Гэта – пра вёску Любча і іншыя вогненныя вёскі Беларусі, якія напаткаў жудасны лёс Хатыні. 22 сакавіка на мемарыяльным комплексе Любча адбыўся мітынг, прысвечаны 82-й гадавіне хатынскай трагедыі. Кіраўніцтва раёна, прадстаўнікі прадпрыемстваў і арганізацый Вілейшчыны, моладзь і духавенства схілілі нізка галовы перад помнікам і ўсклалі да яго кветкі. Пра народную памяць, пра выклікі сучаснасці і нашу гісторыю гаварылі старшыня Вілейскага райвыканкама Анатоль Завацкі і пракурор Вілейскага раёна Андрэй Жукоўскі. Штогод у памятных мерапрыемствах удзельнічаюць вучні Залескай сярэдняй школы, якія падтрымліваюць парадак на мемарыялы і да драбніц памятаюць яго трагічную гісторыю.


Сёлета ў памятную дату месца спаленай вёскі сустрэла ўдзельнікаў мітынга новым абліччам: імправізаваная вясковая вуліца, паабапал якой на месцы спаленых хат – мемарыяльныя пліты з прозвішчамі сямей, якія жілі тут. Падрыхтаваная супрацоўнікамі краязнаўчага музея экскурсія дала магчымасць больш даведацца пра лёсы землякоў.

“Як гэта напэўна, балюча – гарэць жывым у агні…” – узрушана прамовіла пасля экскурсіі дзесяцігадовая Сафія, якія прыехала ў Любчу разам з татам. Адзінаццацікласнік Залескай сярэдняй школы Арцём Слабодчык збіраецца паступаць на гістфак, яго пазіцыя цвёрдая – бязлітасная вайна ніколі не спрыяе развіццю грамадства, а нясе толькі боль і горыч, даючы адлік мноству чалавечых ахвяр. “У гэтым месцы немагчыма стрымаць слёз, таму што вайна пакінула след і ў нашай сям’і,” – расказала настаўніца Раіса Дзяруга.

Добраўпарадкаванне гэтага памятнага для віляйчан месца працягнецца, каб кожны мог аддаць даніну памяці бязвінным ахвярам фашызму. І каб пакаленні, якія нарадзіліся пад мірным небам, ведалі яго дарагі кошт і захоўвалі народную памяць.
Пракурор Вiлейскага раёна Андрэй Жукоўскi адзначыў нашаму выданню:
– Падчас справы аб генацыдзе беларускага народа вызначылася, што на Вiлейшчыне фашысцкiмi карнiкамi было спалена не 76 вёсак, як лiчылася раней, а 94, пяць з iх не аднавiлicя. Наша агульная задача – захаваць памяць, каб не дапусцiць паўтарэння падзей мiнулага.
Таццяна ШАРШНЁВА/Фота аўтара













