Нядаўна ўбачыла пазітыўнае фота ў інтэрнэце, на якім – уступаючая ў шлюб пара. Высокі немалады мужчына спартыўнага складу, статная жанчына побач з ім. Што тут дзіўнага? Нічога. Толькі вось звярнула ўвагу на ўзрост жаніха і нявесты. Яму дзевяноста «з хвосцікам», ёй на некалькі гадоў меней. У людзей адкрываецца новая жыццёвая старонка. Міжволі падумалася: ці магло б падобнае быць у час нашых дзядоў і нават бацькоў? Тады, калі чалавек у дзевяноста гадоў выглядаў зусім не так, як сённяшнія людзі такога ўзросту, і пра такую важную падзею ў жыцці, як жаніцьба, наўрад ці думаў…
А цяпер звернемся да красамоўнай статыстыкі. У Беларусі зараз пражывае каля 600 чалавек, якім за сто гадоў. У Мінску людзей у такім узросце налічваецца 118. У кагорце стогадовых ёсць тыя, каму споўнілася 107 гадоў. Жанчын і мужчын, што адзначылі свае 90-гадовыя юбілеі, толькі ў сталіцы больш за 7300 (дарэчы, 17 чалавек з іх яшчэ працуюць, і самай старэйшай з працуючых споўнілася 96 гадоў).
Такія вось цікавыя лічбы. Наконт гэтага слушна сказала намеснік старшыні камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароны Мінгарвыканкама Вольга Васілеўская на прэс-канферэнцыі «Дыялог пакаленняў ва ўмовах лічбавай трансфармацыі грамадства: стратэгіі сацыяльнай падтрымкі і актыўнае даўгалецце»: «Гэта сведчыць пра тое, што ў краіне створаны ўсе ўмовы для таго, каб пажылыя людзі маглі весці актыўнае грамадскае жыццё, створаны ўмовы для клопату пра іх здароўе, адаптавана інфраструктура».
Па словах Вольгі Васілеўскай, у рамках канцэпцыі актыўнага даўгалецця ў сталічных тэрытарыяльных цэнтрах сацыяльнай абароны насельніцтва (ды і ў нашым, Вілейскім ТЦСАН. – Аўт.) пастаянна расце колькасць гурткоў і клубаў для пажылых людзей, у якіх яны займаюцца по розных профілях – ад рукадзелля і вырабу дэкаратыўных рэчаў да заняткаў танцамі і навучання лічбавай граматнасці.
Бясспрэчна, што на працягласць жыцця людзей умовы пражывання, іх актыўнасць, клопат пра здароўе вельмі уплываюць. І гэта можна бачыць па вілейскіх пенсіянерах, многія з якіх жывуць цікава і напоўнена. Канцэрты і турыстычныя злёты, танцы і скандынаўская хадзьба, экскурсіі і валанцёрства – гэта толькі частка таго, чым займаюцца актыўныя людзі сярэбранага ўзросту.
У апошні час з задавальненнем удзельнічала ў прыгожых мерапрыемствах – віншаваннях дзвюх жыхарак раёна са стогадовымі юбілеямі. Такія сустрэчы заўсёды хвалюючыя. Не пра падарункі, кветкі ды шчырыя пажаданні гавару, без іх гэтыя віншаванні, канешне ж, не абышліся. Хочацца сказаць пра саміх юбілярак, якія добра выглядаюць, актыўна падтрымліваюць размову. Сотні гадоў бабулькам ніяк не дасі. Гэта я ў пацвярджэнне таго, што сказана вышэй – у краіне і ў сем’ях створаны ўсе ўмовы для таго, каб людзі жылі доўга, актыўна і цікава.
Ірына БУДЗЬКО








