Свята вёскі Каловічы, якое прайшло ў мінулую суботу, было не зусім звычайным – яно прысвячалася знакамітаму ўраджэнцу гэтых мясцін Івану Казіміравічу Кандрацьеву, гісторыку, краязнаўцу, паэту, перакладчыку. Лёс адмераў гэтаму таленавітаму чалавеку скупавата – усяго пяцьдзясят чатыры гады жыцця, але за іх ён столькі паспеў!
Па-святочнаму прыбраны Дом майстроў гасцінна сустракаў усіх гасцей. А іх сабралася вельмі многа. Акрамя мясцовых жыхароў, на цікавае мерапрыемства ў Каловічы прыехалі загадчык кафедры культуралогіі інстытута культуры і мастацтва, прафесар, доктар гістарычных навук і культуралогіі Аляксандр Смолік, які нарадзіўся ў гэтай вёсцы; старшы навуковы супрацоўнік інстытута культуры і мастацтва Вольга Вярбіцкая; старшыня раённага Савета дэпутатаў Наталія Радзевіч, дырэктар цэнтральнай раённай бібліятэчнай сістэмы Мікалай Пацко, загадчыца ідэалагічнага аддзела райвыканкама Жанна Петух. Сярод запрошаных на свята былі і мясцовы жыхар, былы ваеннаслужачы Аляксандр Кляшняк, аўтар вершаў і баек Зінаіда Крупская. Тут працавалі выставы Дома рамёстваў з Ізбіно, вышыўка мясцовай майстрыхі Алены Лаўрыновіч, а таксама юных каловіцкіх умеліц Тані, Аксаны, Алёны Субач і Каці Рагоўскай. Госці з цікавасцю прыпыняліся ля работ майстроў і нават набывалі тое, што асабліва спадабалася.
У далёкім ужо 1998 годзе дырэктар Каловіцкага Дома майстроў Тамара Бурко збірала матэрыял для правядзення першага свята вёскі. Адна са старэйшых жыхарак Каловічаў Зінаіда Васільеўна Капцюг (на жаль, у мінулым годзе яна памерла) сказала тады Тамары Вітальеўне пра разумнага сына Кандратавых (так у вёсцы звалі Кандрацьевых), назваўшы яго паэтам і песняром. Зацікавіла гэта дырэктара ўстановы, і яна пачала шукаць інфармацыю пра знакамітага земляка. Да пошукаў падключыўся вядомы вілейскі краязнаўца Анатоль Рогач, дзякуючы якому мы даведаліся пра Івана Кандрацьева шмат цікавага. Нараджэнне ў беднай сялянскай сям’і, вучоба ў Смаленскай школе кантаністаў, фельчарская школа пры медыка-хірургічнай акадэміі ў Пецярбургу, работа ў тэатры, літаратурная дзейнасць (газета «Віленскі веснік», дзе друкаваліся яго першыя вершы, падкрэслівала, што аўтар – малады селянін Вілейскага павета), «драматычныя жарты» і нарысы («Сцэнка па Віленскай таўкучцы», «Торг у мястэчках Паўночна-Заходняга краю»), пераклады беларускіх народных песень на рускую мову, сяброўства з жывапісцамі Саўрасавым, Левітанам, літаратурнымі і грамадскімі дзеячамі Майковым, Пляшчэевым, Гіляроўскім і іншымі – усё гэта было ў жыцці Івана Кандрацьева. Засталіся ж на памяць нашчадкам вершы, проза, гістарычныя працы, лячэбнікі, соннікі… Многія з вершаў на свяце прачытаў Аляксандр Кляшняк, і ў кожным з іх прысутныя знаходзілі родныя сэрцу каловіцкія вобразы…
Асабліва хвалюючым атрымалася музычнае суправаджэнне свята. Выступленні вілейскіх артыстаў заўсёды, што называецца, бяруць за жывое. Так было і ў Каловічах. Калі ж саліст Усевалад Шкадзінскі зацягнуў такую вядомую старэйшаму пакаленню песню «По диким степям Забайкалья», а галасістыя артысты падхапілі яе, падалося, што нават гарэзлівы ветрык, што гулліва сваволіў у гэты дзень, прыціх і заслухаўся. Песню ведаюць вельмі многія, а вось яе аўтара, Івана Кандрацьева, адкрылі для сябе толькі цяпер. А як прыгожа прагучала лірычная песня «Очаровательные глазки» у выкананні Алены Конанавай! І гэтыя словы, пранікнёна-лірычныя, хвалюючыя, належаць нашаму таленавітаму земляку.
Як і звычайна ў свята, было многа музыкі, песень, танцаў.
– Я рада, што мерапрыемтсва ўдалося, – падзялілася пасля Тамара Бурко. – І ў гэтым вялікая заслуга вельмі многіх нераўнадушных людзей: нашых вядомых землякоў з Мінска, мясцовай улады, культработнікаў (і асабліва супрацоўнікаў раённага метадычнага цэнтра, бібліятэкі, музея). Адгукнуліся і старшыні мясцовай гаспадаркі і сельвыканкама, участковы. Так прыемна, што нашы людзі такія нераўнадушныя! Вось і яшчэ адно імя, дарагое і значнае для Вілейшчыны, вернута і ўшанавана.
…На колішнім Лазараўскім могільніку ў Маскве, дзе цяпер адкрыты парк імя Ф.Дзяржынскага, пакояцца астанкі Івана Кандрацьева. Своеасаблівым вянком ад жыхароў Каловічаў і не толькі на магілу земляка, адзначыў напрыканцы свята Аляксандр Смолік, стала гэтае вяртанне яго імя з забыцця.
Ірына БУДЗЬКО.
Фота аўтара і Уладзіміра Старадуба







