Дапамагаць – заўсёды ганарова. Таму што робіш гэта не для сябе, а для іншых. І атрымліваецца своеасаблівая эстафета дабра. Бо не можа ў грамадстве чалавек жыць сам па сабе, адгарадзіўшыся толькі сваімі патрэбамі. Ды і ўрэшце – чым мераецца шырыня чалавечай душы? Жаданнем рабіць дабро. Хто хоць калісьці спрабаваў – зразумее.

«Прагулкі на свежым паветры ў дзіцячым садзе – самыя любімыя моманты для нашых выхаванцаў на працягу дня. Падчас іх дзеткі гуляюць у рухомыя гульні, назіраюць за наваколлем, далучаюцца да працоўнай дзейнасці, вучацца бяспечным паводзінам, спасцігаюць новае. І вельмі важна, каб у дашкольнай установе было абсталяванне, якое дапамагае ў гэтай дзейнасці. Не сакрэт, што часам такога абсталявання не хапае.

Нядаўна на нашу просьбу дапамагчы ў набыцці надворнага абсталявання для дзіцячых пляцовак і пляцоўкі па бяспецы адгукнуліся дырэктар ЧМУП «Юрдент» Юрый Шакун, дырэктар ЧМУП «Нікадэнт» Андрэй Курыловіч, індывідуальны прадпрымальнік Наталля Муклановіч. За іх сродкі былі набыты лавачкі «Пажарная машына»,«Катэр МНС», арэлі «Качалка-балансір», хакейныя вароты, – падзялілася добрымі навінамі з намі загадчыца Любанскага дзіцячага садка Алена Сільвановіч. – Хочацца выказаць шчырую ўдзячнасць нашым спонсарам, пажадаць кожнаму з іх прафесійных поспехаў, высокіх дасягненняў, дабрабыту. З надыходам цяпла абсталяванне будзе размешчана на тэрыторыі дзіцячага садка, дазволіць зрабіць яе больш яркай, цікавай, функцыянальнай і прывабнай для дзетак, дапаможа выхаванцам у вывучэнні правіл пажарнай бяспекі».
Падрыхтавала Таццяна ШАРШНЁВА








