Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Ціхае шчасце людское

У той дзень у хаце Івана Пятровіча і Браніславы Антонаўны Цывількаў з Лукаўца было людна. Сабраліся іх блізкія, сваякі, завіталі і мясцовыя культработнікі, супрацоўнікі сельсавета. І нагода для гэтай сустрэчы была – Іван Пятровіч і Браніслава Антонаўна адзначалі пяцідзясяцігоддзе сумеснага жыцця. Здавалася б, вялікі адрэзак часу, а праляцеў, прызналіся самі юбіляры, зусім непрыкметна. А як пачнеш прыгадваць мінулае, дык успомніцца рознае – і светлае, і цёмнае. Падзеленае папалам, яно перажывалася лягчэй: радаснае – з яшчэ большай радасцю, а сумнае, непрыемнае згладжвалася падтрымкай спадарожніка жыцця. Так было заўсёды і застаецца цяпер.

У гэты дзень у хаце Цывількаў было столькі цікавага! І ўспаміны, прыемныя і горкія, і вясёлыя жарты, і песні, якімі парадавалі мясцовыя артысты, і, канешне ж, падарункі і ад блізкіх, і ад сельвыканкама і ўстаноў культуры. Віноўнікі ўрачыстасці паставілі свае подпісы ў кнізе пачэсных юбіляраў (дасціпны пляменнік яшчэ пажартаваў: «Ты падумай, дзядзька, можа пакуль не распісвайся…» І ўсе дружна засмяяліся). Іван Пятровіч і Браніслава Антонаўна разам запалілі свечку кахання, падораную ім ўпраўляючай справамі сельвыканкама Таццянай Пузан, – у знак вялікай любові адно да аднаго і да блізкіх, вернасці, адданасці. Усё гэта на працягу жыцця нясуць яны ў сваіх сэрцах, перадаюць дзецям, унукам, праўнукам.
Яны нарадзіліся і выраслі ў суседніх вёсках, ён – у Зачарной, яна – у Батурыне. А сустрэліся на танцах у Лукаўцы. Іван тады толькі вярнуўся з арміі, а Броні ледзь споўнілася васямнаццаць. Прыгожая, гаваркая дзяўчына спадабалася хлопцу, і яны пачалі сустракацца. А неўзабаве Іван прапанаваў ёй пажаніцца. Дзяўчыне можна было б і не спяшацца замуж, у яе ўзросце яшчэ б пагуляць, ды мудрая маці рассудзіла па-свойму: «Ідзі, дачушка, калі бяруць. Я нездаровая, хто ведае, колькі пражыву…» Ды і кахала Броня свайго Івана, таму доўга не вагалася, дала згоду. Нейкі час яны жылі ў бацькоўскай хаце Броні, пасля перабраліся да Іванавых родных, але, як і ўсім маладым, вельмі хацелася мець свой вугал. Працавалі ў мясцовым саўгасе, таму ў хуткім часе атрымалі жыллё ў Лукаўцы. Усё жыццё Іван Пятровіч быў механізатарам. І не абы-якім, а перадавым, паважаным у гаспадарцы і ў раёне. Пра гэта сведчаць граматы ды падзякі, што беражліва захоўваюцца ў доме. А Браніслава Антонаўна спачатку была даяркай, крыху пазней – цялятніцай, а пасля захварэла, таму давялося памяняць работу на лягчэйшую – была прыбіральшчыцай у канторы, адкуль і выйшла на пенсію.
Гутарыць з Браніславай Антонаўнай адно задавальненне. Плаўна, мілагучна, з жартамі гаворыць жанчына. А колькі трапных прыказак ведае!
– Дзеці любілі слухаць мае ўспаміны пра мінулае, а цяпер і ўнукі, праўнукі просяць расказаць што-небудзь, – кажа жанчына. – Я нарадзілася ў сорак другім годзе, таму пра вайну магу ім расказваць толькі тое, што чула ад мамы. Як хаваліся ад немцаў, як жанчыны заціскалі дзеткам роцікі, каб не плакалі… А што ж, баяліся, каб не спалілі, як іншыя вёскі. Пасляваеннае жыццё было цяжкім, галадалі. Памятаю, як мама на нашу вялікую сям’ю варыла нейкую страву ў нямецкай касцы. Намучыліся… А працавалі ж як! Я яшчэ маленькай палола са сваёй бабулькай. А яна такая мудрая была! «Гарод, унучка, любіць бабу гарбатую. А калі баба гарбатая, дык і багатая». Тады я можа і не разумела, што мае на ўвазе бабуля, а з гадамі на сабе пераканалася, што без працы, штодзённай, нялёгкай, не будзе ні ў гародзе парадку, ні ў сям’і і дабрабыту.
Таму і працуюць усё жыццё Цывількі. Вось і цяпер, на пенсіі, маглі б адпачываць. Ды хіба сядзець без справы – гэта для іх! Хоць і нялёгка, а маюць вялікі агарод, паціхеньку корпаюцца на ім.
– У карак ніхто не гоніць, кожны дзень патрошку папрацуем, а тады адпачнём, – разважае Браніслава Антонаўна. – Затое і ўся гародніна свежанькая, і ягады, садавіна. Нарыхтоўкі на зіму таксама люблю рабіць сама, частаваць імі дзяцей ды ўнукаў. А яшчэ трымаем курэй, куранятак завялі. Дзеці наведваюцца, ва ўсіх справах дапамагаюць. Не буду хваліцца, але за іх нам не сорамна.
Цёпла расказала жанчына пра сваіх блізкіх: старэйшая дачка – настаўніца, сын – зваршчык, яшчэ адна дачушка працавала на трактарным заводзе, цяпер – у жыллёва-камунальнай гаспадарцы, нявестка, як і дачка, настаўнічае… Добрыя і клапатлівыя ў Цывількаў і ўнукі, а ўжо праўнукі – гэта асаблівыя гонар і ўцеха, «баец і дзве матрошачкі» – так называюць іх прабабуля з прадзядулем.
Ціхае шчасце людское – гэта пра іх, герояў гэтай публікацыі. І няхай сабе выпадала на іх жыццёвым шляху рознае, як і ў кожнай сям’і, але яны ніколі не здрадзілі галоўнаму – адно аднаму, сваёй сям’і, бацькаўшчыне. Жывуць, працуюць і дзякуюць Усявышняму за свой лёс, дзетак, унукаў, праўнукаў. І ў гэтым, упэўнены, і ёсць сэнс жыцця. А яшчэ яны ўдзячны ўсім, хто дапамагае ім, памятае.
– Вось і старшыня сельсавета Святлана Валовік з такіх, і ўпраўляючая справамі Таццяна Пузан, і культработнікі нашы Таццяна Мордас, Кацярына Богуш клапатлівыя, уважлівыя, – гаворыць Браніслава Антонаўна. – Многа ў нас харошых людзей, усіх не назавеш. Дзякуй ім за клопат пра нас, пенсіянераў. Рады бачыць іх у сябе. Вось і вы, журналісты, заязджайце…
І назвала канкрэтныя каардынаты: Лукавец, трэці дом ад клуба. Што ж, некалі зноў сустрэнемся, паважаныя юбіляры, часу ў нас яшчэ хопіць. На ўрачыстым залатым вяселлі вам дадзены наказ пражыць разам яшчэ як мінімум чвэрць стагоддзя, а там ужо як Бог дасць. Так што выконвайце!
Ірына БУДЗЬКО

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 168 queries