– Статус самай вялікай па колькасці вучняў агульнаадукацыйнай установы ў раёне мы захоўваем, – не без гонару вымаўляе гэтыя словы дырэктар Ільянскай школы Ігар Юшко. Хутка прагучыць званок. Для каго – апошні ў гэтым навучальным годзе. А для трынаццаці выпускнікоў – развітальны.
У калідорах – арганізаваная мітусня. Ідзе падрыхтоўка да школьнай лінейкі. Яе, насуперак традыцыі, вырашылі правесці ў спартыўнай зале. Нагода – набрынялае, не па-весняму, хмарамі неба і парывісты вецер. Ён зрывае апошнія пялёсткі дацвітаючага бэзу, ствараючы над кветкавымі клумбамі блакітную замець. Сёння наогул дзень кветак. З букетамі прыйшлі навучэнцы на цырымонію апошняга званка і хутка дарункам дзіцячых сэрцаў яны будуць уручаны іх самым любімым настаўнікам. Найбольш букетаў атрымае, вядома, класная сённяшніх выпускнікоў – Алена Шачыкава. На лінейцы, сярод сваіх выхаванцаў, яна амаль не выдзяляецца сярод іх – стройная, невысокая і… сумна ўрачыстая. Развітанне з вучнямі – заўсёды боль для настаўніцкай душы. Яго ўзаемна струменяць і юначыя вочы. Пройдуць экзамены – і школа стане для маладых добрым, шчаслівым ўспамінам. А вяртанне ў яе – здзяйсненнем самай светлай надзеі.
Яна і будзе чакаць, бы тая маці, што выправіла ў далёкі жыццёвы шлях выпеставаных любоўю і ласкай дзяцей. А юная змена, якую сёння прадстаўляюць гарэзлівыя і кранаючыя сваёй наіўнасцю першакласнікі, стане выводзіць у вучнёўскіх сшытках новыя вершаваныя радкі. І зноўку яны выйдуць у зборы твораў членаў літаратурна-краязнаўчага гуртка, які падрыхтуе школьнае выдавецтва «Ільянскія далягляды».
Ільяншчына – край таленавітых людзей. Тут ва ўсю моц разгарнуліся паэтычныя здольнасці сям’і Кутасаў. Філасофская лірыка Міколы, пяшчотна-цнатлівая – Галіны, натолены гэтымі двума першароднымі пачаткамі верш іх сына Генрыха… Тут у жанры публіцыстыкі паспяхова працуе Уладзімір Кажамяка, дарэчы, кіраўнік школьнага літаратурна-краязнаўчага гуртка, тут стварае свае вершы-мелодыі настаўніца Аксана Ярашонак, з зайздроснай апантанасцю збірае творчую спадчыну роднай зямлі Роза Шэрая, кіраўнік школьнага музея «Вілейшчына літаратурная». З яе публіцыстыкай добра знаёмыя пастаянныя чытачы нашай раёнкі. Непажадана расстаўляць акцэнты, паколькі думка аўтара заўсёды суб’ектыўная, але падзяліцца ёю лічу не лішнім. Мне падаецца, што творчая атмасфера, якая пануе ў Ільянскай школе, стварае аснову для шматбаковага развіцця яе навучэнцаў. Пра апошняе сведчаць шматлікія пахвальныя лісты і граматы, якія падчас мерапрыемства меў гонар уручыць вучням дырэктар школы. Заахвочванні за спартыўныя дасягненні, перамогі ў прадметных алімпіядах, у намінацыях школьнага конкурсу «Вучань года-2012».
Звыклы рытуал віншаванняў на гэты раз быў адзначаны нетрадыцыйнай навацыяй. Госцем школьнай лінейкі стаў начальнік разлікова-касавага цэнтра №12 у Вілейцы аддзялення ААТ «Белаграпрамбанк» Тадэвуш Раманоўскі. «Падаруй дзіцяці футбольны мяч!” – так называецца акцыя, арганізаваная беларускай федэрацыяй футбола, «Белаграпрамбанкам» і СП «Санта Брэмар», пры падтрымцы міністэрства адукацыі. Мэта мерапрыемства – у далучэнні беларускіх дзетак да самага масавага на планеце віду спорта. На ўрачыстых лінейках 30 і 31 мая першакласнікам усіх сельскіх школ краіны былі ўручаны футбольныя мячы. Атрымалі іх з рук Тадэвуша Раманоўскага і юныя ільянцы. Дарэчы, развітальны званок быў у Ільі наогул шчодрым на падарункі. Школа атрымала ў дарунак дваццаць баскетбольных мячыкаў ад свайго даўняга сябра і фундатара Аляксандра Кудраўцава, члена зборнай краіны па баскетболу. І самае адметнае, напэўна, у тым, што яе настаўніцкі і вучнёўскі калектыў рыхтуецца сёлета адзначыць 150-гадовы юбілей сваёй навучальнай установы. З гэтай нагоды створаны школьны прэс-цэнтр. Ён актыўна супрацоўнічае з рознымі сродкамі масавай інфармацыі, прэзентуючы школьнае жыццё ў медыйнай прасторы краіны. А яно ў многіх планах цікавае. Час сцёр з твару зямлі першыя школьныя будынкі. Цяперашні быў пабудаваны чвэрць стагоддзя таму, у рамках узвядзення аграгарадка ў ім адбыліся адпаведныя перамены: адрамантавана актавая зала, зманціраваны міжпаверхавыя дзверы, заменены дах, санвузлы, вокны. Дарэчы, частка работ, па сведчанні дырэктара, праведзена ўласнымі сіламі, з дапамогай бацькоў. І сёння ў агульнага школьнага дома – асучаснены, добрапрыстойны выгляд.
Вальс выпускнікоў. Развітальны званок. За дзеяй пад назваю «школа» для трынаццаці сёння апускаецца занавесь. І адчыняецца шырокі далягляд, які называецца жыццём.
Марыя КУЗАЎКІНА. Фота аўтара












