Дагледжаных, з густам аформленых сядзіб на Вілейшчыне многа. Бываючы ў населеных пунктах раёна, штораз пераконваешся ў гэтым. Асаблівая прыгажосць тут з вясны да восені, калі непаўторнае хараство ствараюць рознакаляровыя кветкі. Вось гэта сапраўднае свята для душы!

Гаспадароў, якія любяць упрыгожваць свае падворкі, я раздзяліла б на дзве катэгорыі: адны робяць гэта творча, загадзя спланаваўшы і ўжо «намаляваўшы» кампазіцыю ў галаве; другія – па прынцыпе «максімум фарбаў, стракатасці і садовых фігур».

Ірына Шатыронак, гаспадыня людвіноўскага падвор’я, адносіцца да першых. Творчы чалавек, эстэт па жыцці, яна абавязкова «малюе» будучую кампазіцыю ў галаве, уяўляе, як яна ўпішацца ў агульны выгляд сядзібы, і ўжо пасля бярэцца за справу. Да розных там фігурак (сабачак, грыбкоў, жабак і г. д.), што можна набыць у гандлі, жанчына раўнадушная – ёй падабаецца ствараць сваімі рукамі, а не карыстацца тым, што створана некім. Прычым, масава. Сядзяць на падворках такія, здавалася б, яркія і забаўныя фігуркі, але ў душу гэта не западае, бо такое бачыш практычна на кожным двары.
У Ірыны Шатыронак карціна іншая – свая, арыгінальная, непаўторная. І перадаць яе словамі наўрад ці атрымаецца – прыгажосць трэба бачыць.

Гэта творчая сям’я жыве ў Людвінова з 1990 года. Пераехалі сюды з Віцебшчыны. Педагог па адукацыі, Ірына Мікалаеўна працавала ў Людвіноўскай, Касцяневіцкай школах, была загадчыцай Людвіноўскага дзіцячага садка. Зараз на заслужаным адпачынку. Муж па прафесіі марак, усё жыццё аддаў сваёй нялёгкай справе, працуе яшчэ і цяпер. Прыехаўшы ў Людвінова зусім маладымі, яны ўсёй душой палюбілі гэтыя маляўнічыя мясціны і пусцілі тут свае карані: пабудавалі дом, выгадавалі траіх дзяцей, радуюцца ўнукам. І паступова, год за годам, творчая гаспадыня прыдумвала і затым увасабляла ў жыццё свае ідэі па добраўпарадкаванні ўчастка.

– Вельмі люблю зямлю, для мяне сапраўднае задавальненне працаваць на ёй, – падзялілася жанчына. – Спачатку, калі толькі пабудавалі дом, вырошчвалі
ў асноўным гародніну. Дарэчы, добра расце ў нас яна і цяпер. Пасля я паступова пачала рэалізоўваць свае задумкі – ствараць на двары кампазіцыі з кветак і кустарнікаў.

Петунія, гартэнзія, магнолія, азалія – гэта некаторыя з маіх любімых кветак, якімі займаюся даўно. Гадоў з дзесяць назад уздоўж агароджы высадзілі туі. Былі яны ў нас звычайныя, а нядаўна ператварыла іх у шарыкі (дзякуй інтэрнэту за навуку).
Не так даўно Ірына Мікалаеўна асвоіла пляценне з ратанга і за мінулую зіму напляла прыгожых кашпо, у якіх сёлета ўтульна адчувалі сябе нават шыракалістыя гартэнзіі-прыгажуні. Арыгінальна атрымалася і хораша.

З усімі клопатамі на падворку творчая гаспадыня спраўляецца сама, бо муж і сын падоўгу не бываюць дома – такая ў іх работа. Не праблема для яе, адзначае жанчына, і цвік забіць, і ўчастак абкасіць…

– Канешне ж, спраў хапае, няма калі сядзець, таму іншы раз у думках даю сабе ўстаноўку: усё, наступнай вясной ужо нічога новага не буду прыдумваць, справіцца б з тым, што ёсць, – з усмешкай падзялілася Ірына Мікалаеўна. – Але прыходзіць зіма, і ў мяне зноў міжволі з’яўляюцца ідэі для будучай вясны. Рыхтую насенне, пачынаю планаваць нешта новенькае, абдумваць…
Творчы і нераўнадушны чалавек, яна стараецца ствараць прыгажосць не толькі на падворку, а і ўсюды: калі сервіруе стол, то робіць гэта адмыслова; калі фарбуе яйкі да Вялікадня, то па-свойму, арыгінальна; калі рыхтуецца да сустрэчы Новага года, то абавязкова з цікавымі самаробнымі падзелкамі… Душа радуецца, калі прыгожа, лічыць творчая жанчына. А прыгажосць, як сказаў у свой час класік, выратуе свет. І яна з гэтым поўнасцю згодна.
Ірына БУДЗЬКО/Фота з архіва сям’і Шатыронак












