Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Як змагацца з гэтым «акупантам» залатарнікам?

У гады майго дзяцінства гэту расліну высаджвалі ў кветніках. Памятаю, як у першы вераснёўскі дзень мы ішлі ў школу з букетамі, у якіх абавязкова былі галінкі з дробнымі кветачкамі колеру золата. Упэўнена, што і цяпер, праз столькі гадоў, некаторыя людзі ўпрыгожваюць залатарнікам (а менавіта пра яго ідзе размова) свае падворкі, высаджваюць яго на могілках
і шчыра здзіўляюцца, калі чуюць, што гэта расліна небяспечная.

Як канстатуюць спецыялісты, па ступені небяспекі для наваколля залатарнік канадскі знаходзіцца ў адным ра­дзе з баршчавіком Сасноўскага. Чым небяспечная гэта расліна з жоўтымі кветкамі? Тым, што, акупуючы ўсё новыя ўчасткі, яна поўнасцю змяняе фауну. Распаўсюджваецца залатарнік вельмі хутка, бо кожны яго куст дае да ста тысяч зярнятак вельмі высокай усходжасці. З гадамі карэнні расліны пачынаюць выдзяляць у глебу шкодныя рэчывы, якія падаўляюць рост іншых раслін.

У залатарніка, як і ў баршчавіка, няма ворагаў сярод насякомых і раслін. Не да­спадобы ён ні дзікай, ні свой­скай жывёле, таму занятыя ім тэрыторыі нельга выкарыстоўваць ні для пашы, ні для сенакосу. Такая вось, на першы погляд, бясшкодная і прыгожая расліна…

Як жа змагацца з гэтым «акупантам»?

Спецыялісты раяць рабіць гэта механічным і хімічным спосабамі. Небяспечную расліну трэба скошваць некалькі разоў за сезон. Там, дзе яна займае вялікую тэрыторыю, правільным рашэннем будзе пераараць глебу з падсевам шматгадовых злакаў. Зразумела галоўнае: з залатарнікам трэба змагацца любым даступным спосабам.

Ёсць пэўная праблема з распаўсюджваннем гэтай расліны на могільніках. Гэта адзначыла намеснік дырэктара ГУП «Вілейская ЖКГ» Людміла Саколкіна. Людзі «ўпрыгожваюць» залатарнікам месцы спачыну сваіх блізкіх, і гэта расліна хутка распаўсюджваецца. Таму Людміла Міхайлаўна яшчэ раз нагадала пра небяспеку, якую залатарнік наносіць і навакольнаму асяроддзю, і людзям (гэта расліна з’яўляецца алергеннай). Работнікі камунальнай службы звяртаюцца да віляйчан: «Навя­дзіце, калі ласка, парадак на могілках, расліне-агрэсару тут не месца».

Прыслухаемся да слоў кампетэнтных людзей. І сапраўды, чаму б не паса­дзіць на могілках, да прыкладу, непатрабавальныя ядловец ці бэз? І прыгожа, і бяспечна.

Ірына БУДЗЬКО

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 188 queries