Працоўны стаж перадавога трактарыста-машыніста сельскагаспадарчага ўнітарнага прадпрыемства «Першы Беларускі» Барыса Яўгеля ў аграрнай сферы вялікі: пачынаў будаўніком у колішнім саўгасе яшчэ да арміі і пасля, ужо адслужыўшы, у 1983-м зноў вярнуўся на малую радзіму.
Тут усё жыццё працавалі яго бацькі, тут з дзяцінства спасцігаў сакрэты нялёгкай, але такой важнай сялянскай працы і ён сам. Менавіта тады зразумеў, што выраз «хлеб усяму галава» не проста прыгожыя словы з песні, а пачатак усяго ў жыцці, галоўны яго сэнс.

– Пасля арміі пачынаў у гаспадарцы вадзіцелем, – прыгадаў маладосць Барыс Іванавіч. – Пазней, ужо стварыўшы сваю сям’ю, перасеў на трактар і неўзабаве атрымаў сваю кватэру.
Ішоў час, старанны механізатар набываў вопыт, якім дзяліўся з маладымі калегамі. Прыгадаў Барыс Іванавіч, што ў свой час памочнікамі на жніве ў яго, камбайнера, былі і малодшы брат, і пазней сыны, адзін з якіх, дарэчы, таксама працаваў затым у гаспадарцы і быў у ліку перадавікоў. Сёлета ж на жніве добра спрацаваў і быў адзначаны ў раёне экіпаж, галоўным камбайнерам якога быў малодшы брат Сяргей. Значыць, усміхаецца Барыс Іванавіч, недарэмна некалі яго вучыў.
У гэтыя дні вопытны механізатар заняты важнай для гэтай пары справай – вывазкай арганікі на палі. Робіць гэта адказна, бо добра ведае: як «накорміш» зямельку, так яна і аддзячыць.
Як і ўсе сяльчане, шчыруюць Яўгелі і на сваім падворку. Праўда, са шматлікай жыўнасці засталіся толькі куры і трусы, затое хапае ў сезон спраў на зямлі. Адной толькі бульбы, падзяліўся гаспадар, сорак «сотак» маюць. А ўсё гэта патрабуе нямала клопату.
З мясцовай гаспадаркай звязана і жыццё жонкі перадавога механізатара, Марыі Эдуардаўны. У свой час яна даглядала пясцоў на мясцовай звераферме, затым была брыгадзірам. Актыўная жанчына спраўлялася і з дэпутацкімі абавязкамі, і на спевы ў хоры час знаходзіла. Зараз Марыя Эдуардаўна працуе паштальёнам і выконвае свае абавязкі з душой.
Працавітыя, сціплыя, неабыякавыя да таго, чым жыве іх малая радзіма, – такія яны, героі гэтай публікацыі. Заўтра, як і ўсе аграрыі, яны будуць адзначаць сваё свята. Для Барыса Іванавіча яно яшчэ адметнае важным – Ганаровай граматай Вілейскага раённага выканаўчага камітэта. Што і казаць, заслужаная гэта ўзнагарода.
Ірына БУДЗЬКО/Фота з сямейнага архіва героя публікацыі








