Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Адзіны запіс у працоўнай кніжцы : як касір Вольга Паслед стала перадавіком раёна

У дзяцінстве дзяўчынкі любяць гуляць «у магазін», «у бальніцу», «у школу», уяўляючы сябе то за касай, то з фанендаскопам, а то з кніжкай у руках. Віляйчанка Вольга Паслед, пра якую хочацца расказаць, хутчэй за ўсё бачыла сябе за касай, бо, скончыўшы школу, пайшла вучыцца ў тагачаснае вілейскае ПТВ-48 на кантралёра-касіра. Непрыкметна праляцеў час, і вось дзяўчына ўжо амаль што спецыяліст, якога чакае практыка. Вольгу накіравалі ў аўтобусны парк, які стаў для яе не толькі першым, але і адзіным месцам работы.

– Трыццаць пяць гадоў працую тут, а так непрыкметна праляцеў час, – прызнаецца зараз Вольга Міхайлаўна, старшы білетны касір і высокакваліфікаваны спецыяліст. – Вельмі люблю сваю работу, іншай проста не ўяўляю. Заўсёды з людзьмі, у гушчыні падзей – гэта ж так цікава. Спачатку была білетным касірам, цяпер больш займаюся папяровымі справамі, непасрэдна працую з вадзіцелямі і кандуктарамі.

У свой час з будучым мужам Вольга пазнаёмілася таксама на працы: ён прыйшоў купляць білет, а яна была ў касе. Такой была першая сустрэча, пасля якой і пачаліся іх адносіны. Праз пэўны час маладыя пажаніліся, у сям’і нарадзіліся два сыны.

– Хлопцы мае ўжо даўно дарослыя, – падзялілася Вольга Міхайлаўна, – маюць свае сем’і. Старэйшы жыве далёка, аж на Поўначы, а малодшы тут, у Вілейцы, таму сустрэцца ўсім разам не так часта атрымліваецца. Але сыны стараюцца арганізоўваць такія сустрэчы. Так, калі малодшы служыў у арміі, мы дома адзначалі мой юбілей. І сапраўдным падарункам для мяне стала тое, што ўсе-усе блізкія сабраліся ў гэты дзень, нават салдацік наш змог прыехаць. А на святкаванне мінулага Новага года самым лепшым падарункам для мяне стаў нечаканы прыезд старэйшага сына з сям’ёй. Практычна пад бой курантаў пераступілі яны парог майго дома. Які ж гэта быў сюрпрыз! Вось і не вер тут у навагоднія цуды…

Цёпла расказвае Вольга Міхайлаўна і пра сваю матулю, разам з якой жыве ў адным доме. Усе пытанні яны абмяркоўваюць сумесна, з усімі праблемамі спраўляюцца таксама сваім сямейным дуэтам. Вось і цяпер разам плануюць, дзе і што будуць вырошчваць на агародзе, калі возьмуцца за справу. «Сыны настойваюць, каб болей адпачывалі, адмаўляліся ад агародаў, – расказала жанчына, – ды неяк пакуль не можам. Ну як гэта – жыць у сваім доме і не мець градак? Мы так не можам».

За час сваёй працы ў аўтобусным парку Вольга Паслед не раз адзначалася ў ліку перадавікоў. Вось і сёлета – чарговая ўзнагарода: рашэннем Вілейскага раённага выканаўчага камітэта жанчына названа ў ліку лепшых работнікаў жыллёва-камунальнай гаспадаркі, будаўніцтва і транспартных паслуг з занясеннем на Дошку гонару раёна па выніках работы за мінулы год. Што тут скажаш, па працы і пашана.

Ірына БУДЗЬКО

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 188 queries