Гераіняй публікацый у нашай газеце не раз станавілася заслужаная жанчына – знакамітая даярка адкрытага акцыянернага таварыства «Нарачанскія зоры» Леанціна Лернатовіч. Многа расказвалася пра плённую працу гэтай сціплай жанчыны, яе штодзённыя клопаты і заслужаныя ўзнагароды. А яшчэ – пра яе працавітых дзяцей, якія, як і матуля, звязалі свае лёсы з «Нарачанскімі зорамі».

Старэйшая дачка Леанціны Леанідаўны, Марына, пайшла па матуліных слядах і таксама стала аператарам машыннага даення. Прытым, перадавым, і гэта не раз адзначалася. З жывёлагадоўляй звязаў свой лёс і сын Павел, які працуе ў гаспадарцы заатэхнікам. Прафесіянал сваёй справы, адказны спецыяліст, добразычлівы чалавек – так характарызуюць Паўла Пятровіча ў гаспадарцы.
Заатэхнік – прафесія ў аграрнай галіне вельмі важная, ад якой залежаць здароўе, прадуктыўнасць, якасць утрымання і ўзнаўлення жывёлы. Рацыён кармлення, селекцыйная работа, захаванне належнага мікраклімату, планаванне вытворчасці і якасць прадукцыі, што ў канчатковым выніку вызначае прыбытак гаспадаркі, – за ўсё гэта і не толькі адказны заатэхнік. Павел Лернатовіч са сваімі абавязкамі спраўляецца дастойна, за што і адзначаны чарговай узнагародай – Ганаровай граматай Вілейскага раённага выканаўчага камітэта, якая яму будзе ўручана на злёце перадавікоў.
Ірына БУДЗЬКО/Фота прадастаўлена героем публікацыі








