Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

«Мапа» – гэта ганарова…

Вельмі правільнае рашэнне было прынята на заканадаўчым узроўні ў кастрычніку 2022 года – адзначаць Дзень бацькі. Што ні кажыце, а крыху абдзеленымі адчувалі сябе мужчыны да гэтага часу: матуляў ушаноўвалі, віншавалі, а іх, бацькоў, як і не было… Несправядліва. І са сцвярджэннямі, што для дзіцяці галоўны і самы блізкі чалавек мама, пагаджаюцца далёка не ўсе мужчыны, хоць важнасць той, якой наканавана даваць новае жыццё, не аспрэчваюць.

– Думаеце, выпадкова мая маленькая дачка, як толькі пачала вымаўляць свае першыя словы, назвала мяне мапа? – задаў рэзоннае пытанне малады бацька. – Не, малая бачыць, што я, як і матуля, гэтак жа люблю яе, забаўляюся з ёй, гуляю. Магу, як і жонка, і прыгатаваць для дзіцяці, і пакарміць, і дагледзець. Самы сапраўдны мапа…

Дачка, дарэчы, вельмі любіць бацьку, з плачам адпускае яго на працу і радасна сустракае ўвечары, а ў вольны час не адступае ад яго ні на крок. Такая вось моцная сувязь у яе з бацькам.

Не раз даводзілася чуць, што роля мужчыны ў сям’і вельмі важная для хлопчыкаў. Тата павінен навучыць і малаток у руках трымаць, і цвік у сцяну забіць. А дзяўчаткам, маўляў, гэта не так важна, іх усяму навучыць матуля. Ды справа не толькі ў цвіках… Дзяўчынка, як і хлопчык, з маленства павінна бачыць у сям’і клапатлівага тату, які і дапаможа, і абароніць, і параіць, і паклапоціцца. Толькі ў гэтым выпадку дачка вырасце самадастатковай, з правільнай жыццёвай устаноўкай і прадстаўленнем пра сапраўднага мужчыну. Такога будзе шукаць сабе ў спадарожнікі жыцця. А для сына яго тата, канешне ж, будзе жыццёвым прыкладам.

У жыцці даводзілася пабачыць самых розных бацькоў. І мам, дарэчы, таксама. Ведала сям’ю, дзе мама памерла, пакінуўшы мужа з трыма малымі дзеткамі… Яшчэ адна сям’я распалася з-за таго, што жонка збегла з новым каханым, а малую дачушку пакінула з бацькам і бабуляй… Ды і ў маёй сяброўкі юнацтва была такая жыццёвая гісторыя: маці не стала, калі дзеці былі яшчэ малымі, і галоўным чалавекам у жыцці стаў бацька. Звычайны калгаснік, ён не толькі клапаціўся пра тое, каб апрануць дзяцей і накарміць, але дбаў і пра харч духоўны, стараўся, каб яго дзяўчаткі добра вучыліся, наведвалі музычную школу, гурткі. «Ніколі не забудуся, як тата снежнай зімой штораніцы пратопт­ваў нам з сястрой сцежку да аўтобуснага прыпынку, калі мы ехалі ў школу», – заўсёды прыгадвала мая сяброўка. Дочкі, дарэчы, выраслі добрымі і спагадлівымі, абедзве атрымалі вышэйшую адукацыю, маюць свае сем’і. У адной з іх дажываў і бацька, які так і не спрабаваў шукаць асабістае шчасце ў другі раз…

Якое дрэва, такі і клін, які бацька, такі і сын – гэту народную мудрасць ведае, напэўна, кожны. Яна – пра бацькоўскі ўплыў на дзяцей, спадчыннасць, выхаванне. Важна, каб усё гэта было ў правільным накірунку, каб бацька для дзяцей быў самым мудрым, лепшым, клапатлівым, працавітым, надзейным – сапраўдным «мапам». А гэта, калі шчыра, ганарова.

Ірына БУДЗЬКО

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 189 queries