Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

«Дзеці, ты і я – разам дружная сям’я». Жыхары Людвінова Дар’я і Генадзь Жыгалавы могуць гаварыць так з поўным правам

Утульны дом, любімая работа, дружная сям’я . Пра гэта, напэўна, мараць усе, уступаючы ў самастойнае жыццё. Такую будучыню малявала сабе ў думках і смаргонская дзяўчына Даша, якая пасля заканчэння школы прыехала вучыцца на Вілейшчыну, у Ільянскі дзяржаўны аграрны каледж. Ужо тады, у юнацтве, вырашыла яна звязаць сваё жыццё з вёскай. Так і атрымалася. І аб гэтым Дар’я ніколі не пашкадавала.

Вучоба ў Ільі дала ёй не толькі прафесію, але і самае галоўнае – сустрэчу з будучым мужам. Так атрымалася, што вучылася з сябрамі людвіноўскага хлопца Генадзя, які да іх прыязджаў. Так і пазнаёміліся. Ужо з першай сустрэчы зразумелі, што лёс іх звёў невыпадкова. Пачалі сустракацца, яшчэ больш пераканаліся, што гэта і ёсць яно, каханне. Так у Людвінова з’явілася яшчэ адна маладая сям’я.

Па спецыяльнасці, набытай у каледжы, Дар’я працавала нядоўга, бо галоўнымі яе клопатамі сталі мацярынскія. Зараз першынцу Жыгалавых, Ягору, ужо чатырнаццаць гадоў. Ён вучыцца ў дзявятым класе, дапамагае бацькам. А для малодшых сястрычак Яны і Ульяны хлопец – і аўтарытэт, і абаронца, і памочнік. Дзяўчынкі любяць бавіць час з братам, з ім цікава і весела.

– Здавалася б, з адной сям’і дзеці, а вельмі розныя па характарах, – расказвае матуля.  – Ягор – гэта наш памочнік, дарослы ўжо хлопец. Сярэдняя, Яна, спакойная, разважлівая, чаго не скажаш пра Ульяну. Наша малодшанькая баявая, у крыўду сябе не дасць.


Гадоў дзевяць назад, выходзячы з дэкрэтнага, Дар’я вырашыла памяняць працу. У Людвінова якраз патрабаваўся сацыяльны работнік, і маладая жанчына падумала стаць ім. Ведала галоўнае – ёй падабаецца працаваць з лю­дзь­мі, дапамагаць тым, каму нялёгка і адзінока, значыць, у яе ўсё атрымаецца. А пагутарыла з загадчыцай аддзялення надомнага абслугоўвання тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Данутай Раманоўскай, інспектарамі, калегамі і яшчэ больш пераканалася ў важнасці справы, якую патрабавалася рабіць.

Чатырнаццаць падапечных зараз у Дар’і Тадэвушаўны. Да кожнага з іх спяшаецца яна ў азначаны час з канкрэтнай дапамогай: дастаўляе прадукты і лекі, прыбірае ў хаце, аплочвае камунальныя паслугі…

А сёлетняй снежнай зімой некаму яшчэ і снег трэба расчысціць. Ды на гэта жанчына не наракае, наадварот, знаходзіць у такой справе карысць для сябе, маўляў, своеасаблівы фітнес, загартоўка для арганізма.

– А яшчэ мае падапечныя любяць пагутарыць, расказаць пра сваё жыццё, – падзялілася жанчына. – У іх многаму можна павучыцца. Адна бабулька (на жаль, яе няма ўжо на гэтым свеце) у вайну была вязнем канцлагера. Многа яна расказвала мне пра тыя жахі, пра цяжкасці, якія перажыла. У такіх людзей нам трэба вучыцца мужнасці, сіле волі, любові да сваёй зямлі і людзей. Радуюся, што лёс зводзіць мяне з імі і што мая дапамога аблягчае іх жыццё.

Немагчыма быць у баку ад клопатаў аграрыяў, калі жывеш у сельскай мясцовасці. Гэта адзначыла мая суразмоўца. А калі галава сям’і яшчэ і галоўны інжынер гаспадаркі, як Генадзь Жыгалаў, то і ўвогуле жывеш яго клопатамі. Асабліва ўлетку, калі разгорт­ваецца жніво. А яно, як вядома,  – справа агульная, з ранку да позняга вечара людзі на працы.
І ўсё ж ёсць у сям’і Жыгалавых дні, хоць і нячастыя, калі збіраюцца разам са сваякамі. У свята ці ў дні нараджэння прыязджаюць да іх бацькі Дар’і Тадэвушаўны са Смаргоні, прыходзіць тата Генадзя Ула­дзіміравіча ( на вялікі жаль, ён ужо застаўся адзін), гаспадыня частуе ўсіх сваім фірменным «Медавіком», і ў дружнай сям’і знаходзіцца многа тэмаў для размоў.


Любяць Жыгалавы і актыўны адпачынак. Праўда, у далёкія паездкі выбіраюцца нячаста, а вось схадзіць усёй сям’ёй на мерапрыемства ў мясцовы Дом культуры ці проста пагуляць па зімовай вуліцы  – гэта з задавальненнем. Марозік, блішчыць-пераліваецца на сонцы снег, побач – самыя блізкія і родныя людзі… Што можа быць даражэй!

Ірына БУДЗЬКО/Фота з сямейнага архіва ЖЫГАЛАВЫХ

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 191 queries