У рэдакцыю газеты, каб падзякаваць сацыяльнанаму работніку Святлане Малахавай, звярнулася Марыя Марачынская. Свой зварот яна пачала з вершаваных радкоў, за якімі стаяла рэальная гісторыя пра тое, як адзін чалавек можа быць цэлай «службай выратавання» для 13 адзінокіх пенсіянераў у маленькай вёсцы.
У вёсцы Сакалоўка зімой заставалася каля 15 чалавек, 13 з іх абслугоўвае сацработнік.
– Сапраўды, праца сацработніка вельмі складаная, бо яна патрабуе валодання многімі прафесійнымі навыкамі. Сацыяльны работнік – гэта прыбіральшчыца, дворнік, повар, псіхолаг, цырульнік, медыцынскі работнік і няня. З такой нагрузкай можа спраўляцца толькі добры, спагадлівы, шчыры чалавек. І вось такім чалавекам з’яўляецца Святлана Малахава, заўважыла суразмоўца.
80-гадовая жыхарка вёскі Сакалоўка адзначыла, з якой адданасцю жанчына працуе з пенсіянерамі, не зважаючы на час і надвор’е.
Гэтая зіма выдалася суровая, снежная. І многія падапечныя Святланы Малахавай, а гэта людзі сталага ўзросту, хварэлі. Яна не лічылася ні з часам, ні са станам свайго здароўя, а адразу ж у тую ж хвіліну кідалася на дапамогу. Не только ціск вымярала, таблеткі дастаўляла, а выклікала хуткую, збірала хворага у бальніцу і да машыны суправаджала. А пасля заўсёды цікавілася яго здароўем.
Марыя Марачынская шмат казала пра чалавечыя якасці мясцовай сацработніцы. Але найгалоўнейшае, лічыць былая настаўніца беларускай мовы, – гэта уменне Святланы Малахавай сагрэць шчырым цёплым словам адзінокую душу, якой так патрэбна быць пачутай і зразумелай.
– За ўменне працаваць з людзьмі, бездакорнае выкананне сваіх абавязкаў, тактоўныя адносіны да нас, падапечных, у розных жыццёвых сітуацыях мы удзячны Святлане Малахавай. Таксама хачу падзякаваць раённай службе за тое, што яе супрацоўнікі сустракаюцца з намі, цікавяцца працай сваіх работнікаў, – закончыла Марыя Марачынская.
Кацярына БАБІЧ








