бацькоў – сапраўднае свята. Фірменныя бабуліны калдуны да дранікі – найсмачнейшы пачастунак для гарадскіх унукаў.
Другой сям’ёй, і гэта без перабольшвання, для Алены Пятроўны стаў калектыў фермы, якім яна кіруе. Дваццаць пяць чалавек, розных па характарах, кожны са сваёй жыццёвай гісторыяй, і з кожным трэба было знайсці агульную мову і паразуменне. Знайшла, хоць іншы раз было і няпроста. Затое цяпер кожны на ферме ведае яе галоўны прынцып: сваю работу трэба выконваць адказна і з душой. Тады і поспех абавязкова прыйдзе. 690 кароў, цяляткі – гэтая «гаспадарка» не церпіць раўнадушных і абыякавых, яна, як і ўсё жывое, любіць клопат і ласку. Так працуе сама Алена Сяліцкая, гэтага ж патрабуе і ад падначаленых.
У рэдкія вольныя хвіліны Алена Пятроўна, як і ўсе дбайныя сельскія гаспадыні, завіхаецца на прысядзібным участку. Вось і ў гэтую прыгожую майскую пару, калі ўжо ўправілася з агародамі, жанчына любіць затрымацца ля кветак, палюбавацца імі. Зацвілі яе любімыя півоні, і гэта такое хараство!
Ірына БУДЗЬКО







