Напрыканцы красавіка спаўняецца 40 год з таго дня, як выбухнуў Чарнобыль. Магутная тэхнагенная катастрофа стала выклікам чалавецтву, а мірны атам – нябачнай небяспекай. Вялікая краіна згуртавалася вакол бяды, пра гэта ведаюць і расказваюць сведкі тых аддаленых у часе, але не ў памяці падзей.
Ліквідатар з Вілейшчыны
Адным з тых, хто быў накіраваны ў першыя дні пасля аварыі ў Чарнобыль, быў Ігар Сцяшко. Шмат гадоў Ігар Яўгенавіч узначальвае Даўгінаўскую ўчастковую бальніцу, а ў далёкім 1986 годзе ён, выпускнік Мінскага медыцынскага інстытута, праходзіў інтэрнатуру ў Маладзечне і стаў на ўлік у райваенкамат.
Зборы былі маланкавыя: пад’ём у 12 гадзін ночы, потым збор на тэрыторыі Маладзечанскага райваенкамата, а ўжо ў 10 гадзін раніцы – адпраўка спачатку ў Барысаў, а потым у Гомельскую вобласць.
– Паспеў апрануцца і пазычыць у знаёмых хлопцаў 10 рублёў, усім неабходным потым забяспечыла дзяржава, – узгадвае ён той дзень.
У складзе ваеннай медыцынскай службы Ігар Сцяшко быў накіраваны для падтрымкі мясцовай медыцыны і аказання дапамогі тым, хто працаваў на ліквідацыі наступстваў аварыі. Больш за 70 машын з медыкамі (колькасць медсанбата Ігар Яўгенавіч параўноўвае з адной цэнтральнай раённай бальніцай) у той дзень узялі курс на Брагіншчыну.
Інструктаж і першыя задачы
Ваенныя да пазаштатнай сітуацыі, адзначыў ён, былі падрыхтаваныя найлепей, чым хтосьці. Афіцэр, галоўны радыёлаг акругі, правёў неабходны інструктаж, абазначыў кожнаму яго задачы. Ігару Сцяшко далі прыбор «ДП 5б» – для вымярэння ўзроўню радыяцыі, сказалі весці пратакол.
– Я разумеў, куды едзем, пасля медінстытута была трывалая база ведаў па радыяцыйнай медыцыне. Залік па прадмеце атрымаць было няпроста: выкладчык быў патрабавальны, а мы, студэнты, «бурчалі»: маўляў, навошта нам «бэры» і «рады»? Але матэрыял засвоілі – і веды спатрэбіліся. Наогул, веды ніколі не бываюць «лішнімі» – гэтаму мяне навучыла жыццё, – расказаў Ігар Яўгенавіч.
– Таму тыя падзеі я ўспрымаў без панікі, ведаючы, што такое кюры, пра альфа-, бэта- і гама-прамяні, пра ўнутранае апраменьванне і вонкавае. Валодаючы пэўнымі ведамі, у тых умовах можна было пазбегнуць рызыкі – з сабою мы везлі артэзіянскую ваду, прадукты харчавання, а мясцовыя не ўжывалі. Штодня кожнаму выдаваўся парашок ёдыду калію – узважаны і загадзя нарыхтаваны на ўсіх.
Цяжкасці з мясцовым насельніцтвам
З мясцовым насельніцтвам было цяжэй: многія не разумелі, чаму не трэба ўжываць малако ад сваёй каровы, чаму калодзеж трэба шчыльна закрываць ад ападкаў, чаму вада бывае «добрая» і «дрэнная», чаму пыл з сябе трэба змываць некалькі разоў на дзень. Радыяцыя была нябачнай пагрозай, і большасць лічыла, што баяцца таго, што не бачыш, не варта. І гэта было горш за ўсё.
Ігар Сцяшко памятае, колькі ў зоне паражэння было будаўнічай тэхнікі і людзей розных нацыянальнасцяў – ад эстонцаў да казахаў, якія праводзілі дэзактывацыю: здымалі верхні слой глебы, мылі дахі дамоў… Але калі медыкі заходзілі ў хату ў неадселенай вёсцы, дзе сярод сабраных за доўгае жыццё рушнікоў і дываноў жыве бабуля, дазіметр «расказваў» сваю гісторыю – нябачны вораг заставаўся тут.
Жыццё ў медсанбаце
Іх медсанбат пераязджаў з месца на месца па тэрыторыі Гомельшчыны. Начавалі і ў мясцовых школах, і прама ў машынах. Дапамагалі мясцовым медыкам і насельніцтву, ацэньвалі сітуацыю. Аднойчы давялося аказваць першую дапамогу пацярпеламу падчас канфлікту, дзе ў якасці апошняга аргумента ў ход пайшоў нож. Параненага своечасова даставілі ў раённую бальніцу, выратавалі.

Падчас абследавання насельніцтва медыкі шмат гаварылі пра меры прафілактыкі, «уключаючы» аўтарытэт і дазіметр, калі многія і чуць пра пагрозу не хацелі, аргументуючы – «не адчуваю і не бачу».
Вяртанне і высновы
Калі ў жніўні 1986-га Ігар Сцяшко прыехаў працаваць у Даўгінава, першае, што зрабіў на сваім участку, – вызначыў узровень радыяцыі на ўсёй тэрыторыі. Веды пра тое, што найбольшая канцэнтрацыя «пад капяжом», дзе збіраецца дажджавая вада, даў яму Чарнобыль. І высветліўшы, што тут усё ў парадку, зрабіў вывад – можна спакойна жыць.
– Без дзяржаўнай падтрымкі нічога не будзе, якое б гуманнае грамадства не было. У гэтым мы ўпэўніліся і там, у Чарнобылі, і нядаўна, падчас барацьбы з кавідам, – падзяліўся разважаннямі Ігар Сцяшко, праводзячы паралелі паміж дзвюма падзеямі.
– Ніколі няма гарантыі, што зробленае рукамі чалавека – аўтамабіль або самалёт – не паламаецца, так і з ядзернай энергетыкай. Але ў кожнай крытычнай сітуацыі найбольшая шкода – ад панікі і недахопу інфармацыі. Так было ў Чарнобылі і падчас кавіду.
Жаху ў 80-я наганялі амерыканцы – «ва ўсіх будзе лейкоз». Падчас кавіду таксама хапала «экспертаў», якія бударажылі насельніцтва. Таму калі нешта не ведаеш – трэба шукаць таго, хто ведае і ведае дасканала. Такі ўрок мне дало жыццё. Іншая крайнасць – абыякавасць да рэкамендацый. Ігнаруючы іх, многія нашкодзілі самі сабе.
Узнагарода
Загадам Дэпартамента па ядзернай і радыяцыйнай бяспецы Міністэрства па надзвычайных здарэннях ад 30 сакавіка бягучага года Ігар Сцяшко ўзнагароджаны нагрудным знакам «За заслугі ў пераадоленні наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС». На першым плане – бусел, сімвал Беларусі, а на другім – сумна вядомы знак, які абазначае радыяцыйную зону.

За чатыры дзесяцігоддзі адбылася сацыяльна-эканамічная рэабілітацыя пацярпелых раёнаў, вялікі пройдзены шлях ад ліквідацыі наступстваў катастрофы да адраджэння пацярпелых тэрыторый і выкарыстання сучасных падыходаў да радыяцыйнай бяспекі. Рэалізаваны шэсць дзяржаўных праграм па пераадоленні наступстваў аварыі на ЧАЭС.
Сёння чарнобыльская трагедыя з’яўляецца напамінам усяму свету пра неабходнасць шматузроўневых падыходаў на функцыянуючых атамных электрастанцыях. Жыццё працягваецца, але з улікам вопыту мінулага.
Таццяна ШАРШНЁВА
Фота з асабістага архіву Ігара СЦЯШКО








