Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Свая сярод сваіх: як знайсці поспех і прызнанне на малой радзіме

Гісторыя гераіні гэтага матэрыяла – яскравы прыклад таго, як важна стаць паспяховай, самадастатковай і шчаслівай на малой радзіме, у вёсцы, дзе нарадзілася. У той час, пакуль хтосьці доўгімі гадамі шукае шчасця далёка ад родных мясцін (і не заўсёды, дарэчы, знаходзіць), гэта жанчына жыве сярод знаёмых з дзяцінства людзей, дапамагаючы ім і ствараючы дабрабыт сям’і нястомнай працай.

Сям’я

Кацярына Мілер, пра якую пойдзе гаворка, нарадзілася і жыве ў Балашах Крывасельскага сельсавета. Адсюль пасля заканчэння школы дзяўчына па­ехала вучыцца ў сталічны каледж, аднак гарадской жыхаркай быць не атрымалася – выйшла замуж за аднавяскоўца Аляксандра, і неўзабаве маладая сям’я прыняла рашэнне вярнуцца ў родную вёску, дзе ўсё так дорага і блізка. Тут, у Балашах, нарадзіліся і выраслі іх дачушкі Віялета і Лізавета (адна зараз вучыцца ў БДУ, другая – студэнтка-завочніца эканамічнага ўніверсітэта), тут сям’я па-сучаснаму абсталявала бабулін дом, што дастаўся ў спадчыну, ператварыўшы яго ў камфортнае жыллё з усімі выгодамі. «Так што жывём па-гарадскому, – усміхаецца Кацярына Уладзіміраўна,  – але з важным удакладненнем – на прыродзе, дыхаючы чыстым павет­рам». Агароды, кветнікі, тры парнікі – усё гэта чакае працавітых рук гаспадыні з ранняй вясны да позняй восені. Вось і цяпер ужо радуе вока расада перцаў, памідораў ды кветак, што дружненька падымаецца пад першымі промнямі сакавіцкага сонейка. Не агледзішся, і на пастаяннае месца «жыхарства» перакачуюць гэтыя «дзеткі», якім спатрэбіцца столькі ўвагі і сіл гаспадыні. Да таго ж Кацярыне штодня трэба паспець дапамагчы матулі, што жыве тут жа, у Балашах, управіцца з каровамі (а іх пяць!), дагледзець сваю невялічкую гаспадарку – курак ды сабачак – і за справу.

Праца

Некалі, калі дочкі былі зусім маленькімі, Кацярына вырашыла паспрабаваць сябе ў службе надомнага сацыяльнага абслугоўвання – тады якраз патрабавалася памочніца нямоглым і адзі­нокім у Балашах і Катлоўцах. З таго часу і да сёння не здраджвае жанчына гэтай высокай місіі – дапамагаць. Дзесяць чалавек зараз на абслугоўванні ў Кацярыны Уладзіміраўны, і ўсім ім хапае яе клопату, сіл і душэўнай цеплыні. «Люблю сваю работу, – прызнаецца жанчына, – і вельмі рада, што некалі прыйшла ў гэту службу, дзе пад кіраўніц­твам нераўнадушнай жанчыны Дануты Раманоўскай працуюць чулыя і неабы­якавыя людзі».

Жыві, малая радзіма…

Наша гераіня любіць бацькаўшчыну, аднавяскоўцаў і стараецца рабіць усё для таго, каб не заціхала жыццё ў вёсцы. Даверылі ёй людзі быць мясцовым дэпутатам, і цяпер нярэдка звяртаюцца да яе з пытаннямі ды праблемамі. Ведаюць, што дэпутат пастаянна на сувязі з сельвыканкамам, і літаральна праз хвіліну пытанне дойдзе да адрасата. «Актыўная, нераўнадушная, памочніца ў любой справе», – так характарызуюць Кацярыну Мілер у Крывасельскім сельвыканкаме. І гэта яшчэ адна характарыстыка жонкі, маці, стараннай працаўніцы і дбайнай гаспадыні.

РЭЦЭПТ АД КАЦЯРЫНЫ МІЛЕР

Агурочкі з «Карры»

Узяць 3 кілаграмы агуркоў (кожны разрэзаць у даўжыню на чатыры часткі); 0,5 кілаграма цыбулі, парэзанай паўкольцамі; 4 зубкі часнаку, нацёртага на тарцы; 1 чайную лыжку прыправы «Карры»; 1,5 сталовай лыжкі солі; 3 шклянкі цукру; 2 шклянкі воцату. Усё перамяшаць і пакінуць на 2 гадзіны, перыядычна перамешваючы. Раскласці ў слоікі і стэрылізаваць на працягу 15 хвілін. Смачна!

Ірына БУДЗЬКО/ Фота з сямейнага архіва гераіні матэрыяла

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 190 queries