28 красавіка ў зале выстаў імя Сілівановіча адкрылася выстава «Вілейшчына: падарожжа ў мінулае». Выстава сабрала самых дапытлівых і адданых гісторыі горада віляйчан. Галоўным сюрпрызам для ўсіх, хто наведаў выставу, стала перадача музею ксяндзом Анатолем, плябанам Альковіцкага касцёла, на час выставы сапраўднага слуцкага пояса з асабістай калекцыі.
Сваю назву такія паясы атрымалі ад месца, дзе ўпершыню іх сталі ткаць – Слуцкай мануфактуры шаўковых паясоў. І хоць паэт у стварэнні слуцкіх паясоў узнёс няпростую карпатлівую жаночую працу, на самой справе паясы ткалі мужчыны. Спачатку пры іх стварэнні майстры запазычвалі тыя ўзоры, якія прывозілі ім з Блізкага Ўсходу. Аднак паступова «палі» слуцкіх паясоў напоўніліся нацыянальнымі матывамі і раслінным арнаментам. У ім – кветкі мясцовай флоры, незабудкі і васількі. У даўжыню слуцкі пояс традыцыйна дасягаў чатырох метраў і быў вытканы з шаўковых, залатых і срэбных нітак. Пояс адпавядаў статуту свайго ўладальніка, чым багацей быў ён – тым прэзентабельней, уплывовей выглядаў і яго гаспадар.
Не кожны музей можа пахваліцца тым, што ў экспазіцыі яго ёсць гэты ўнікальны экспанат. У Беларусі фрагменты слуцкага пояса захоўваюцца толькі ў музеі горада Слуцка, у абласным музеі ў Маладзечна, у Нацыянальным музеі гісторыі і культуры Беларусі. А зараз шэдэўрам ручной працы слуцкіх майстроў могуць ганарыцца і любавацца віляйчане.
Кацярына Сушко, навуковы супрацоўнік
Вілейскага краязнаўчага музея.
Фота аўтара



