22 чэрвеня мы адзначым асаблівую дату – Дзень ўсенароднай памяці ахвяраў Вялікай Айчыннай вайны і генацыду беларускага народа. Тэма сур’ёзная, незабывальная, балючая кожнаму, бо літаральна ў кожнай беларускай сям’і ёсць свая памяць пра гады ваеннага ліхалецця.
На франтах і ў партызанскіх атрадах, рызыкуючы сваімі жыццямі, змагаліся з ворагам нашы гераічныя продкі, якімі мы ганарымся і якіх памятаем. Успамінамі пра сваіх дзядзьку-героя з даволі рэдкім імем Адольф (а ў вёсцы яго называлі проста – Адольцам) і цётку Марыю падзяліўся Аляксандр РАТКЕВІЧ.
Хачу падзяліцца ўспамінамі пра вайну сваіх родных – татавай старэйшай сястры цёткі Манькі і яго малодшага брата дзядзькі Адольца. Дзядзька нарадзіўся ў вёсцы Чарвякі (сёння Сакалоўка) у 1924 годзе. Калі 25 чэрвеня 1941 года ў вёску дайшлі чуткі, што пачалася вайна і гітлераўскія войскі ўжо вольна і беспакарана гаспадараць па Ільі, дзядзьку было 17 гадоў. Гэта трывожная вестка хлопца моцна ўсхвалявала. Ён, камсамолец, не знаходзіў сабе месца. Душа клікала на змаганне з ворагам, а як? Адказу не меў і спытаць не было ў каго. Ведаў, што яму пагражала смерць, калі хтосьці з вяскоўцаў выдасць ворагам, што ён камсамолец. Але людзі маўчалі. Быў у дзядзькі надзейны сябра-аднагодак з суседняй вёскі Навасёлкі Лёшка Шахрай, таксама камсамолец. Хлопцы часта сустракаліся, гутарылі, жылі жаданнем змагацца з ворагам.

У пачатку 1942-га года пачалі з’яўляцца чуткі, што дзесьці дзейнічаюць партызанскія атрады. Але тыя чуткі заставаліся толькі чуткамі. Юнакі ламалі галовы, дзе б раздабыць якую-небудзь зброю і з ёй пайсці шукаць партызанскі атрад. Дарэчы, да таго часу пра партызанаў было ўжо вядома не па чутках, а канкрэтна можна было з імі звязацца. Як патрапіць у атрад імя Катоўскага, падказаў адзін габрэй, які прыблукаў з маленькай дзяўчынкай у Чарвякі.
Ён расказаў: калі ён разам з іншымі габрэямі прыйшлі ў той атрад, які толькі пачаў фармавацца, то камандаванне прыняло ў свой склад толькі тых, хто меў зброю. А астатніх адправілі раздабываць яе ў немцаў. «Шкада, што я габрэй, – сказаў тады той чалавек, – а то пайшоў бы і ўладкаваўся б у ільянскую паліцыю, а як толькі атрымаў бы зброю, уцёк бы ў партызаны!».
Дзядзьку Адольцу ідэя спадабалася. «А я рызыкну, я ж не габрэй, а вось праскочыць!», – падумаў ён і падаўся ў Ілью. Камендант паліцыі Снежка з вялікай радасцю сустрэў юнака, распытаў, адкуль ён і хто такі. Дзядзькаў хлуслівы адказ быў вельмі праўдападобны, і яго адразу залічылі ў рады паліцыі. Праз дзень з карабінам разгульваў ён па Ільі, вышукваючы моманту, каб даць дзёру. Прайшло некалькі дзён, з’явілася магчымасць дацца ў бягі, але ў апошні момант яго стрымала думка: а што калі не з адным толькі карабінам да партызанаў прыйсці? Вунь колькі кулямётаў стаіць…
Некалькі дзён ён цікаваў за кулямётнай кропкай каля моста на левым беразе рэчкі Ільі. Месца удалае, лес – рукой падаць, але кожны раз то адно, то іншае перашкаджала здзейсніць задуманае. Аднаго разу, на дзясяты дзень службы, начальнік паліцыі Снежка адправіў Адольца і яшчэ чатырох паліцаяў прывезці для паліцэйскай сталовай кабана з Пянькоўкі.

Выехалі з самага ранку, каб паспець да вечара вярнуцца. Сярод той кампаніі дзядзька быў самым маладым і па ўзросце, і па службе. Астатнія былі ўжо сталымі мужыкамі і па гутарцы вызначаліся бітымі службістамі са стажам. Прыехаўшы ў Пянькоўку, якая месцілася ў балотнай глухамані за тры-чатыры вярсты ад мястэчка Ілья, старэйшы групы адразу знайшоў патрэбны падворак, дзе планавалася экспрапрыяцыя кабана для фашысцкіх прыхвастняў. Старэйшыя пакінулі зброю на возе, дзядзьку як самаму маладому загадалі яе ахоўваць, а самі па-гаспадарску пайшлі ў хлеў. Пакуль паліцэйскія свяжавалі кабана, гаспадар падворка па іх загадзе шукаў у суседзяў самагонку для нязваных гасцей. А калі ўжо стаяла бутля на стале і на патэльні сквірчэла пячонка з паляндвіцай, «ахоўнікі» новага парадку, каб не парушаць агульнапрынятых традыцый, зробленую справу прыняліся «абмываць». А маладога свайго «саслужыўца» зноўку адправілі на пост.
Прастаяўшы каля воза з паўгадзіны, юнак заўважыў, што гоман у хаце прыціх, ды ўжо і вечарэла. І ён вырашыў нагадаць старэйшаму «начальству», што час ехаць. Калі зайшоў у хату, то ўбачыў, што ўсе служакі спяць, паўтыкаўшыся насамі ў стол. Пачастунак зрабіў сваю справу…
Праз некалькі гадзін малады жарэбчык давёз хлопца, узброенага пяццю карабінамі, у Навасёлкі да яго старэйшай сястры Манькі. Ды яшчэ са свежыной у возе. Не выкідаць жа яе было. Хай ўжо даруе той чалавек, што гэтак сталася. У тую ж ноч дзядзька Адолец разам са сваім сябрам Лёшкам і тым заблукалым габрэем, ужо цалкам узброеныя трафейнымі карабінамі, на тым жа паліцэйскім жарабку з’ехалі ў партызанскі атрад імя Катоўскага партызанскай брыгады «Народныя мсціўцы» імя Варанянскага. Вось такім чынам мой дзядзька здабыў зброю для барацьбы з акупантамі не толькі для сябе і для свайго сябра, а і для габрэя з Радашковічаў, прозвішча якога ўжо сцёрлася з памяці.

У атрадзе пра той пянькоўскі выпадак яшчэ доўгі час хадзілі анекдоты, як юнак Адолец аб’ягорыў чатырох здаровых мужыкоў-паліцаяў, пазбавіўшы іх зброі і транспарту. Хадзілі чуткі, што тыя паліцаі, праспаўшыся, назад у паліцэйскі ўчастак на службу не вярнуліся і зніклі без следу.
Не памятаецца ўжо і імя дачкі таго габрэя, якую ён пакінуў цётцы Маньцы, сыходзячы ў партызаны. А знайсці сярод шматлікіх прозвішчаў габрэяў-партызанаў з атрада імя Катоўскага менавіта таго, у мяне не атрымалася. Памятаю толькі, як цётка Манька казала, што той габрэй пасля вызвалення вярнуўся ў Навасёлкі па сваю дачку, якую цётка амаль два гады хавала ад немцаў і чужых нядобрых вачэй у сваёй хаце пад печкай. Безумоўна, для цёткі і яе сям’і была смяротная рызыка хаваць габрэйскае дзіцятка. Але яе добрае сэрца інакш паступіць не магло.
Пасля вайны тая дзяўчынка з бацькам доўгі час наведваліся з удзячнымі візітамі да цёткі Манькі ў Навасёлкі. А цётка заўжды была жаданым госцем у іх доме ў Красным, дзе яны спыніліся пасля вайны. Толькі сувязь паміж імі, на вялікі жаль, страцілася пасля таго, як габрэі пераехалі жыць за мяжу.

Дзядзька Адолец (Адольф Вікенцевіч Радкевіч) і яго сябра Лёшка (Аляксей Ігнатавіч Шахрай) пасля вызвалення Беларусі ад захопнікаў і ўдзелу у партызанскім парадзе ў Мінску былі накіраваны ў рэгулярную Чырвоную Армію. Прайшлі франтавымі дарогамі, вызваляючы еўрапейскія краіны ад гітлераўскай Германіі. А пасля вайны доўгі час вынішчалі фашысцкія групоўкі і іх прыслужнікаў на тэрыторыі СССР. Абодва былі адзначаны шматлікімі баявымі ўзнагародамі, медалямі і ардэнамі.
Мы жывём і ганарымся сваімі роднымі, якія цаной свайго здароўя і жыцця адстаялі нам спакой і мірнае блакітнае неба над нашымі галовамі ў барацьбе з ворагамі.
Падрыхтавала да друку Ірына БУДЗЬКО









БЕЛАРУСАМ-БЛАКАДНІКАМ. Беларусы так сама ў блакадзе былі,
Усе тры гадочкі са смерцю жылі!
Амаль паўмільёна са зброяй у руках,
Змагаліся з ворагам,жыўшы ў лясах.
А ўсе астатнія ім падсаблялі,
Усім чым маглі, дапамагалі.
Шылі боты, адзявалі
Ад лютай сцюжы сагравалі.
Харч абаронцам лепшы давалі,
А самі шчаўе ды шайморы ўжывалі.
Партызаны давер людцкі апраўдалі,
І днём і ноччу ворага знішчалі.
Карнікі звярэлі і лютавалі,
Вёскі з людзьмі ў шчэнт знішчалі.
Кожны трэцці БЕЛАРУС загінуў на вайне!
Такое жудасна сасніць нават у сне!
Тыя блакадныя ваенныя гады,
Беларусы будуць памятаць заўжды!