Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

У Вілейцы 25 снежня адбылося ўрачыстае святкаванне Божага Нараджэння

25 снежня ў касцёле Узвышэння Святога Крыжа ў Вілейцы адбылося ўрачыстае святкаванне Божага Нараджэння. Пра тое, як пачынаецца і праходзіць гэтае найважнейшае хрысціянскае свята ў жыцці прыхаджан і святара, расказаў ксёндз Аляксандр, які служыць у гэтай парафіі з 2003 года.

Як падкрэсліў ксёндз Аляксандр, сапраўднае святкаванне пачынаецца не ў дзень самога свята, а значна раней. «У літургіі Касцёла чатыры тыдні падрыхтоўкі. Можна сказаць, што без часу падрыхтоўкі няма і самога свята», – адзначыў мужчына.

У асабістым жыцці ксёндза, як і ў многіх беларускіх сем’яў, свята бярэ свой пачатак увечары 24 снежня. «Калі ёсць такая магчымасць, сям’я збіраецца разам, каб сесці за стол і спажыць так званую «вігілійную вячэру». Пасля сям’я ідзе да касцёла, каб прыняць удзел у святой імшы, якая называецца «пастэрыка», ад слова пастухі. На наступны дзень, 25 снежня, — гэта ўжо само свята Божага Нараджэння. На працягу дня праводзяцца ўрачыстыя літургіі, святыя імшы, запрашаем дзяцей і моладзь, прыхожа спявае хор, падобны да анёлаў», – распавёў ксёндз Аляксандр. Гэты дзень напоўнены не толькі ўрачыстасцямі, але і асабістай ціхай радасцю, якой дзеляцца ўсе вернікі.

Ці заўважае святар змены ў традыцыях святкавання за апошнія гады?

«Ёсць асноўнае, тое, што прапісана і кананічным правам, і літургічным падпісаннем. Акрамя асноўнага з’яўляюцца традыцыі, якія нават адрозніваюцца ад рэгіёну; кожная сям’я можа мець нейкія свае традыцыі. Напэўна, штосьці змянілася; трошкі па-іншаму святкавалі Божае Нараджэнне нашы бабулі і дзядулі. Але мы стараемся захаваць тое, што выпрацавалі нашы продкі. Вядома, мы не закрываемся на штосьці новае», – падзяліўся думкамі ксёндз.

Свята Божага Нараджэння — гэта не адзін дзень. «Свята доўжыцца восем дзён, так званая «актава». Кожны дзень у касцёле адбываецца ўрачыстая літургія з малітвамі і каляднымі спевамі. У касцёльным календары на кожны дзень вызначаны ўшанаванні таго ці іншага святога», — растлумачыў Аляксандр.

Радасная вестка аб Нараджэнні Збавіцеля даецца вернікам не ў адзін момант, а паступова, паўтараецца і асэнсоўваецца на працягу цэлага тыдня, замацоўваючыся ў сэрцах і душах.

Валерыя ТАЛЯРОНАК

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 194 queries