16 чэрвеня 2012 г а 18.00 у Мінскім Архікатэдральным касцёле адбудуцца святарскія пасвячэнні дыякана Кірыла Бардонава. На наступны дзень, 17 чэрвеня, новавысвечаны святар правядзе першую Святую Імшу ў родным Вілейскім касцёле.
Святая Імша пасля пасвячэнняў у касцёльнай традыцыі называецца прыміцыйнай. Яна распачынаецца ўрачыстай працэсіяй ад бацькоўскага дома да касцёла. У часе працэсіі святар знаходзіцца ўнутры зялёнага вянка, які нясуць дзеці, а парафіяне спадарожнічаюць малітвай і спевамі. У часе прыміцыйнай Святой Імшы адзін са старэйшых святароў прамаўляе казанне, у якім дае яму парады для добрага і ахвярнага служэння Богу ў Касцёле. Напрыканцы літургіі малады святар удзяляе прыміцыйнае благаславенне праз індывідуальнае ўскладанне рук.
Дыякан Кірыл Бардонаў нарадзіўся 19 жніўня 1987 года ў Вілейцы. У 2005 годзе скончыў Вілейскую гімназію №1 “Логас” і ў тым жа годзе паступіў у Міждыяцэзіяльную Вышэйшую Духоўную Семінарыю імя Святога Тамаша Аквінскага ў Пінску. 14 лістапада 2010 года ў Маладзечне арцыбіскупам Тадэвушам Кандрусевічам быў пасвячаны ў дыяканы. У 2011 годзе скончыў навучанне ў семінарыі ў Пінску і абараніў магістэрскую працу ў Люблінскім Каталіцкім Універсітэце імя Яна Паўла ІІ. У тым самым годзе скіраваны на дыяканскую практыку ў архікатэдральную парафію ў Мінску і прызначаны сакратаром Мітрапалітальнай курыі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.
Праграма прыміцыйнай урачыстасці 17 чэрвеня:
9.20 – працэсія да касцёла ад дома 31 па вуліцы 17 верасня
10.00 – Святая Імша з благаславеннем
16.00 – канцэрт семінарыйнага музычнага гурта “Подых Духа” (Вілейскі дом культуры)
17.00 – святочнае спатканне (двор парафіяльнага дома)
Заклікаем Вас, дарагія браты і сёстры, малітоўна падтрымаць дыякана Кірыла Бардонава, каб прыняўшы пасвячэнні мог быць добрым святаром і ахвярным слугою ў Касцёле! А таксама запрашаем прыняць удзел ва ўсіх прыміцыйных мерапрыемствах!
Дзекан Вілейскі кс. Аляксандр Барыла







