Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Ерхаўска-балашоўскі варыянт, або Новыя ўсходы «Алай зары»

Па калені ў стылай вадзе патанаюць на ўзлесках бярозы. Слюдзянымі вобліскамі адліваюць на палетках лагчыны. Апошняя – галоўная прычына, што стрымлівае тэмп веснавых палявых работ у адкрытым акцыянерным таварыстве «Алая зара». Але ворыва ўжо дыхае свежасцю першых узнятых пластоў. Усюдыходны агрэгат «Раса» дае першую падкормку выпырхнуўшай з-пад талага снегу азіміны. Прачнуліся ўсходы, пацягнуліся да сонца. У іх, па сведчанні агранома Паўла Поснікава, пачаўся перыяд веснавой вегетацыі. Павел – спецыяліст малады: і па ўзросту, і па вопыту практычнай работы. Ідзе першая для яго ў гэтай гаспадарцы вясна. Праўда, была восень, калі на ім ляжала адказнасць за ход і якасць сяўбы азімых. Адбыўся свайго роду экзамен. І яго малады спецыяліст вытрымаў, аб чым сведчаць кусцістыя ўсходы, што ўсё больш насычаюцца хларавілам, радуючы вока зеленню і гушчынёй. На палетку ля Івашынавіч ідзе падкормка азіміны вадкім азотам. Плошча, занятая жытам і трыцікале – тут немалая: 120 гектараў. Вось і давялося скарыстаць добразычлівасць суседа – сельскагаспадарчага прадпрыемства «Вілейскі камбікормавы завод». Не адмовілі, пазычылі ў тэрміновае карыстанне вёрткую «Расу». Шырокія колы на гумовым ходзе спрытна фарсіруюць бачна вільготныя лагчыны. А Андрэй Мецік, механізатар суседняй гаспадаркі, раз-пораз падрульвае на запраўку да экіпіраванага ёмкасцю «Джон-Дзіра». Звыклы і ўцешны малюнак хлебаробскага клопату аб зямлі. Яго сёння можна бачыць, з рознымі, праўда, сюжэтамі практычна ў кожнай гаспадарцы раёна.

Настрой на перспектыву Дыялог з Мікалаем Вайцяхоўскім, кіраўніком акцыянернага таварыства
– Хутка будзе два гады, як юрыдычна склаўся ваш саюз з былым СВК «Балашы». Наладжана супрацоўніцтва, створана перспектыва ўзаемаразвіцця?
– І хацеў бы адказаць адназначна – ды не атрымаецца. Вы ж памятаеце, што не паспеў я як след асвоіцца ў «Алай зары» – узнікла пытанне аб далучэнні да яе суседняй гаспадаркі. Таму гаворка ішла адразу ўжо не столькі аб стратэгіі развіцця, колькі аб пытаннях аператыўнага кіравання створанага альянсу. Перспектыва распрацоўваецца адначасова, з удзелам нашай фінансава-эканамічнай, ідэалагічнай службаў, спецыялістаў.
Адносна стратэгіі. Сёння акцыянернае таварыства мае, пэўна, найбольшую ў раёне шчыльнасць жывёлы на 100 гектараў сельгасугоддзяў: буйной рагатай – 44 галавы, свіней – аж 107 асобін. Значыць, адпаведнай павінна быць структура пасяўных плошчаў. У ёй нам трэба мець пераважна збожжавыя культуры. Пасеялі летась 960 гектараў азімавых збожжавых. Усе яны добра перазімавалі – на палях бачна. Цяпер вядзем падкормку. Ну, і ўвесь комплекс палявых работ.
– Не пры Вас гэта сітуацыя складвалася, але «Алая зара» адчувала пастаянна кадравы дэфіцыт. У першую чаргу, спецыялістаў. Ды і механізатараў, улічваючы наяўны машынна-трактарны парк…
– Летась ён яшчэ папоўніўся двума энерганасычанымі «Беларусамі-3022». Спакваля вырашаем кадравае пытанне. У апошні час механізатарскі корпус вырас. Дзве сям’і, якія да нас пераехалі, абедзве атрымаюць ў Ерхах жыллё. Цяпер у аграгарадку – ніводнага пустуючага катэджа. Трэба будаваць. У Балашах, былым цэнтры далучанага СВК, няма той інфраструктуры, якая прыцягвала б людзей.
Што датычыць сітуацыі са спецыялістамі, то яна таксама, як кажуць, аптымізуецца. Вось ужо паўгода ў нас працуе малады аграном. Прыбыў па размеркаванні пасля заканчэння Гродзенскага сельгасуніверсітэта. Запоўнена вакансія начальніка ўчастка.
– Калі ў наяўнасці хоць бы дзве сходныя з’явы аднаго лагічнага парадку – гэта ўжо тэндэнцыя. Будзем спадзявацца, што яна прыжывецца ў «Алай зары». Хацелася б пачуць яшчэ некалькі слоў наконт стабілізацыі фінансавай сітуацыі ў акцыянерным таварыстве. Калі такая маецца на самой справе…
– У даўгах ужо не сядзім. Разлічыліся з Валожынскім ільнозаводам, Маладзечанскім камбінатам хлебапрадуктаў, мясцовым камбікормавым заводам. Не хачу глыбока каменціраваць, але мае калегі ведаюць, што такое аддаваць доўгі: абавязкова нясем страты. На 700 мільёнаў рублёў прадаём што-месяц малака – гэта пакуль самая надзейная крыніца фарміравання заработнай платы.
– І пытанне асабістага плану. Згодна класіфікацыі псіхіятраў, існуюць розныя тыпы характараў. На першы погляд, Вы ствараеце ўражанне флегматыка…
– Гэта толькі на першы погляд. Як і кожны чалавек, магу быць розным, у залежнасці ад абставін. Вось толькі пачуццём аптымізму не абдзелены. Веру ў добрыя перамены. З гэтым і жыву, на гэта настройваю калектыў.
– І – па традыцыі, заключнае слова суразмоўцу.
– Ад імя калектыву, прафсаюзнага камітэта, сябе асабіста хачу павіншаваць з 55-гадовым юбілеем нашага механізатара Мікалая Казімірскага. Яго вопыт, веды, працавітасць не аднойчы выручалі гаспадарку ў самыя напружаныя моманты яе жыцця. Здароўя табе, цёзка, сямейнага дабрабыту і людской павагі. Усё гэта ты заслужыў.

Юбіляр

У працоўнай кніжцы механізатара Мікалая Казімірскага толькі адзін запіс, – сведчыць кадравік «Алай зары» Валянціна Рэнёва. А з ёю спрачацца не будзеш. Прыём на працу датуецца 1974-ым годам. Затым – служба ў арміі. А пасля зноў Ерхі, малая радзіма. Тут яго карані, трывалыя, глыбокія. Яны пачыналі прарастаць на хутары Мар’ян Поле, дзе ў глыбокай даўнасці пасяліліся продкі. Мудрыя і таленавітыя хлебаробы, яны апрацоўвалі ладны кавалак зямлі, што выраблялі, тое спажывалі. Хапала, мусіць, і для таварна-грашовага абмену. Фальварак быў ладны, двухпавярховы, на пятнаццаць пакояў. Калі ўсё паглынула калектывізацыя, бацькі Мікалая перасяліліся ў Ерхі. Тут і ён сам звіў сямейнае гняздо. Павянчаўся з дзяўчынай, працавітай, гожай. Алена цяпер загадвае мясцовай свінафермай. Дваіх сыноў нарадзілі. Абодвум месца знайшлося пад дахамі роднай вёскі. Аляксандр – ветурач, Дзмітрый – механізатар.
Унукі пайшлі. Па гадавых святах вялікая сям’я Казімірскіх збіраецца ў хаце Яніны Сільвановіч, цешчы Мікалая. Гонкія парасткі патомасных хлебаробаў цешаць сваёй прысутнасцю сцены, сталы гнуцца ад пачастункаў. У сям’і няма гультаёў, а значыць, ёсць той дабрабыт, які мацуе і яе духоўную еднасць.
Дзвюмя пяцёркамі ўжо адзначыла жыццё шлях Мікалая на ерхаўскай зямлі. Адпаведную адзнаку даюць людзі, з якімі звязаў яго лёс. І ў гэтай узаемаўдзячнасці, напэўна, і захоўваецца глыбінны сэнс нашага быцця. Бумерангам вяртаецца чалавеку пасеяная ім дабрыня. Так, як вяртаецца полю зерне, каб нанава стаць коласам.

Аграном

Павел Поснікаў разумее, што ад сённяшняй якасці ўнясення азоту залежыць заўтрашні ўраджай збожжавай нівы. Самае цікавае, напэўна, тое, што наш герой – ураджэнец не тутэйшых мясцін. А вельмі адсюль далёкіх. Павел нарадзіўся ў Казахстане, пасля разам з бацькамі пераехаў на іх гістарычную радзіму ў Навагрудскі раён. Вучыўся ў мясцовым каледжы, пасля закончыў Гродзенскі ўніверсітэт.
– Вырас, – кажа, – у вёсцы, «сярод тэхнікі і мазуту» – трэба так разумець, што трактар для хлопца быў тым ідэалам, да якога імкнуцца вясковыя юнакі, лічачы тэхніку найлепшым сродкам уласнага самавыражэння.
Нягневічы, дзе Павел рос і фарміраваў свае звычкі і характар, – не проста вёска, а аграгарадок. Падобная на Ерхі традыцыйным укладам сялянскага побыту. І адрозная ад іх ландшафтам акаляючых мясцін.
– У нас там узвышшы, груды, недарэмна ж – Навагрудак. А тут палеткі роўныя, лясы. Зусім іншыя асацыяцыі выклікаюць.
– Будзем лічыць, што акліматызацыя адбылася. Якімі клопатамі ты жывеш на фоне ерхаўскіх даляглядаў, што, як бачна, табе таксама даспадобы прыйшліся?
– Цяпер адзін клопат: пасяўная. Набылі насенне эліты збожжавых яравых першай рэпрадукцыі і нават супер эліту. Сам асабіста ездзіў у «Сноў», «Лучнікі», «Ляхавіцкае-агра». Частка справы зроблена. Цяпер на мне клопат аб захаванні ўсіх патрабаванняў агратэхнікі: спачатку – нормах высеву, задзелкі зярнят… Усходы дадуць адзнаку нашай сумеснай працы… – Ні то сцвярджальна, ні то запытальна зірнуў Павел на суседа Андрэя, які ўжо збіраўся прычыніць дверцу «Расы». А і сапраўды – вясновы дзень год корміць: вечна жывая народная мудрасць.

Узаемаразуменне

Напэўна, толькі здаецца, што ў эканамічнай службы і інжынернай не так многа кропак перасячэння. Гэта абвяргаюць галоўны эканаміст таварыства Марыя Юшчук і галоўны інжынер Мар’ян Вансовіч (на здымку). Іх сённяшні дыялог – наконт выдаткаў на пасяўную, эканоміі сродкаў, прадукцыйнасці кожнага механізатарскага агрэгата.
Дзеляцца тым, што радуе. Пры рамонце агрэгаратаў, напрыклад, створаны пэўны рэзерв запасных частак. Не будзе прастояў у час пасяўной, якую няўстоўлівае надАвор’е першай паловы красавіка бачна ўшчыльніла па часу. Абодва – з вопытам, абодва дасвечаныя ў адвечным клопаце сельгасвытворцаў. А ёсць узаемаразуменне – жыве ўпэўненасць у добрым плёне агульнай справы.

Марыя КУЗАЎКІНА. Фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 170 queries