Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Лёсу простае палатно. Жыхарка Вілейскага раёна Лідзія Дуровіч адзначыла 94-годдзе

Чалавечае жыццё вымяраецца не толькі пражытымі гадамі, але і добрымі справамі, усім перажытым. У гэтым зноў і зноў пераконваешся, знаёмячыся з жыццёвымі гісторыямі людзей. Вось і нядаўна віляйчанка Ніна Мяснікова расказала пра сваю матулю Лідзію Іосіфаўну Дуровіч, якая на днях адзначыла 94-годдзе. Доўгае жыццё за плячыма жанчыны, поўнае самых розных падзей і выпрабаванняў, гора і радасці.

У мнагадзетнай сям’і з вёсачкі Капусціна, што на Ільяншчыне, дзе нарадзілася Лідзія, было дзевяць дзяцей. Не ўсе яны дажылі да сталых гадоў – двое памерлі малымі, яшчэ два дарослыя сыны загінулі на фронце. Не вярнуўся з вайны і бацька.

– Мама не раз расказвала, як яны ў вайну хаваліся ад немцаў у балоціс­тым лесе,  – падзялілася Ніна Іванаўна.  – Бабуля з пяццю дзеткамі, разам з іншымі вяскоўцамі, паспела ўцячы з вёскі, а тых, хто застаўся дома, немцы спалілі. Канешне ж, вяртацца дадому было страшна, таму бабуля з дзецьмі пайшла да сваёй сястры ў Казлы, пераседзелі нейкі час там.

У дзіцячай памяці захаваліся тыя страшныя моманты, калі людзі, галодныя і халодныя, брылі па лесе, палохаючыся кожнага трэску і шораху. А раптам немцы? На шчасце, перажылі той жах, уратаваліся.

Мнагадзетнай сям’і, якая засталася без гаспадара, жыць было вельмі цяжка. Таму Лідзія, закончыўшы тры класы, была вымушана ісці на заработкі ў багатую сям’ю, што жыла ў вёсцы Ласі каля Краснага. Кемлівая, спрытная, працавітая дзяўчына так спадабалася гаспадарам, што яны нават захацелі ўзяць яе за нявестку – іх сын вучыўся на ўрача, прыязджаў дадому і пачаў заляцацца да юнай памочніцы.

– Ды бабуля зрабіла ўсё так, як палічыла правільным  – прыехала і забрала дачку дамоў, бо трэба было дапамагаць па гаспадарцы, падымаць малодшых,  – расказала Ніна Іванаўна. – Гаспадары, адпраўляючы яе, не паскупіліся на падарункі, а той малады доктар прыязджаў яшчэ і ў нашу вёску, думаў, што ў іх усё складзецца.

Ды лёс рыхтаваў дзяўчыне другую сустрэчу, якая стала для яе лёсавызначальнай. У іх дома нярэдка спыняліся начаваць мужчыны з Рыбчына, якія працавалі на сплаве. Сярод іх быў і хлопец Іван Дуровіч. Убачыўшы дзяўчыну, ён ужо не змог яе забыць… Так лёс звёў дваіх маладых людзей, якія далей пайшлі адной дарогай.

За жыццё Лідзіі Іосіфаўне давялося многа дзе папрацаваць. У яе працоўным стажы была нялёгкая праца ў «гарачым» цэху шклозавода «Залессе», дзе яна «выдзімала» шкляныя вырабы; шчыравала і на хлебапякарні ў Ільі; пазней, калі сям’я пера­ехала жыць у Вілейку, таксама не сядзела без справы: была горнічнай, гардэробшчыцай, хлебапёкам. Акрамя таго, многа працавала на ўласным падворку, даглядала шматлікую жыўнасць, якую мелі ў гаспадарцы, а ў вольныя хвіліны яшчэ паспявала займацца любімай справай – шыць абноўкі не толькі для блізкіх, але і для многіх іншых. «Добрая швачка наша мама, усіх, хто звяртаўся, абшывала,  – зазначыла Ніна Іванаўна.  – І мяне навучыла сваёй любімай справе».

А яшчэ бабуля Лідзія вельмі кемлівая – закончыўшы ўсяго тры класы, яна спраўлялася з задачкамі, якія яе дзеці рашалі ў шостым-сёмым класах. Дарэчы, яе здольнасць да вучобы, відаць, перадалася дзецям ды ўнукам, якія таксама добра вучыліся, атрымалі вышэйшую адукацыю.

Усё лепшае – ад матулі. Гэты выраз даводзілася не раз чуць ад людзей, якія расказвалі пра свайго самага блізкага чалавека. А Ніна Іванаўна яшчэ ўдакладніла: ад матулі і ад бацькі. Іван Іванавіч, муж Людзіі Іосіфаўны, быў ветэранам Вялікай Айчыннай вайны, працавітым гаспадаром, добрым сем’янінам і моцным чалавекам, які мужна пераносіў усё выпрабаванні.

Свой 94-ы дзень нараджэння Лідзія Іосіфаўна сустрэла ў цёплым сямейным коле, сярод самых-самых дарагіх ёй людзей, якія яе любяць, шануюць, даглядаюць. І гэта, бадай, самы дарагі падарунак ёй ад нялёгкага лёсу.

Ірына БУДЗЬКО. Фото прадастаўлена Нінай Мясніковай

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 188 queries